Наш чалавек у Камеруне. Дзённік валанцёра
Ужо дваццаць гадоў у камерунскай сталіцы Яўндэ працуе Foyer St. Dominique — місійная пляцоўка, якую заснаваў польскі дамініканец Дарыюш Гадавы. Асноўным заняццем святара з’яўляецца адукацыя бедных дзяцей. На тэрыторыі місіі стала жыве 30 дзяцей узростам ад трох гадоў. Дзякуючы дапамозе з Польшчы яшчэ двустам вучням аплочваецца школа.
Дапамагаюць айцу Дарыюшу валанцёры. Гэтым разам сярод іх будуць і беларусы — Арцём Ткачук і ягоная сяброўка Марта Бекіш. Арцём адмыслова для чытачоў Naviny.by будзе весці камерунскі дзённік.
![]() |
Арцём Ткачук. Каталік. 24 гады Ураджэнец Ліды. Вучыўся на гістарычным факультэце ГрДУ, вывучаў паліталогію ў Познані (Польшча). Хоча зрабіць свет хоць трошкі лепшым. |
Камерун — краіна на захадзе Цэнтральнай Афрыкі. Насельніцтва складае больш за 22,5 млн. чалавек, ВУП на чалавека ў 7 разоў меншы за беларускі. Больш за 60% насельніцтва — моладзь да 24 гадоў. Краіна лічыцца дастаткова стабільнай і моцнай у параўнанні з іншымі дзяржавамі рэгіёну. Паводле індэксу чалавечага развіцця ААН, яна знаходзіцца на 150-м месцы сярод 187 краін свету. | ![]() |
Прыезд
Перад выездам шмат хто пытаўся, ці патрэбна адзенне, якіясьці рэчы. Яно то патрэбна, але існуе праблема дастаўкі гэтага на месца. Калі слаць поштай — усё будзе раскрадзена. Таму кожны, хто ляціць сюды, сваімі рэчамі напаўняе толькі падручны багаж (10 кг). Дазволеныя два вялікія багажы па 23 кг заўсёды напаўняюцца рэчамі для дзяцей. Нам з Мартай, па прычыне таго, што мы ляцім на год, дазволілі мець 23 кг на дваіх. Замест падручнага — дзве гітары.
Дзве гітары, якія купілі для дзяцей дзве добрыя асобы.
Check-in гуманітаркі-багажа.
Ляцім з Берліна, з перасадкай у Стамбуле. Агулам лёт займае больш за 9 гадзінаў. Пасля прызямлення ўсе адразу трапляюць ў аб’ектыў апарата, які правярае нас на Эболу. Усё ок. Запаўняем міграцыйную карту, памежнік кажа вэлкам ту Камэрун.
Марта праходзіць пашпартны кантроль у Стамбуле. Дзякуем беларускаму МЗС,
што нам не прыйшлося плаціць за візу, каб выйсці ў горад.
Прыемная камерунская цёценька з анты-эбола апаратам.
У Камеруне цяпер сезон дажджоў. Горад сустракае маланкай. Едзем на джыпе місіі дадому, айцец Дарыюш кажа, што гэта яшчэ слаба. Хоць за 30 метраў, якія мы прабеглі ад дзвярэй аэрапорту да машыны, прамакаем да ніткі. Насуперак стэрэатыпам, сезон даджоў — час, калі дождж не ідзе цэлымі днямі, а калі на працягу двух месяцаў штодзённа падае адна-дзвюхгадзінны град.
Бібікаем перад зялёнай трохметровай брамай. Дзверы адчыняюцца — мы на месцы. Дзеці ўжо спяць. Айцец поіць нас гарбатай і частуе мясцовым півам. Гэта тут традыцыя. Але пра яе — пазней…