Кракадзілавыя слёзы чынавенства па беларускай мове

Источник материала:  
30.08.2014 12:23 — Новости Общества


Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік звярнуў увагу на неабходнасць папулярызацыі і больш шырокага выкарыстання ва ўстановах адукацыі беларускай мовы. Але ж гэткая сітуацыя стварылася не сама па сабе, а ў выніку якраз моўнай палітыкі дзеючай улады. Між тым у Беларусі працягвае скарачацца колькасць дзяцей, якія навучаюцца на беларускай мове, і няма ніводнага ўніверсітэта, дзе выкладанне на ёй вялося б цалкам...


Кракадзілавыя слёзы чынавенства па беларускай мове


Тозік выступіў за неабходнасць папулярызацыі і больш шырокага выкарыстання ва ўстановах адукацыі беларускай мовы. «Валоданне роднай мовай –– паказчык нашай культуры, самаідэнтыфікацыі як нацыі. На мой погляд, усе выкладчыкі без выключэння павінны валодаць беларускай мовай, і, калі ў класе ёсць хоць бы адзін вучань, які гаворыць на беларускай, то і педагог павінен адказваць яму на роднай мове», –– сказаў віцэ-прэм’ер.

Заўважым, што пытанне беларускай мовы ў сістэме адукацыі не з’яўляецца такім простым і не знаходзіцца ў плоскасці заахвочвання настаўнікаў выкладаць на ёй. Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі на пачатак 2013/2014 навучальнага года на рускай і беларускай мовах навучалася ўсяго толькі 14% школьнікаў, на беларускай жа — увогуле каля 1%. Ва ўстановах вышэйшай адукацыі гэтыя паказчыкі склалі адпаведна 37% і 0,9%.

Паводле Таварыства беларускай школы, у Віцебскай вобласці няма ніводнай гарадской школы з выкладаннем прадметаў па-беларуску. У Мінску летась у 148 класах з беларускай мовай навучання займалася толькі 1,6% школьнікаў.

«За апошнія пяць гадоў гэтыя паказчыкі зменшыліся ў паўтары разы. Ёсць факты, якія проста выклікаюць абурэнне, –– адзначыў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык 22 жніўня на Аўгустоўскім форуме педагагічных работнікаў. –– У некаторых раёнах на працягу трох апошніх гадоў з 16 старэйшых груп дашкольных устаноў засталася адна, а беларускамоўных класаў у школах і гімназіях і зусім няма». Хаця, як адзначыў кіраўнік камітэта, у горадзе жыве дастаткова вялікая колькасць бацькоў, якія жадаюць аддаць дзяцей у беларускамоўныя групы дзіцячых садкоў і беларускамоўныя класы, «і з імі трэба працаваць».

На думку Мірончыка, вялікае значэнне ў развіцці беларускамоўнай адукацыі мае пераемнасць: «Аддаючы дзіця ў беларускамоўны садок, бацькі павінны быць упэўненыя, што дзіця зможа працягнуць навучанне ў беларускамоўных школе, каледжы, сістэме вышэйшай адукацыі».

Ён таксама выказаў занепакоенасць узроўнем ведаў па беларускай мове сярод школьнікаў, паколькі сёлета на высокім узроўні экзамен па замежных мовах здалі 76% выпускнікоў 11-х класаў, па рускай мове –– 63,9%, а па беларускай мове –– 45,8%. «І гэта ў краіне, дзе, па выніках апошняга перапісу, большая частка насельніцтва ўсведамляе сябе беларусамі!».

У Мінску працуюць пяць гімназій з беларускай мовай навучання: № 4, № 9, № 14, № 23 і № 28. Мірончык выказаўся за тое, каб развіваць «беларускамоўны сегмент ў адукацыйнай прасторы горада». «Для рэалізацыі гэтай задачы ў бліжэйшы час трэба распрацаваць комплексны план мерапрыемстваў», –– зазначыў кіраўнік адукацыйнага камітэта.

Складваецца ўражанне, што чыноўнікі нарэшце прызналі: беларускамоўнае насельніцтва ў роднай краіне мае права вучыць дзяцей на роднай мове.

Старшыня Таварыства беларускай школы (ТБШ) Тамара Мацкевіч падкрэслівае ў каментары для Naviny.by, што словы чыноўнікаў разыходзяцца са справай: «Мова душыцца, прычым без словаў, моўчкі. Просты прыклад: бацькі хочуць, каб дзеці вывучалі гісторыю краіны па-беларуску, але ім не дазваляюць. Мала падручнікаў на беларускай мове, а працоўных сшыткаў няма наогул. Настаўнікам сапраўды прасцей у такіх умовах выкладаць на рускай мове. Да таго ж нават у сталіцы няма курсаў падрыхтоўкі да паступлення ў вну на беларускай мове».

У дакладзе аб дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі «За паўгадзіны да вясны» адзначаецца, што беларуская і руская мовы не выкарыстоўваюцца ў роўнай ступені ў грамадстве, і гэта звужае магчымасці тых беларусаў, якія аддаюць перавагу зносінам у публічнай сферы на беларускай мове, а сам такі моўны выбар увязваецца з апазіцыйнай палітычнай дзейнасцю. Соцыялінгвістычная сітуацыя ў краіне разам з асаблівасцямі дзяржаўнай моўнай палітыкі ставяць беларускамоўных жыхароў у няроўнае становішча з рускамоўнымі ў розных галінах грамадскага жыцця, а ў адукацыі –– асабліва.

Старшыня Таварыства беларускай школы настойвае, што закандаўства не дае ні бацькам, ні Мінадукацыі права прасоўваць інтарэсы беларускамоўнага насельніцтва ў сістэме адукацыі: «Беларусы –– партызаны, і зацікаўленыя бацькі знаходзяць спосабы вучыць у дзяцей на роднай мове, ім только не трэба перашкаджаць. Мова ў занядбанні на дзяржаўным узроўні, але не ў грамадстве. Галоўнае, –– каб нам далі магчымасць размаўляць на мове, каб не было страшна заставацца беларусамі. Пакуль жа да дзяцей, моладзі, якая размаўляе па-беларуску, стаўленне як да дэструктыўных элементаў».

Мацкевіч звяртае ўвагу на тое, што тэма першага ўрока ў новым навучальным годзе –– «Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны». «Зноў пра савецкі нарол, зноў выцясненне беларускага, замена савецкім. І гэта будзе ў кожным классе! У Швецыі дзецям не расказваюць пра вайну, гэта краіна не хоча ваяваць, а мы да чаго рыхтуем сваіх дзяцей – да вайны?», –– пытае суразмоўца Naviny.by.

У Беларусі няма моўнай стратэгіі, якая б абараняла беларускую мову, адзначае Тамара Мацкевіч. Большасць школ з беларускай мовай выкладання знаходзяцца на вёсцы, але там значную колькасць прадметаў вучні вымушаныя вывучаць на рускай мове, бо няма неабходнай колькасці падручнікаў і дыдактычнага матерыялу. І галоўнае –– працягваць адукацыю на беларускай мове у вну немагчыма, бо ў краіне няма ніводнай (!) вышэйшай установы адукацыі, дзе б выкладане адбывалася па-беларуску. Не дзіва, што многія бацькі не бачаць сэнсу аддаваць дзяцей у беларускія класы.

Але ўсё ж кіраўнік ТБШ не лічыць, што сітуацыя безнадзейная. Яна прыводзіць прыклад Украіны, дзе да пераходу адукацыі на ўкраінскую мову па-руску вучылася 80% школьнікаў. Улады пачалі з ўніверсітэтаў –– заклалі там навучанне на ўкраінскай. Бацькі адрэгавалі хутка –– пачалі массава прасіць, каб дзяцей у школе вучылі на роднай мове. І дзяржава выканала іх просьбу.

Тамара Мацкевіч падкрэсліла, што менавіта так трэба прасоўваць інтарэсы і беларускай мовы ў сістэме адукацыі, менавіта так трэба яе папулярызаваць: «І што б там ні казалі чыноўнікі, менавіта цяперашняя ўлада загнала мову ў рэзервацыю. Яна проста не зацікаўленая ў тым, каб беларуская мова стала мовай кампутара, навукі, адукацыі».



Алена СПАСЮК
←Прогноз погоды на 31 августа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика