«Каб усё падчысціць, робім па два-тры заходы»

Источник материала:  

У ААТ «Ушацкі райаграсэрвіс» уборку жыта вёў маладзёжны экіпаж Аляксея Рудзёнка і Васіля Гараслаўкі:

— Палегліцы больш за палавіну, — паведаў Аляксей. — Доўгія сцябліны да таго ж паскручвала. Даводзіцца нізка апускаць жняярку, рабіць па два-тры заезды, каб усё падчысціць. Галоўнае, збажына не прарасла, страт ураджаю няма. Бяром звыш 30 цэнтнераў збожжа з гектара.

Канечне, такую напругу аднаму б Аляксею не вытрымаць. Выручае тое, што працуюць яны на змену з памочнікам. Хлопцы з адной вёскі Матырына, сябруюць з дзяцінства. І хоць Васіль Гараслаўка — рабочы гародніна-сушыльнага завода, кожны год ён у сябрука ў памочніках ходзіць.

Участкі з палеглай збажыной у аграсэрвісе праз пару дзён будуць абмалочаны, і жніво пойдзе весялей. Пакуль што ўбрана 210 гектараў, або дзясятая частка збожжавага кліна.

За мінулыя выхадныя камбайнеры СВФ «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» Генадзь Анкудовіч, Аляксандр Макарскі, Мікалай Бортнік, Віктар Роек убралі 20 гектараў палеглай пшаніцы, намалаціўшы з кожнага па 35 цэнтнераў. У гаспадарцы за жніво на праблемных палях дырэктарам Яраславам Сінкаўцом вызначаны каэфіцыент надбаўкі да зарплаты.

Ажно 125 тысяч тон зерня наважыліся атрымаць сёлета хлебаробы Аршаншчыны. Больш за трэць пасеваў зерневых палягло з-за непагадзі. І сёння тут усе сілы кінулі на тое, каб пазбегнуць страт.

— Убіраць хлеб у надзвычайных умовах нашым сяльчанам не прывыкаць, — заўважыў старшыня Аршанскага райсельгасхарчу Канстанцін Савін. — Прымяняем на палеглых участках сцеблапад’ёмнікі, выкарыстоўваем спаўна кожную гадзіну.

Прыкладам плённай работы з’яўляецца калектыў ДП СГЦ «Задняпроўскі», дзе найперш выратавалі 70-гектарнае поле пшаніцы першай рэпрадукцыі, якая папоўніць насенны фонд гаспадаркі. Ураджайнасць — 35—40 цэнтнераў на круг. У поўную сілу працуюць тут дзве магутных зернесушылкі.

Згодна з інфармацыяй намесніка старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы Віцебскага аблвыканкама Генадзя Сабыніча, камбайны абсталяваны сцеблапад’ёмнікамі. Дадатковая колькасць іх завезена на склады. У гаспадаркі вобласці паступіла 50 новых камбайнаў. Да 1 жніўня будуць уведзены 4 новых зернесушыльных комплексы ў Глыбоцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім і Талачынскім раёнах. Жніво на Віцебшчыне набірае разбег.

Вольга ЛЕБЕДЗЕВА, Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота Уладзіміра САУЛІЧА

←За проблемные участки взялись еще до массовой жатвы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика