Лілія Ананіч у Глыбокім аналізавала ролю СМІ
Вось такая ўвага да прэсы, падтрымка яе — адказ на пытанне, чаму раённая газета «Веснік Глыбоччыны» неаднаразова выходзіла пераможцай абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, выдаецца амаль сямітысячным тыражом у каляровым афармленні і толькі за першую палову года атрымала звыш трохсот мільёнаў рублёў чыстага прыбытку.
— Гэта добры прыклад не толькі для кожнага рэгіёна Віцебскай вобласці, але і для раёнаў рэспублікі ў цэлым, — сказала міністр інфармацыі Лілія Ананіч, якая выступіла на пасяджэнні райвыканкама.
Яна адзначыла ўзросшую ролю сродкаў масавай інфармацыі ў новых ідэалагічных і эканамічных умовах. Дзякуючы стварэнню холдынгаў «Советская Белоруссия» і «Звязда», кожная рэспубліканская газета набывае свой новы твар, знаходзіцца ў пошуку найбольш эфектыўных шляхоў развіцця.
Раённыя газеты таксама не павінны спыняцца. Таму ж «Весніку Глыбоччыны» міністр параіла павялічыць аб’ём, зрабіць дадаткі для моладзі і дзяцей. А ўвогуле — усёй мясцовай прэсе не замыкацца толькі ў коле рэгіянальных праблем, а паказваць дасягненні ў цэлым рэспублікі ў рэалізацыі маштабных праграм. Палепшыць свае інтэрнэт-парталы, актыўна праводзіць не толькі падпіску, але і распаўсюджванне выдання праз кіёскі «Белсаюздруку».
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»