Магічная мапа Гальшанаў ад Кацярыны Рудзік
Гальшаны — сапраўды містычнае мястэчка, утульнае і невялічкае. Тут добра спалучаюцца рысы старажытнасці і сучаснасці, гэта своеасаблівы музей пад адкрытым небам. Некаторыя кажуць, што бачылі тут прывідаў… |
“Чорны замак Альшанскі”
Візітная картка Гальшанаў — замак, пра які ў сваім рамане “Чорны замак Альшанскі” пісаў Уладзімір Караткевіч. Замак быў пабудаваны яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага Паўлам Сапегам. Цяпер ад яго засталіся руіны, але некалі ён быў адным з найпрыгажэйшых на Беларусі.
Раней замак уяўляў сабой багатую магнацкую рэзідэнцыю, пышны палац з параднымі заламі, шырокімі лесвіцамі, вялікімі вокнамі. Пад карпусамі захаваліся хады (цяпер у асноўным засыпаныя). Кажуць, што па гэтых хадах магла праехаць вялікая конніца ад замка да касцёла і кляштара.
Заўсёды цікава прыходзіць сюды і адчуваць подых мураваных сценаў, датыкацца пальцамі да цаглінак, уяўляючы сябе на месцы каралевы Польшчы Соф’і Гальшанскай. Цікава, але я прыходжу сюды адна, блукаю каля сценаў, якія бачыла ўжо тысячу разоў. Ёсць тут нешта таямнічае і прывабнае.
Гарадзішча
Гэта вялікая гара, якая знаходзіцца перад самымі Гальшанамі, калі ехаць з Мінска. З гэтым месцам звязана шмат легендаў: кажуць, што на гарадзішчы раней быў касцёл, але ў час богаслужэння праваліўся пад зямлю разам з прыхаджанамі. Некаторыя лічаць, што гэта праклён — маці багатай дзяўчыны пракляла яе за каханне да беднага хлопца.
Як бы там ні было, гарадзішча — гэта ўвасабленне спакою, добрага настрою, сяброўскіх сустрэч. Часта з сябрамі мы збіраліся там, каб паставіць намёт, развесці вогнішча, паспяваць пад гітару… Гэта мае найлепшыя ўспаміны з жыцця ў мястэчку.
Бар “Замак”
Ну, гэта амаль што адзінае і папулярнае месца ў Гальшанах, дзе можна “патусіць” не горш, чым у клубе Гародні. На выходных тут ажыятаж: шмат моладзі з самога мястэчка і тых, хто прыехаў у госці. Увечары з пятніцы да нядзелі Гальшаны выходзяць са спячкі! Тут амаль усе знаёмыя, таму адпачынак робіцца нейкім інтымна-сяброўскім.
Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі. |