Магічная мапа Берасця ад Ігара Волана
Сваю магічную мапу Берасця даслаў наш чытач Ігар Волан. |
Раён Бярозаўка і асобна СШ № 32
Гэты мікрасвет са сваёй філасофіяй знаходзіцца на паўднёвым усходзе горада і малавядомы нават самім берасцейцам. Суседства з Брэстам-Усходнім і адрэзанасць ад горада зрабіла ў вачах некаторых з яго нешта падобнае да гета.
Гэта сапраўды падобна да гета, тут з інфраструктуры — некалькі прадуктовых крамаў ды школа. Менавіта школа і стала месцам, якое аб’ядноўвала жыхароў Бярозаўкі. Звычайная школа, звычайныя вучні… Так і я думаў доўгі час. Аднак у канцы навучання ў школе мяне пачалі цікавіць пытанні рэлігіі, тады я і зразумеў магічнасць і цудоўнасць таго, што адбываецца вакол мяне.
Клас быў вялікі: 33 вучні. Сярод іх былі праваслаўныя, два каталікі, хлопчык-габрэй, а яшчэ пратэстанты розных плыняў: адвентысты сёмага дня, царква “Выратаванне”, проста баптысты. Агулам нас сабралася восем канфесій, і мы вельмі сябравалі, і ніколі не было канфліктаў на тэму рэлігіі. Менавіта тады я ўцяміў, што ёсць талерантнасць у дзеянні.
Пасляслоўе: на апошняй сустрэчы выпускнікоў я даведаўся, што праваслаўных стала менш, рэфармаваная сучасная царква “пераманіла” іх.
Мінск, чыгунка, брэсцкі кірунак
Так сталася, што праз некаторы час я пакінуў магічны раён і пераехаў у Мінск, там мне пашчасціла жыць у Грушаўцы. Працаваў я тады на Варанянскага і позна ўвечары часцяком вяртаўся дадому праз чыгунку ля моста на Чыгуначнай. У тым згустку сыходзіцца шмат калеек і выходзіць на паверхню першая лінія метро.
Можна глядзець на пустыя вагончыкі, як яны стомлена запаволена, хістаючыся з боку ў бок, паўзуць у дэпо, можна прайсціся бліжэй да вакзала і апынуцца паміж двума цягнікамі падчас руху. Тады сядзіш у сваіх чыстых ботах, светлым паліто пад дробным дажджом і думаеш: чаму проста нельга жыць, а абавязкова трэба ўблытвацца ў небяспечныя сітуацыі? І сам сабе, бы той шалёны, адказваеш: бо трэба жыць, а не існаваць. І ставіш сабе новую мэту: зачапіцца за лесвіцу таварнага вагона, які там на адстоі, і праехаць хаця б пару метраў, быццам ты герой старога фільма.
Брэсцкая крэпасць
Яе бачыла неверагодна шмат людзей. Аднак… усе бачылі тое, што падрыхтавана для турыстаў: галоўны ўваход, манумент “Мужнасць”, музеі і штых-абеліск. Ёсць там і частка, амаль невядомая людзям.
Дурная мая галава неяк запрасіла дзяўчыну на спатканне: прайшліся па парку, выйшлі да музея ліхтароў, а потым паклыпалі да крэпасці. Ішлі доўга, пакуль не выйшлі да мяжы, дзе малады хлопчык майго ўзросту са стрэльбай у руках не пачаў крычаць нам: “Сюды нельга!”. А мы набліжаемся ды кажам: “А ў газеце напісалі, што можна”. Зусім разгубіўшыся, ваяр сказаў, што групамі можна, а нам нельга.
Стала крыўдна, вярталіся праз закінутую вайсковую частку, якую ахоўваюць два сабакі — рыжы ды сівы, і зграя камароў. А магічнасць у тым, што быццам бы і можна, аднак нельга.
Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі. |