На Магілёўшчыне збіраюць чарніцы, у якіх цэзія ў два разы больш за норму

Источник материала:  
14.07.2014 11:25 — Новости Общества
Днямі магілёўская санэпідэмстанцыя выявіла ў чарніцах, сабраных у лесе ля вёскі Лежнеўка, перавышэнне дапушчальнай нормы цэзію больш чым у два разы. Вёска за два дзесяткі кіламетраў ад Магілёва.



Вялікае і прыгожае паселішча на берагах рачулкі Даска ў радыяцыйным палоне пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У навакольлях, як кажуць вяскоўцы, у далёкім 1986 годзе асадзілі радыяцыйную хмару. З таго часу радыяцыя для тутэйшых стала звыклай з'яваю. Першы час яе пабойваліся, але цяпер, пасля прамінулых амаль трох дзясяткаў гадоў, увага да яе прытупілася. Некаторыя з вяскоўцаў усё ж правяраюць лясныя дары на радыяцыю, аднак гэта працэдура далёка не норма.

"Мы правяраем пастаянна. У нас у ягадах дапушчальная норма. Мы ўжо прывыклі за гэтыя дваццаць ці трыццаць гадоў да радыяцыі. Хрэн яго ведае, на каго гэтая радыяцыя ўплывае, а на каго не", - выказваецца пенсійнага веку жыхарка Лежнеўкі.



Паводле жанчыны рост захворванняў прыпаў на першыя пасля яго гады: "Тады ж дужа шмат было анкалогіі. А цяпер жа людзі па старасці паміраюць. Маладыя паміраюць, але ж яны тут не жылі пастаянна, а ў Магілёве. Вось апошнім часам тут паўміралі людзі майго веку, але яны былі сардэчнікамі".

Пра тое ж цвердзіць і яшчэ адна жыхарка Лежнеўкі таго ж веку, што і папярэдняя суразмоўніца. Яна таксама, кажа, што правярае сабранае ў лесе:

"Хто яе баіцца, а хто не баіцца, - разважліва зазначае жанчына. - Я дык хаджу, бо мне ўжо 63 гады і калі раптам што, то мне не страшна. Унукаў я не пускаю. Яны не ходзяць. Меншы мой, сем гадоў яму, дык кажа: "Бабуля мне грыбоў шмат есьці нельга - там радыяцыя". Яны ж цяпер разьбіраюцца. У кампутарах сядзяць".

Суразмоўніца даводзіць, што лежнеўцы збіраюць ягады толькі для сябе: "На продаж, дык трэба дужа шмат назбіраць, - тлумачыць яна, - а ў нас шмат не назбіраеш. Тут ягад ня дужа шмат".



Аповед пра ягады, радыяцыю ды небяспеку ад яе падхоплівае старая кабета. Яна не зважае на спорны дождж і поркаецца ў градах: Ад працы адрываецца, каб пагутарыць з заежджым:

"Дачка мая хадзіла ў ягады, але яна не правярала, - прызнаецца жанчына. - Ну, што ўжо баяцца. Мы ж ведаем, што радыяцыя ўсюды цяпер ёсць. Куды нам падзецца ад яе. Ядзім усё. У нас ягады замарожаныя ляжаць у камэры - для сябе. Кажуць, што ў нас радыяцыі шмат, але мы не правяралі, ня будзем лішняга гаварыць".

"А што нам радыяцыі баяцца - мы яе ўжо ўдосталь наеліся", - даводзіць сваю пазыцыю яшчэ адна жыхаркі вёскі. "У нас ужо ўнутры ўсё радыяцыйнае. І грыбы ў нас бяруць і ягады бяруць, - працягвае суразмоўніца. - У нас гады два таму жанчына хадзіла правяраць. Насіла ягады з аднаго лесу, толькі ў розных шклянках. Ёй сказалі: "Вось з гэтага лесу ежце, а з гэта не". Вось як ім можна верыць - скажыце мне?".

На заўвагу, што можа лепш наагул адмовіцца ад усяго ляснога, жанчына адказвае будзённа і чакана: "Ведаеце, нашы людзі наагул нічога не баяцца. І нават гэтай радыяцыі. Людзі сёння жывуць - і добра, а заўтра памерлі, ад чаго не важна".

Лес паабапал дарогі ў вёску з боку бабруйскай шашы, як тлумачылі суразмоўнікі, радыяцыйны. У ім ягады не збіраюць. Ягадныя плянтацыі месцамі ўсё ж выбраныя. Чарніцаў ня шмат. Кажуць - сёлета ня ўрадзілі.

Адна з дачніц, жанчына сталага веку, на пытанне пра радыяцыю адказала сваім пытаннем: "А дазымэтры, скажыце мне, хоць, дзе прадаюцца? Іх жа у продажы няма. Я дык ведаю, што чарніцы радыяцыю ўбіраюць, дык мы па яе ня ходзім. Мясцовыя жыхары, як я ўзростам, яны ні на што не звяртаюць ўвагі. Калі мы едзем на машыне па дарозе на бабруйскую шашу, там дзе знак ("радыяцыйная небясьпека" - Рэд.), то мы бачым, што там людзі ходзяць і збіраюць лясное. Знак жа там з'явіўся нядаўна".



Знакаў пра радыяцыйную небяспеку ў тым лесе адшукаць не ўдалося. Малады сасоннік ды ельнік забруджаны не толькі нябачнай радыяцыяй, але і бытавым смецьцем. Нямала ў ім несанкцыянаваных звалак.

Маладзейшыя вяскоўцы, многія цяпер як дачнікі, гаварыць пра радыяцыю наагул адмаўляліся. Дачуўшыся, што ягады з фонам, пыталіся: А ці ёсць радыяцыя ў грыбах?". Не даведаўшыся - адказвалі: "Праверым" і сыходзілі.

Вяскоўцаў болей за радыяцыю турбуюць куды больш надзённыя клопаты. Ля вёскі абжыліся лісы, якія пазагрызалі ў дварах амаль усіх курэй. Тыя, што засталіся ў загарадках. Упільнаваць ліс не ўдаецца. А яшчэ, паскардзіліся вяскоўцы, бабры запруджваюць рачулку, якая во-во падтопіць сялянскія хаты.

Радыяцыю ж не пабачыш і не памацаеш. Вяскоўцы цвердзяць, што ў іх паселішчы яе няма...

Радыёцэзій, калі трапляе ў арганізм, назапашваецца ў цягліцах, сэрцы ды пячонцы. Пагражае унутраным апраменьваннем. Найперш церпяць людзі са слабым імунітэтам ды, тым, якія маюць хранічныя хваробы.
←Хирурги в Бресте впервые пересадили роговицу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика