У Лельчыцкім раёне двух аднавяскоўцаў знайшлі нежывымі ў адзін дзень

Источник материала:  
01.07.2014 13:46 — Новости Общества
Вёска Сярэднія Печы. Не вялікія і не малыя - Сярэднія. І ў той сярэдняй вёсцы - два нябожчыкі. Не на Данбасе, не ад рук тэрарыстаў - Лельчыцкі раён, Палессе.




Ад Мінска да Сярэдніх Печаў - 300 км. Дарога ляжыць на Слуцк, Старобін, паварот перад Мікашэвічамі, пасля Жыткавічы… Па дарозе багатыя беларусы прадаюць лісічкі, клубніцы. І агуркі - побач Століншчына. Але Лельчыцкі раён - гэта не Заходняя Беларусь.

Раён - з глухіх. Тут жыве 27 тых тысяч чалавек (за апошнія 15 гадоў раён страціў амаль 5 тысяч). Але гэта другі па плошчы раён Беларусі (на першым месцы Столінскі).

Год таму ўрад заявіў пра стварэнне прамысловага парку "Палессе-Лельчыцы", каб у ім здабываць карысныя выкапні. Але планы ў жыццё пакуль не ўвасобіліся. Пакуль тут толькі балоты Прыпяцкага нацыянальнага парку.

"Не п'яніцы такія, каб сказаць"

Сярэднія Печы стаяць на дарозе Жыткавічы-Лельчыцы, за 18 км ад райцэнтра. На галоўнай вуліцы, забудаванай цаглянымі дамамі, мы шукаем прыкметы нядаўняга пахавання. Хаця б яловыя галінкі. Пуста.

- Чаго вы прыіхалі? У газету пісаць? Што тут разбірацца - оны самі… У іх канфлікт быў, - расказвае вяскоўка, тут гавораць пераходнай ад украінскай да беларускай гаворкай. - Што гэта за гора таке ў нашым сяле?

Маладыя хлопцы - "яны не п'яніцы такія, каб сказаць. Ну, бывае, вып'юць".

Хлопцы павесіліся ў розныя дні. І не звязаныя іх смерці паміж сабой. Знайшлі проста ў адзін дзень: аднаго ў сваім двары, другога - у жанчыны.

"Столькі грыму наклалі на твар - як маска. Але ўсё адно трупныя плямы былі"

Андрэю было 22 гады, Мікалай толькі 3 чэрвеня сустрэў 23-ці дзень нараджэння.

Малодшы вучыўся ў Мазыры ў педуніверсітэце, старэйшы працаваў трактарыстам у мясцовай гаспадарцы.

- Маці напісала заяву - няма хлопца з нядзелі. А мы на Тройцу сядзелі (8 чэрвеня, - Заўвага аўтара), Андрэй праходзіць: "Здрасце". Ідзе той стараной, зноў здароваецца. Я кажу: "Во, зноў здароваецца". А ён: "Лепш сто разоў". Сапраўды, лепш сто, чым ні разу. Вечарам не прыйшоў дамоў, у панядзелак няма. А ўчастковы кажа: "Трэба ў сваім селішчы глядзець". Адкрываюць сенавал - кароў не трымаем, - а ён вісіць… Павезлі ў Мазыр на ўскрыццё…

Тут павазілі па сяле нябожчыка, як паложана, а ў хату ўжо не заносілі. Ён такі цёмны быў, а чаго ў яго так валасы пабялелі. Столькі грыму наклалі на твар - як маска. Але ўсё адно трупныя плямы былі. І яму ніяк 20 гадоў не дасі - быццам стары 90-гадовы.

Хлопцаў пахавалі ў адзін дзень, 11 чэрвеня. Спачатку Мікалая вяскоўцы правялі. А пасля Андрэя. Што магло такіх маладых штурхнуць на самагубства? На вёсцы нічога не схаваеш ад людзей.

"Бацька яго дамоў не пускаў. Казаў, каб ішоў куды хоча"

"Коля з жанчынай старэйшай жыў. У яе дочкі дарослыя - адна ў 11-м класе, адна ў 10-м, адна мо ў 7-м. Кажуць, што яна яго рэчы сабрала, каб дадому ішоў.

Бо яго міліцыя спаймала, нецвярозы быў - 7 мільёнаў штрафу далі. Ён узяў сабе нешта да галавы. Так людзі кажуць, а я не бяру судзіць… Гэта і не з-за жанчыны, я б сказала. Мала што скандалы ў хаце бываюць. Але яна была на пахаванні. Хаця бацькі не задаволеныя былі"
, - дзеляцца вяскоўцы.

"А другі, Андрэй, і на работу быў уладкаваны ўжо. Ён у інстытут быў паступіў. Мо дзве сесіі здаў. А пасля сказаў, што кіне - кінуў і паехаў на заробкі з сябрам. За месяц зарабілі дзесьці па 10 мільёнаў. Прыехалі. Той Андрушка прагуляў свае.

Бацька яго дамоў не пускаў. Казаў, каб ішоў куды хоча. Маўляў, 10 мільёнаў было - хоць бы мацеры даў трохі. А бацька яго такі самастойны, ён з такой радні - з кулакоў колішніх. Яны добра жывуць…"


Кіруемся на могілкі. Яны ў ляску.

Самагубства - вялікі грэх. Таму святары не адпявалі нябожчыкаў. Нашы продкі самагубцаў і хавалі за межамі могілак. Сёння так, здаецца, нідзе не робяць. Дзве свежыя магілы сярод свайго роду ляжаць.

Праверка ў Следчым камітэце яшчэ працягваецца.

"Калі чалавек п'е - жонка робіць, калі жонка п'е - чалавек робіць"

Вяскоўцы не бачаць нечага глыбейшага за здарэннем - "проста так супала".





- Вёска вялікая. 382 чалавекі, - расказвае жыхарка Валянціна Ігнаценка. - 79 пенсіянераў. А дашкольнага і школьнага ўзросту - мо 109. У Сімавічы і ў Дуброву ў школу ходзяць, і ў нас - у дзевяцігодку. Ужо хацелі закрыць, але не. У нас падтрымка (смяецца): быў настаўнікам у нас у школе - цяпер намеснік старшыні райвыканкама. Нармальна ў нас і моладзі. Яшчэ ў нас вёска не заглохла, хораша гуляюць, як збяруцца на танцы. І ўсе пры рабоце. Хто на "Аграсэрвісе", хто ў Лельчыцах. Хто вучыцца. А чалавек 5-10 нідзе не працуюць. Як і паўсюль. Бацькоў-пенсіянераў чавяць: за глотку - давай грошы…

- Калі чалавек п'е - жонка робіць, калі жонка п'е - чалавек робіць. У "Аграсэрвісе" ў нас найбольшыя заробкі па раёне. Ленка, колькі ты палучаеш даяркай? - звяртаецца Валянціна Цімафееўна да жанчыны, што стаіць побач.

- Сем мільёнаў.

- Па 12, па 14 палучаюць! У нас комплекс пабудавалі, што зімой падлога з падагрэвам. Я была на экскурсіі. Там такая прыгажосць. Сядзіш - і неба бачыш праз столь.

- У горадзе столькі не плацяць.

- А што яны ў горадзе робяць?! - рэзонна адказвае жанчына.

Статыстыка

Кажуць, што адна смерць - гэта трагедыя, а дзве смерці - гэта ўжо статыстыка. І тая статыстыка злая. Па колькасці суіцыдаў Беларусь была то на шостым, то на сёмым месцы ў свеце.

Гадоў пяць таму быў пік гэтай бяды, пасля лічба пачала зніжацца. Але і цяпер штогод па сваёй волі сыходзіць з жыцця каля дзвюх тысяч чалавек. А бывалі гады, калі і 3500…

Самагубцаў-мужчын у 6 разоў больш, чым жанчын. У вёсцы працэнт суіцыдаў у 2,6 раза большы, чым у горадзе. Такім чынам, Сярэднія Печы, насамрэч сярэднія.

І зарабляць у людзей ёсць магчымасць. Сем, чатырнаццаць мільёнаў - не штука. Значыць, не толькі ў заробку справа. Пытанне яшчэ ў тым, каб у чалавека былі іншыя прынцыпы ў галаве і іншыя магчымасці ў жыцці, свядомасць, нейкая мара, калі хочаце. Каб яго не на гарэлку і смерць быў настрой, а на самарэалізацыю.

"Мы былі друіды"

- Вёска раней называлася Сінькі. І мы не называліся беларусамі, а былі друіды, - правяла вясковы лікбез Валянціна Цімафееўна. - Пасля Сярэднія Печы. У нас печка была там, дзе калгас, - драўняны вугаль абпальвалі. Печ там (паказвае ў іншы бок, - Заўвага аўтара) - шэрую гліну капалі (Ставок). А ў Дубраўцы печ была - белую гліну капалі. А ў сярэдзіне мы - Сярэднія Печы. З вайны пачалі так называць. А ў вайну вёску спалілі, і ўсе па хутарах жылі. А пасля пачалі сюды збірацца.

←Белорусское чудо итальянского производства: в Гомеле колесо обозрения готово к открытию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика