Магічныя месцы Вілейкі ад SP Kava
Чыгуначны мост, які не раз рабіўся дэкарацыяй фільмаў пра вайну, і месца нефармальных тусовак, апетае ў песні «Ляпісаў». Рэпер SP Kava расказаў пра магію Вілейкі. |
Басейн
Гэты будынак пачалі ўзводзіць, калі я не памыляюся, яшчэ за савецкім часам, але штосьці, відаць, не атрымалася, і гадоў 10 ён стаяў недабудаваны, чым, у прынцыпе, нас, школьнікаў, і цікавіў. Да таго ж ён размешчаны ля 26-й крамы, гэта такое другое цэнтральнае месца ў горадзе. Не раз там мае знаёмыя ламалі сабе што-небудзь. Яшчэ памятаю, што на другім паверсе было вялікае графіці. Праз вокны яго можна было заўважыць з вуліцы, але каб пабачыць, трэба было абавязкова трапіць усярэдзіну.
Цікава, чаму знянацку ўлады вырашылі дабудаваць ужо напаўразбураны будынак і адкрыць адзіны ў горадзе басейн.
Чыгуначны мост
Каб дабрацца да чыгуначнага моста, трэба ісці хвілін 40 па чыгунцы ў бок Маладзечна альбо праз Дубаўку, а пасля праз лес туды, дзе Красны беражок.
Якія тут толькі не здымалі фільмы. Але нам было больш цікава залезці на мост і адчуць, як у табе ўсё трасецца, калі знізу праязджае цягнік. Аднойчы хлопцы знялі свой відэаролік, учыніўшы паркур. Уявіце сабе, што значыць скокнуць уніз на цягнік, які едзе.
Парапет
Адно з самых вядомых месцаў у горадзе. Знаходзіцца ў парку якраз ля пляцоўкі, дзе летам амаль штовечар адбываліся дыскатэкі. Само сабой, у такія моманты народу тут да халеры. П’яныя тусоўшчыкі, хабзайцы, часам і нефармалы. Бывала, што выбівалі адзін аднаму зубы.
Але нават той, хто не тусіў з усімі, трапляў сюды абавязкова. Упэўнены, што “Ляпісы” ў песні “Вілейка” спяваюць менавіта пра гэтае месца.
Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі. |