З кулямётам ад Нёмана да Одэра

Источник материала:  

Мы не бачыліся гадоў трыццаць. Па вясковай вуліцы, трошкі пакульгваючы, крочыў, абапіраючыся на кавеньку, пажылы ўжо чалавек. І толькі на дзіва моцны поціск рукі і ўсмешка ў вачах сведчылі, што Уладзімір Фролавіч Звярынскі ў свае дзевяноста гадоў яшчэ мае, як кажуць, порах у парахаўніцах. Котка Рыска, якая лашчылася на ганку пад промнямі сонейка, неахвотна скокнула ў бок, саступаючы месца гаспадару, які, адчыніўшы сенцы, запрасіў у хату. Паставіўшы ў закуток вядзерца толькі што сабраных клубніц, Уладзімір Фролавіч асцярожна прысеў на канапу. Гутарка пацякла нетаропка.

— Якраз жа нядзелька была, 22 чэрвеня. Стукнула мне тады сямнаццаць гадкоў. Акурат у той дзень здаваў апошні экзамен за другі курс педагагічнага вучылішча. Білет ведаў на зубок, здаў усё на «выдатна», таму і здзівіла, што ніхто з аднакурснікаў, як заўжды гэта было, нават не пацікавіўся у мяне, як справы. Аказалася, пакуль я рыхтаваўся да адказу, стала вядома, што пачалася вайна. Вось табе і канікулы, вось табе і адкрыццё Камсамольскага возера, вось табе і адпачынак. На душы стала маркотна, усё, здаецца, амярцвела наўкол: і не так мілагучна звінелі трамваі, і спевы птушак не прыносілі звычайнай радасці…

Планы былі парушаны не толькі ў юнака Звярынскага. Увесь народ вялікай краіны быў у роспачы. Як жа так? Знянацку? Вайна? З гэтым страшным словам Уладзіміру трэба было пражыць усе доўгія 1418 дзён і начэй. І ён дзякуе лёсу, што застаўся у той крывавай мясарубцы жывы, хоць і паранены.

— Жыў я тады ў сваёй цёткі ля вакзала па вуліцы Сяргееўскай. Цяпер яе ўжо няма. Тая першая ваенная ноч прайшла ў трывозе. А потым пачаліся бамбёжкі. Гэта было жудасна. Бамбілі ў першую чаргу вакзал і аэрапорт. Мы ўцяклі да другой сваячкі на вуліцу Дзмітрыева. Калі пасля вярнуўся на вакзал, каб сабраць хоць рэчы, то перад вачыма было адно суцэльнае папялішча. Ад хаты ды і ад усёй вуліцы нічога не засталося. Скрозь — руіны і галавешкі. І тады вырашылі ісці ад вайны на ўсход. Але яна перасоўвалася хутчэй, чым мы крочылі. Ужо на ўскрайку Мінска сустрэў землякоў з вёскі Касцяшы, і мы надумаліся вяртацца дамоў. Шлі ўсю ноч, 70 вёрст адолелі хутка, хоць і баяліся нападу дыверсантаў.

— А як вы трапілі ў партызанскі атрад?

— Адразу, безумоўна, іх не было. Працаваў у калгасе, якраз жа быў сенакос. Хадзілі з хлопцамі па месцах баёў і збіралі зброю, якая вельмі спатрэбілася праз месяцы два, калі сапраўды з’явіліся народныя мсціўцы. Ну і я пайшоў. Трапіў у брыгаду імя Варашылава, якая дзейнічала ў лясах Уздзенскага і Капыльскага раёнаў. Дарэчы, зусім побач у брыгадзе імя Ракасоўскага ваяваў і будучы Герой Савецкага Саюза Марат Казей. Але хто тады марыў аб славе і высокіх узнагародах? Галоўнай мэтай было знішчыць чужынцаў на нашай зямлі. Што мы і рабілі з нейкай апантанасцю і днём, і ноччу. Марат загінуў тут, у нашай вёсцы Хароміцкія, 11 мая 1944 года. Да вызвалення Беларусі заставалася трошкі болей за месяц…

— Чым найбольш запомнілася партызанскае жыццё?

— Калі-нікалі чуваць галасы розных крытыканаў аб ролi мсціўцаў у гады вайны. Маняць яны. Забываць той час нельга. Ва Украіне імкнуліся гэта зрабіць. І што там цяпер творыцца? Хай бы паспрабавалі хоць адну ночку правесці ў лесе пры сцюжы ў сорак градусаў, калі нават агонь нельга было раскласці... Мы хадзілі на заданні, узрывалі чыгунку, грамілі немцаў усюды, дзе даставалі. Спачатку не хапала боепрыпасаў. Пытаецца камандзір: «Колькі ў цябе патронаў?» — «Восем». — «А у цябе?» — «Адзінаццаць». — «Аддай яму адзін». Усяляк было. Толькі пазней ужо з Вялікай зямлі самалётамі нам пачалі дастаўляць зброю і прыпасы. Найбольш жудаснай помніцца карціна бамбёжкі партызанскіх стаянак з паветра. Праляціць гэта чортава «рама», і праз нейкі час ужо следам — бамбавозы. Самы страшны налёт быў, памятаю, у 1944 годзе, перад самым вызваленнем. Аднойчы, гэта таксама быў 44-ы, мы ліквідавалі банду немцаў у вёсцы Нізок. Усіх фашыстаў узялі ў палон. А сярод нас ваяваў і адзін паляк, Ажэшкам звалі. Заўважыў я, што ён вельмі пільна ўглядаецца ў аднаго з немцаў. Потым раптоўна знімае стрэльбу і прама ў яго страляе. Мы ў крыкі: «Што ж ты нарабіў?» А ён і адказвае: «Гэты гад забіў майго бацьку на пачатку вайны». — «Дык ты мо памыліўся?» — «Не. Я гэтага вырадка на ўсё жыццё запомніў. Глянь, у яго своеасаблівы шрам ад вуха да шчакі».

А 16 ліпеня 1944 года быў знакаміты парад партызан у Мінску, удзел у якім пашчасціла прыняць і мне. Мы здалі зброю, атрады расфарміравалі. Тады мне споўнілася 20 гадоў.

— А далей?

— З вызваленнем Беларусі вайна не закончылася. Хто накіраваўся на фронт, хто пайшоў на барацьбу з бандытамі, хто трапіў на аднаўленне разбуранай гаспадаркі. А мяне накіравалі аднаўляць школу ў вёсцы Тоўсты Лес, дзе цэлымі засталіся мо тры ці чатыры хаты. Дзеткам не было нават на чым сядзець. Дык мы са старога калгаснага свірна, разабраўшы сусекі, нацягалі дошак і з іх зрабілі лаўкі і сталы. Нічога ж не было: ні падручнікаў, ні крэйды, ні сшыткаў. За шчасце лічылася, калі хто-небудзь знаходзіў скрутак старых шпалераў. А чарніла выраблялі з чырвоных буракоў. Галоўнае — тое, што хоць так маглі спакойна вучыцца і над галовамі не вылі самалёты ворага. Але ўжо напрыканцы верасня мяне прызвалі у Чырвоную армію.

— Але ж вы ваявалі ў партызанскім атрадзе?

— Гэта не мела значэння. А трапіў я на Украінскі фронт. Памятаю, наш батальён ішоў у наступленне, за Одэрам ужо гэта было. І раптам з-за ляска па нас немцы адкрылі шквальны кулямётны агонь. Не ўзняць галавы. Выклікае мяне камандзір (я ж кулямётчыкам быў) і дае загад ліквідаваць агнявую кропку. І папаўзлі мы з другім маім нумарам у абход на ворага. Але ж гады нас прыкмецілі і шпурнулі гранату. Выбухам мой сябар быў паранены ў ногі і ўжо не мог дзейнічаць, мне асколкамі толькі пасекла рукі. Да гэтага часу яшчэ адзін сядзіць, усе тады не дасталі. Злосць мяне ўзяла. Кажу свайму напарніку, каб ляжаў ціха, прытварыўшыся забітым, а сам цішком са сваім «дзягцярыкам» зноў папоўз на немцаў. І калі да іх пазіцыі засталося метраў дваццаць, як секануў з кулямёта і ўсіх іх там палажыў. За той бой быў узнагароджаны медалём «За адвагу», праўда, атрымаў яго пасля заканчэння вайны ў 1948 годзе.

— А як і дзе сустрэлі Перамогу?

— Гэта незабыўнае. Мы перапраўляліся па рэчцы Нэйсэ, гэта прыток Одэра. Перад гэтым была праведзена магутная артпадрыхтоўка. Здавалася, пасля яе не павінна было застацца нічога жывога. Пайшлі мы ў атаку. І тут раптам — што за немач — нага нешта не ідзе. Гляджу, у мяне поўны бот крыві. Я нават не адчуў, адкуль і як мяне напаткала куля. Усё, думаю, адваяваў. У шпіталі, а гэта аказалася звычайная палатка, было цёмна. Яна асвятлялася газавымі лямпамі. Толькі пачалася аперацыя, як наляцелі варожыя самалёты. Асколкі сыпаліся літаральна побач, але на іх ніхто не звяртаў увагі. Прызвычаіліся. Чую, доктар кажа: «Разрыўная куля, памер раны 18 на 20 сантыметраў». І тут я страціў прытомнасць. Шпіталь наш знаходзіўся ў горадзе Загане. Памятаю, было гэта вечарам 8 мая, узнялася раптам страляніна. Няўжо, думаю, немцы прарваліся? І тут у палатку проста ўлятае нампаліт: «Таварышы, вайна закончана. Перамога!»

Што тут пачалося... Тыя эмоцыі і радасць цяжка перадаць словамі. Назаўтра раніцою ўсе высыпалі на вуліцу, нават цяжкапараненым сёстры дапамагалі выйсці на сонца. А яно свяціла так ласкава, на ўсю сілу гаварыла радыё. Шкада было толькі, што не давялося дайсці да Берліна, гэта была мара кожнага салдата, як і мая асабістая. Паўгода давялося быць яшчэ ў шпіталі, пакуль не загаілася рана. А дэмабілізаваўся я толькі ў 1948 годзе, служыў пасля вайны ў Лідзе і Прыбалтыцы. Вось так і закончылася ваенная біяграфія радавога Уладзіміра Звярынскага.

Пасля вайны Уладзімір Фролавіч працаваў настаўнікам у пачатковай школе, вучыў дзетак разумнаму, добраму, вечнаму. Не адна сотня цяпер ужо дарослых людзей да гэтага часу ўдзячна свайму настаўніку.

Мы развіталіся. Котка Рыска зноў заняла сваё месца на ганку. Стары салдат стаяў на двары, прыкрыўшы далонню вочы ад сонца, і нетаропка махаў мне ўслед рукою, з якой да гэтага часу так і не дасталі асколак той страшнай вайны...

←Беларусь отремонтировала истребители для воюющего Ирака

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика