Магічная мапа Мінска ад Ганны Трубачовай
Журналіст Ганна Трубачова (агенцтва «Таранціны і сыны» ) нарадзілася і амаль усё жыццё пражыла ў Мінску (за выключэннем пяці з лішнім гадоў, праведзеных у ЗША і падарожжах па свеце), і сёння яна расказала ў праекце «Магічная мапа» аб месцах беларускай сталіцы, якія асабліва каштоўныя пасля таго, як «траціну свету пабачыў». |
Камсамольскае возера
Мне пашанцавала нарадзіцца ў цэнтры Мінска і пражыць да 20 гадоў на беразе Камсамольскага возера. Улетку мы настолькі часта бавілі час на пляжы, што часам маёй дзіцячай свядомасці здавалася, быццам мы жывем на курорце. І нічога, што амаль кожнае лета вакол вады стаялі шыльды аб забароне на купанне і лоўлю рыбы (у вадзе заўсёды прысутнічала нейкая няўлоўная палачка), людзі загаралі, плёскаліся і, вядома ж, лавілі рыбу…
Дамба Камсамольскага возера асабліва прыварожвала: мужыкі віслі на мосце з раніцы да ночы, яны выцягвалі сеткамі малявак і скідалі іх на брук (паміраючы, маляўкі моцна смярдзелі); у бруях вялізнага, як здавалася, вадаспаду блыталіся багавінне і рознае папяровае смецце, вада бурліла, пенілася жоўтым колерам, збіраючыся метраў за дзвесце ад дамбы ў жывое цудоўнае балота з жабіным спевам і чаротам (сёння замест балота бетонна-шпацырная частка, што за гасцініцай «Беларусь»).
Возера пышна цвіло, з яго раз-пораз вылоўлівалі п’яных тапельцаў, на яго выспах «вадзіўся маньяк» і часцяком даносіліся весткі аб знойдзеных там трупах. І тым не менш, у выходныя было складана знайсці месца на пляжы (а загаралі тады ў асноўным на тым беразе, што насупраць выратавальнай станцыі): людзі прыносілі з дому рондалі з ежай і пераноснае радыё, гулялі ў бадмінтон і валейбол і разыходзіліся ўжо бліжэй да заходу сонца.
Сёння Камсамольскае возера ўжо не настолькі самабытнае, як у маім дзяцінстве, і хутчэй нагадвае савецкі парк культуры і адпачынку, але адзін яго невялікі куток (паміж вуліцамі Нававіленскай і Арлоўскай) вельмі добры: усё такі ж таямнічы і жывы.
Верхні горад
Там былі дамы з прывідамі, як мы іх называлі. Першыя нясмелыя вылазкі ў гэтую закінутую яшчэ тады частку горада мы пачалі рабіць ужо ў дзесяцігадовым узросце, за што, дарэчы, моцна даставалася ад бацькоў. Але нас зноў і зноў цягнула забрацца скрозь забітыя вокны пустых і паўразбураных будынкаў.
Кожны раз мы заходзілі ўсё далей і ўсё глыбей: трухлявыя дошкі падлог, раскіданыя ноты (старая музычная школа), кнігі, разадраныя матрацы, на якіх спалі вельмі дзіўныя людзі, а сустрэчы з імі наводзілі жах на нас. Там пахла кацінай і чалавечай мачой, сырасцю і цвіллю, мокрай тынкоўкай, прыгодамі і пакараннем з нагоды чарговага паходу ў дамы з прывідамі.
Сёння Верхні горад гранічна рэспектабельны, а ў дамах з прывідамі прадаюць брыльянты і дарагую вопратку.
Старажоўскі рынак
У бітве за права стаць трэцяй славутасцю на маёй «Магічнай мапе» паў бульвар Шаўчэнкі, хоць ён сапраўды маляўнічы да гэтага часу: там усё гэтак жа сушаць бялізну на дваровых перакладзінах, прадаюць венікі перад лазняй, усё гэтак жа пахне клеем каля абутковай майстэрні і ўсё гэтак жа няма ніводнай вольнай лавачкі: усюды п’юць жудаснага выгляду п’янчугі.
Раскажу пра месца, якога ўжо няма на карце Мінска, і замест яго сёння мемарыяльны комплекс ахвярам Першай сусветнай вайны. Гадоў дваццаць пяць таму паміж вуліцамі Чарвякова і Старавіленскім трактам закрыўся Старажоўскі рынак.
Зачаравальнае месца, паход куды расцэньваўся як наведванне заапарка, а пазней — як паўнавартасныя прыгоды і першыя антрапалагічныя даследаванні. На рынку прадавалася любая жыўнасць: шчаняткі, коцікі, трусяняты, рыбкі, птушкі, свінні, куры і нават незразумела каму патрэбныя кучы апарышаў і іншых чарвякоў. Гандлявалі там таксама рознай драбязой, якая потым перавандравала ў Ждановічы і была ахрышчаная «Полем цудаў» — можна ўявіць, якія персанажы стаялі перад сваім раскладзеным на зямлі скарбам — ад капронавых накрывак да раскрытых скрыначак з зубным парашком.
У далёкім куце рынку быў нарыхтоўчы пункт, вакол якога канцэнтраваліся рознага выгляду грамадзяне: металалом, макулатуру і ўсякае рыззё прыносілі не толькі бяздомныя і п’янчугі, але і сумленныя савецкія працаўнікі. Барахло магло быць абмененае на новыя кніжныя выданні. За пунктам прыёму «ўсяго на свеце» быў хлеў, у якім час ад часу трымалі бяздомных жывёл: прагульваючы школу, мы з аднакласніцай спрабавалі змагацца за правы сабак і катоў бесперашкодна гуляць па вуліцах, але грозны вартаўнік, пагутарыўшы з намі, прымусіў нас адмовіцца ад сваіх дабратворных мэтаў.
Спачатку знеслі гандлёвыя рады, пасля знік пункт прыёму макулатуры, засталася пустка, на якой пазней бацька вучыў мяне паркавацца. Сёння, гледзячы на невялікую тэрыторыю мемарыяльнага комплексу, з цяжкасцю верыш, што калісьці тут ішоў бойкі гандаль: калі ты трапляў ўнутр Старажоўскага рынку, здавалася, што ён такі ж велізарны, як свет кніг Толкіна.
І цяпер, калі шмат кажуць пра тое, што збіраюцца знесці і забудаваць таксама дарагую мне Асмалоўку з вечным пахам піва, я сур’ёзна перажываю: знішчыць, зруйнаваць, вядома, проста, і праз дваццаць гадоў ужо мала хто ўспомніць, а каб захаваць гісторыю, памножыць яе, патрэбныя ініцыятывы, адказнасць, рашучасць… Наколькі вам дарагі гэты горад?
Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі. |