"Ён быў сапраўдным". Вандроўка па мясцінах, дзе нарадзіўся Быкаў
19.06.2014 10:23
—
Новости Общества
- Бываюць у нашым музеі і жыхары іншых краін - іх таксама больш за ўсё цікавіць, якім ён быў чалавекам. Што тут казаць? Быў сапраўдным - простым, вясковым, маўклівым і надзейным, - распавядае Мікалай Быкаў. - І калі мне нагадваюць аб знешнім падабенстве з дзядзькам Васілём, шчыра ганаруся…
Шчымлівымі, глыбока псіхалагічнымі аповедамі Васіля Быкава пра вайну зачытваецца ўжо не адно пакаленне. Між тым Васіль Уладзіміравіч мог бы стаць і таленавітым скульптурам ці жывапісцам: пасля заканчэння Кубліцкай сямігодкі вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы, якое змушаны быў пакінуць, калі адмянілі стыпендыі.
Раз у два гады збіраюцца мастакі з ўсёй рэспублікі на абласны пленэр яго памяці - апошні, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў сёлета ў маі. Напрыканцы чэрвеня ў Музеі народнай славы ва Ушачах адбудзецца выстава створаных работ. Удзельнікі пленэру мяркуюць перадаць па адным творы ўшачанам - у падарунак да 90-годдзя пісьменніка і 70-годдзя вызвалення Беларусі.
Штогод аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ладзіць мерапрыемствы, прысвечаныя памяці пісьменніка і яго творчасці. Селёта яны адбываюцца па ўсім раёне.
Сёння, у дзень нараджэння Васіля Быкава, на Ушаччыне праходзіць літаратурнае свята "Я перад вамі з памяццю сваёй". Яно сабрала землякоў і прыхільнікаў творчасці пісьменніка з Мінска, Віцебска і розных куткоў Беларусі. Літаратурна-музычная кампазіцыя "Доўгая дарога дамоў" ладзіцца ў Бычках. Конкурс чытальнікаў "Камбат на вайне, генерал у літаратуры" - у скверы па вуліцы Ленінскай у цэнтры гарпасёлка. А крыху пазней у раённым Доме культуры адбудзецца літаратурная вечарына "Праўда гісторыі, часу, жыцця".
21 чэрвеня Бычкі зноў сустрэнуць гасцей - літаратурную імпрэзу на радзіме пісьменніка арганізоўвае абласны савет Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.
Насуперак законам прыроды Васіль Быкаў, які пасля цяжкай хваробы памёр у 2003 годзе, працягвае жыць. У сваіх чалавечных да шчымлівасці і слёз творах пра вайну. У памяці шматлікіх прыхільнікаў сапраўднага народнага таленту. У сэрцах родных, сяброў, землякоў, якія ганарацца, што менавіта на ўшацкай зямлі нарадзіўся вялікі пісьменнік.