Магічная мапа Давыд-Гарадка ад Леаніда Дранько-Майсюка

Источник материала:  
12.06.2014 13:16 — Новости Общества


Магічная мапа Давыд-Гарадка ад Леаніда Дранько-МайсюкаПаэт расказаў пра месцы Давыд-Гарадка, якія зачароўвалі ў дзяцінстве і дзе пазней наведвала натхненне.



Замкавая гара

Ёсць у Давыд-Гарадку Замкавая гара; сама назва падказвае, што некалі над ёй узвышаўся замак. Гару называюць яшчэ і Царкоўнай, бо тут стаяў драўляны храм, але, на жаль, 6 траўня 1936 года ён згарэў. Мае ўзвышэнне і трэцяе імя — гара каралевы Боны! Магія — гэта, як вядома, тое, што чаруе, прыцягвае душу…

Магічная мапа Давыд-Гарадка ад Леаніда Дранько-Майсюка


Памятаю, як мяне, маленькага хлопчыка, адным сваім выглядам зачароўваў, закалыхваў смарагдавы колер давыд-гарадоцкай гары. А цяпер мяне, літаратара, заварожвае тое, што яна мае тры назвы, тры імёны…

Аднойчы на гары каралевы Боны ў мяне з’явіўся верш:

Каралева Бона любіла мёд,
І таму для яе, як лёду,
Вазілі ў Варшаву, двойчы на год,
Па восем пудоў з дваццаці калод
Давыд-гарадоцкага мёду.

Каралеву Бону адольваў сум,
Што ні сон — на Мілан дарога…
Тут — балоты, валокі, інтрыгі, тлум;
Там — радзіма, вясны кіпарыснае шум,
Закаханасці першай знямога.

Каралеве Боне спрыянне было
На радзіме жаданай памерці…
Адпускаючы з вуснаў паволі цяпло,
Пакідаючы ў сэрцы Гарыні святло —
Чару з мёдам трымала на сэрцы.



Цвінтар

Другое магічнае давыд-гарадоцкае месца — багаты на крыжы, хвоі і бэз цвінтар (мясцовае вымаўленне — цвінтар); пасярэдзіне гэтай бэзавай прасторы — святлее блакітная на тры шатровыя купалы Георгіеўская царква; яе мянуюць яшчэ Юраўскай і Закаморскай (пабудавалі храм за мытнай каморай!).

Магічная мапа Давыд-Гарадка ад Леаніда Дранько-Майсюка


Бачыце, таксама тры назвы, тры імёны!

Хто ні йдзе паўз гэтае месца — заўсёды паглядзіць на яго; паглядзіць на цвінтар і царкву.

І не трэба хрысціцца — дастаткова паглядзець…

У школьныя гады я любіў на цвінтары хавацца…


Рака Гарынь

Гэта трэці магічны вобраз (не месца, а менавіта вобраз!).

Тут магія пачынаецца з назвы: Га-ры-нь…

Магічная мапа Давыд-Гарадка ад Леаніда Дранько-Майсюка


Рака даволі доўгая, а была і глыбокай, і шырокай — у 1930-я гады яе шырыня дасягала 130 метраў!

Яшчэ нядаўна, у 1960-я гады, па Гарыні хадзілі і грузавыя, і гандлёвыя, і пасажырскія параходы!

А сёння гэта рака-інвалід; яе скалечылі спачатку меліярацыяй, а пасля каналам!

Аднак магія застаецца, бо што такое слова Гарынь — я не ведаю.

Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.by (з пазнакай у тэме ліста “Магічная мапа”) спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект “Магічная мапа” ад кампаніі Будзьма беларусамі!”




←В ближайшей перспективе налог на тунеядство в Беларуси вводиться не будет - МНС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика