Начны сянаж
— У кожнай гаспадарцы ёсць вымяральнік вільгаці закладваемых кармоў і тэрмометр, — паведала ветурач, хімік-таксіколаг ра- ённай ветстанцыі Ларыса Іванова. — Вядзём журнал уліку якасці кармоў па кожнай траншэі ў кожнай гаспадарцы: раз у дзень, а то і два, адзначаем тэмпературу і вільготнасць, а таксама якая сыравіна, як здробнена, тэрмін нарыхтоўкі і іншае. Пасля герметызацыі траншэі выдаём пашпарт якасці, дзе ўказваюцца ўсе лабараторныя даследаванні і заключэнне, да якога класа належыць корм.
У ААТ «Верхнядзвінскі» зялёную масу трамбаваў на «Кіраўцы» Валянцін Пірог.
— Мая змена пачалася ў шэсць раніцы і закончыцца ў восем вечара, — расказаў ён. — Потым месца ў кабіне зойме Уладзімір Габрусёнак.
Ноччу трамбоўшчыкі не застаюцца адны: па графіку ля траншэі дзяжураць спецыялісты.
Пакуль што ўвесь закладзены сянаж у гаспадарках раёна адпавядае першаму класу. У многім садзейнічае гэтаму і выкарыстанне кансервантаў, асабліва пры не надта спрыяльным надвор’і. Адбіваецца і сама падрыхтоўка да касавіцы. У гаспадарках адрамантаваны траншэі, а ў КУПСГП «Дрысенскі», ААТ «Сакалоўшчына», «Нурава», «Антонава-Агра», «Шайцерава» пабудаваны новыя. Усяго ў раёне 104 траншэі, 13 з іх яшчэ з кармамі мінулага года. Па меры таго як яны будуць вызваляцца, сюды закладуць сянаж са свежых траў.
Дарэчы, Верхнядзвінскі раён не толькі забяспечвае якаснымі кармамі сваю жывёлу на зімоўку, але і прадае іх іншым. Таму залішне задаваць пытанне, чаму верхнядзвінцы маюць самы высокі надой у вобласці ад каровы. Напрыклад, у ААТ «Шайцерава» ён дасягнуў 7,5 тысячы кілаграмаў за год, а ў «Дрысенскім» дояць у гэтыя дні звыш дваццаці кілаграмаў у суткі.
Стаўку на якасць кармоў робяць і ў Шаркаўшчынскім раёне. Улічваючы, што мясцовы агратэхсэрвіс мае самы большы дойны статак — 1700 кароў, прычым трэць з іх знаходзіцца на новай МТФ, — прадбачлівы дырэктар Аляксандр Варона вырашыў пабольш нарыхтаваць вітамінных кармоў, багатых карацінам. Для гэтага за паўтара мільярда рублёў набыты агрэгат для прасавання зялёнай масы ў рулоны. Малады механізатар Сяргей Балай, які працаваў на ім, не хаваў свайго задавальнення:
— Вось гэта тэхніка! Два камп’ютары. Адзін у мяне ў трактары з экранам, другі — на прэсе. Закладзена праграма. Тут не «схі- мічыш».
У дзень Сяргей выдае да двухсот рулонаў корму па сямсот кілаграмаў кожны. Усе палеткі па дарозе ад Шаркаўшчыны і амаль да мяжы Міёрскага раёна пакрыты беласнежнымі цыліндрамі. У аграсэрвісе разлічваюць нарыхтаваць не менш чым 1700 тон сенажу, зарулоненага ў плёнку.
Такім жа чынам другі год запар нарыхтоўваюць кармы і ў ААТ «Даватарскі».
Начальнік Шаркаўшчынскага райсельгасхарчу Дзмітрый Ламака праінфармаваў, што ў раёне 80 працэнтаў сенажацей займае канюшына і люцэрна. Задача — нарыхтаваць 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы — рэальная.
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота аўтара