Магічная мапа Гомеля ад Алы Брадзіхінай
Першыя могілкі хатніх жывёлаў, брама ў іншае вымярэнне ды пернікавы дом — пра цікавыя месцы Гомеля, што не навідавоку для турыстаў, расказвае дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, крытык, даследчыца літаратуры Ала Брадзіхіна. |
Магілы сабак Паскевіча
Каб стварыць магічную мапу Гомеля, трыма пунктамі абысціся складана: “іншапланетная талерка” цырка; вежа фабрыкі “8 Сакавіка”, побач з якой у ХІХ стагоддзі была і першая на тэрыторыі тагачаснай Расійскай імперыі ланкастэрская школа, і — у сярэдзіне ХХ стагоддзя — лагер ваеннапалонных, дзе загінула больш за 100 тысяч чалавек; Шведская горка з яе гарадзішчам жалезнага веку; раён Валатавы, ужо назва якога сведчыць пра таямнічых волатаў; жывапіснае Бурае балота; Дом камуны; Студэнцкі скверык каля касцёла Нараджэння Божай Маці, разбіты на месцы старых могілак; велізарная для горада з амаль паўмільённым насельніцтвам драўляная забудова з яе ўнікальнай разьбой…
Усяго не пералічыць. Толькі ў раёне цэнтральнага парка — візітоўкі горада — такіх месцаў з адмысловай, назавем яе гомельскай, энергетыкай з ходу можна назваць больш за дзясятак. А ўжо пра таямнічыя лёхі, якія дасталіся палацу Румянцавых-Паскевічаў у спадчыну ад старадаўняга Гомельскага замка, вам раскажа ледзьве не кожны старажыл, дадаўшы “праўдзівую гісторыю”, як ён па тых самых лёхах у дзяцінстве трапляў на супрацьлеглы бок Сожа.
Ёсць у парку, акурат над Лебядзінай сажалкай, і даволі непрыкметнае месца з двума камянямі-намагіллямі, на якіх высечаны надпісы “Лордъ” і “Марко”. Кажуць, раней быў і трэці камень, але няўмольны час знішчыў надмагілле, а разам з ім сцерлася з памяці мясцовых жыхароў і мянушка трэцяга сабакі — ці то Ральф, ці то Плутон. Гэта не проста першыя могілкі хатніх жывёл у Гомелі, іх узнікненне звязанае з цікавай гісторыяй.
Апошні гомельскі князь Фёдар Іванавіч Паскевіч-Эрыванскі меў цяжкі характар і сабак, відаць па ўсім, любіў значна больш за людзей. Сапраўдным захапленнем князя было паляванне: ён і стрэльбы англійскія замаўляў, і багатую калекцыю трафеяў меў. Чаго варты толькі Сабачы хутар, які знаходзіўся ў раёне сучаснай вуліцы Паўлава. Калі памерлі любімыя гадаванцы Фёдара Іванавіча Лорд і Марка, ён зладзіў багатую і пышную пахавальную цырымонію па ўсіх правілах і паставіў на магілах памятныя камяні. Так у гомельскую гісторыю князь упісаў імёны найлепшых сяброў чалавека, хаця якраз гэтымі самымі “сябрамі чалавека” Фёдар Іванавіч і цкаваў неасцярожных гамяльчан, якія траплялі на тэрыторыю парка ў недазволены час.
Магічныя месцы здольныя спараджаць чуткі ды легенды. Не менш за “афіцыйную” мне падабаецца літаратурна-міфалагічная версія паходжання камянёў, выкладзеная ў кнізе “Здані і пачвары Беларусі” У. Ахроменкі і М. Клімковіча.
Згодна з ёй, князя Паскевіча суправаджаў на паляванні сібірскі кот Лорд — драпежная і злосная жывёла, якая наводзіла містычны жах на мясцовых сялян, бо ўлюбёнай здабычай ката былі людзі. Здань ката і дагэтуль бадзяецца каля камянёў, і найпершыя яе ахвяры — разбэшчаныя юнакі і падлеткі. Так што, як будзеце ў Гомелі, не прыдумайце распіваць піва ды падобныя трункі на тэрыторыі парка, бо ведайце: за адміністратыўнымі правапарушэннямі сочыць тут не толькі міліцыя, але і прывід Паскевічава сібірскага ката, помста якога будзе страшнай.
Таямнічая брама
Яшчэ адным атмасферным месцам, пра якое, аднак, згадае далёка не кожны гамяльчанін, з’яўляецца царква Пакроўская (1840 г.) на ўскраіне горада, у раёне Новая Мільча, назва якога паходзіць ад аднайменнага колішняга паселішча старавераў — ці не самага буйнога на тэрыторыі сучаснага Гомеля. Дакладней, не царква, а самотная брама, якая засталася ад храма.
Гэта адзін з вобразаў, што нязменна асацыюецца ў мяне з дзяцінствам, бо знаходзіцца недалёка ад дома маёй цёткі, дзе я і мой стрыечны брат любілі бавіць час летам. Каларытная брукаванка вяла ад прыпынку завода “Цэнтраліт” і абрывалася роўна перад брамай, праз якую можна было трапіць толькі… у будынак мясцовага медпункта — таксама “сакральнае” месца для ўсіх мясцовых жыхароў, бо найбліжэйшая паліклініка знаходзілася даволі далёка.
Імкненне спасцігнуць таямніцу брамы спараджала ў нашых дзіцячых галовах розныя версіі. Самай прыцягальнай была думка, што гэта ўваход у іншае вымярэнне… Мы баяліся праходзіць праз браму, баяліся, што знікнем назаўсёды, як знікла бясследна загадкавая царква старавераў.
Дамок-пернік
Сваю асаблівую прыцягальную аўру мае і гістарычная забудова вуліцы Савецкай. Сто гадоў таму былая Румянцаўская ўжо была гэткім раёнам Гомель-сіці, пра што і сёння нагадвае шэраг будынкаў колішніх банкаў — Арлоўскага, Віленскага, Руска-Азіяцкага (сімвалічна, што першая банкаўская ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явілася якраз у нашым горадзе — у 1870 годзе) ды прыбытковых дамоў. Да пабудовы значнай часткі з іх, дарэчы, меў самае непасрэднае дачыненне выбітны архітэктар Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі.
Сярод усіх гэтых упрыгожаных барэльефамі ды канелюрамі будынкаў Савецкай-Румянцаўскай самым “святочна прыбраным” быў і застаецца колішні прыбытковы дом Л. Маянца. Дом, які нагадвае мне велізарны пернік. Дадатковую магію гэтаму месцу ў маім сціплым савецкім дзяцінстве надаваў той факт, што сузіранне яго, як правіла, суправаджалася пакупкай абновак у краме насупраць — адной з галоўных крам горада з красамоўнай назвай “Стары Універмаг”. А які яшчэ ўнівермаг можа быць у старым горадзе?..
Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі. |