Загадкі легендарнага Су
ДЫКТАРУ, відаць, цяжкавата, бо нават у надзвычай багатым лексіконе англійскай мовы не хапае слоў, каб расказаць аб фантастычных магчымасцях самалёта.
Далей гучыць каментарый амерыканскага пілота, якому давялося кіраваць Су. Голас лётчыка ўзрушаны: «Я ляцеў, быццам ехаў над Брадвеем, на самай нізкай хуткасці. І гэта ашаламляльна. Я рабіў усё, што мне дазволілі! Калі б гэта можна было зрабіць на амерыканскай паветранай базе, мяне адразу б звольнілі. Расійскія самалёты могуць весці бой у самых складаных умовах!..»
А на экране ў гэты момант з самалётам Су робіцца нешта неверагоднае. Ён задзірае нос у неба і амаль вертыкальна «завісае» ў паветры.
Дыктар працягвае:
«Запомніце гэтыя кадры! Такое можа рабіць толькі Су-27. Гэты самалёт па прозвішчу «Кобра» нагадвае вужаку, якая падрыхтавалася да нападу. Гэтая «Кобра» можа страсянуць з хваста любога «сябра»!..
Дэманстрацыя Су-27 у небе Францыі працягваецца, а мае думкі засяроджваюцца на нашым невялікім, але прыгожым райцэнтры Глыбокае, на самалёце-знішчальніку Су-17, што ўстаноўлены на пастаменце пры ўездзе ў горад з боку Мінска і Літвы.
І машына, што паказвала цуды ў Францыі, і тая, што на пастаменце ў Глыбокім, была створана ў канструктарскім бюро Паўла Восіпавіча Сухога, які нарадзіўся на Беларусі, у Глыбокім. Шчаслівая зямля, якая выгадавала такога сына, дала яму крылы.
ЯШЧЭ не так даўно лічылася, што Павел Восіпавіч Сухі нарадзіўся ў вёсцы Глыбокае Гомельскага павета. Пра гэта, між іншым, паведамляе і Беларуская Энцыклапедыя. Але дакументы сведчаць, што радзіма вялікага авіяканструктара — віцебскі райцэнтр Глыбокае. Вось перад намі пасведчанне з архіва ў Вільні: «По указу Его Императорского Величества Самодержца Всероссийского, Литовская Духовная Консистория, согласно определению своему, выдает настоящее свидетельство о том, что в метрической книге Глубокской церкви Виленской губернии Дисненского уезда за 1895 год в 1-й части о родившихся, в ст. №109 мужеского пола имеется следующая запись: «Тысяча восемьсот девяносто пятого года десятого июля рождения, а трид- цатого крещен Павел. Родители его: учитель Глубокского народного училища Осип Андреевич Сухой и его законная жена Елисавета Яковлевна, оба православного исповедования. Воспреемниками были Глубокской церкви священник Николай Ионович Никольский и крестьянка села Гануты Наталья Яковлевна Гисич. Таинство крещения совершил священник Илларион Виляковский с дьяконом Венедиктом Нароновичем...»
Дакладна вядома з дакументаў таго ж Віленскага архіва, што ў Глыбокім, на цяперашняй Віцебшчыне, працавалі ў народным вучылішчы бацькі Сухога.
Многіх даследчыкаў цікавіць: як хлопчык захапіўся самалётамі? Прыгадваюць розныя эпізоды. Адзін з іх, як лічаць, самы значны, — палёты вядомага ў той час авіятара Утачкіна над Гомелем. Іншыя вызначальным у выбары прафесіі лічаць Першую сусветную вайну, на якую Павел Сухі трапіў у якасці прапаршчыка-артылерыста. Маўляў, ён на свае вочы бачыў, як наш самалёт «Ілья Мурамец» разбамбіў некалькі варожых батарэй. Нібыта тады ён даў слова пабудаваць такія самалёты, якія б пераўзыходзілі лятальныя апараты праціўніка.
Гэта вядомыя факты, якія маглі б служыць штуршком, але не адказваюць на галоўнае пытанне. І таму ўзнікае версія: а ці не запраграмавана гэта было нейкім чынам у Паўла самой прыродай?
Таму звернемся да радаводу Сухога. Яго бацька, Восіп Андрэевіч, з небагатай сялянскай сям’і. Летам пасвіў кароў, зімою — вучыўся. Заўважыўшы ў сына асаблівыя здольнасці да навукі, вяскоўцы сабралі грошы і адправілі хлопца вучыцца.
Павел Сухі таксама напачатку настаўнічаў, але не ляжала ў яго душа да педагагічнай працы. Кажуць, самае значнае перадаецца праз пакаленне. Таму цікава будзе пачуць пра дзеда Паўла Сухога ва ўспамінах пляменніцы — Вівеі Фандзеевай: «Дзед Андрэй Аляксеевіч родам з вёскі Пахомава Вілейскага павета Віленскай губерні, быў прыгонным у памешчыка Гечэвіча ў маёнтку Вязынь. Памешчык паслаў яго набываць веды ў Чарнігаўскую губерню ў вучылішча пчалаводства. Скончыў яго ў 1837 годзе, атрымаў ад памешчыка батрацкі надзел зямлі ў дзве дзесяціны і пчальнік пад сваё назіранне».
Для свайго часу дзед Паўла Сухога быў неардынарным чалавекам. Прыгонны, а ўмеў чытаць, пісаць. Назіраючы за палётам пчол, ці не задумваўся наогул над палётам? Ці не марыў ён, каб, як пчала, паляцець на волю ад беднаты, ад прыгону? І ці не перадалося гэта нейкім чынам унуку Паўлу?!
У 1925 годзе Павел Сухі заканчвае Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча, дзе лекцыі па тэорыі авіяцыі чытаў Мікалай Ягоравіч Жукоўскі, і трапляе ў Цэнтральны аэрагідрадынамічны інстытут, у якім сустракаецца з Андрэем Мікалаевічам Тупалевым і пад яго кіраўніцтвам пачынае канструяваць самалёты.
Павел Сухі не вёў дзённікаў, амаль не даваў інтэрв’ю журналістам. Ён лічыў, што за чалавека павінны гаварыць яго справы. У дадзеным выпадку — самалёты.
І яны пачалі гаварыць. У гэты час ішло своеасаблівае спаборніцтва ў свеце: чый самалёт можа праляцець далей без пасадкі на запраўку. Лепшы вынік належыў французскім лётчыкам Кадасу і Росі, якія прайшлі адлегласць у 9104 кіламетры.
Пабудаваць у СССР самалёт, які пабіў бы рэкорд французаў, было даручана КБ Тупалева і менавіта брыгадзе, якую ўзначальваў Павел Сухі. Так быў створаны самалёт Ант-25, які яшчэ называўся спрошчана РД («Рэкорд далёкасці»). На гэтым самалёце ў ліпені 1936 года лётчыкі Валерый Чкалаў, Георгій Байдукоў і Аляксандр Белякоў здзейснілі пералёт па маршруце Масква — Зямля Франца Іосіфа — Петрапаўлаўск-Камчацкі даўжынёй 9374 кіламетры. Быў устаноўлены новы сусветны рэкорд.
Улічваючы асаблівы ўклад Паўла Сухога ва ўстанаўленні сусветных рэкордаў у авіяцыі, яму даручаюць стварыць новае КБ і ўзначаліць яго.
КБ Сухога. Уласнае. Ці не пра гэта ён марыў. Аднак радавацца, тым больш расслабляцца, было не ў характары Паўла Восіпавіча. У паветры пахла вайной. Айчына патрабавала навейшую тэхніку, якой не было ў ворага. За кароткі тэрмін Сухі распрацоўвае самалёт Су-2, які ўвасабляў якасці бамбардзіроўшчыка, штурмавіка і разведчыка. Падобнага сапраўды яшчэ тады не было. Вось што прыгадвае Герой Савецкага Саюза, маршал авіяцыі Іван Іванавіч Пстыга, які лятаў у вайну на Су-2.
— Ідзём на заданне. Да нас далучаюцца два МіГ-3. Думаем, ляцець са знішчальнікамі надзейней. І раптам адбываецца неверагоднае: адзін з МіГаў дакладнымі стрэламі збівае самалёт камандзіра нашай эскадрыллі і накідваецца на мой. Пахістваю машыну з крыла на крыло, паказваю апазнавальныя знакі. Дапамагло. МіГ адышоў убок... Праз шмат гадоў, калі вучыўся ў Акадэміі Генеральнага штаба, я расказаў пра гэты выпадак сваім аднакурснікам. У нашай групе займаўся тройчы Герой Савецкага Саюза Аляксандр Пакрышкін. Ён папрасіў мяне паўтарыць аповед. «Гэта быў я», — засмучана прызнаўся ён. «Жартуеш, Саша?» — «Ды якое там «жартуеш»?! У пачатку вайны я на самай справе збіў Су-2. Быў са мной такі страшны выпадак. Не сустракаў раней самалёты Сухога, бо яны з’явіліся ў часцях перад самай вайной, а выгляд у іх быў незвычайны — палічыў, што фашыст...»
У вайну на самалёце Су-2 Каця Зялёнка здзейсніла паветраны таран. Было гэта так. Яна лятала на разведку ў Прылукі. Выканала заданне і вярталася назад. Да свайго аэрадрома заставалася лёту ўсяго тры хвіліны, калі на адзінокі самалёт навалілася ажно сем «месершмітаў». Трапным агнём дзяўчына збіла адзін. Але надта ж няроўны быў бой. Яна загадвае параненаму штурману пакінуць самалёт, а сама накіравала машыну насустрач «месеру» і вінтом адсекла яму крыло. Смяротна параненая Каця здолела пасадзіць самалёт на полі. Пахавалі яе тут жа, ля вёскі Анастасьеўка Сумскай вобласці. У памяць аб мужнай лётчыцы вучоныя назвалі «Кацюшай» адну з самых малых планет Сонечнай сістэмы.
Шмат лётчыкаў у Вялікую Айчынную вайну на самалётах Сухога сталі Героямі Савецкага Саюза.
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
(Працяг у наступным нумары.)