Містычная мапа Воршы ад Паўла Севярынца
Месца славутай бітвы і радзіма Караткевіча. Палітык і публіцыст Павел Севярынец распавёў пра містычныя і славутыя месцы роднай Воршы. |
NB
“У праекце выкарыстоўваецца словазлучэнне “Магічная мапа” — і, на мой погляд, гэта небяспечная памылка.
Справа ў тым, што магія — гэта спосаб зносінаў са звышнатуральнымі сіламі, заснаваны на чалавечай маніпуляцыі (спроба чалавека панаваць над Боствам). Магічныя практыкі — акультызм, гараскопы, порча, “зглаз” і да таго падобнае. Для адукаванага чалавека прыметнік “магічны” мае відавочна негатыўны, а не прыцягальны змест. Для хрысціянскіх супольнасцяў і ўвогуле “магічнае” атаясамляецца з паняццем “чартаўшчына”.
У процілегласць магіі містыка (mystery — таямніца) ёсць спосаб спасціжэння і адкрыцця Боства найперш праз сузіранне і паглыбленне ў сваё ўласнае сэрца. “Містычная мапа Беларусі” — тут ёсць і сэнс, і алітэрацыя, і станоўчая глыбіня, і позва да беларуса найперш звярнуць увагу на самога сябе”.
Павел Севярынец
Орша — месца, дзе я нарадзіўся. Для кожнага чалавека ёсць Божы провід: праз якую браму ўвайсці ў гэты свет. Для мяне гэта чамусьці аршанскі чыгуначны раддом, куды цеплавозам з нашай станцыі Пагост завезлі матулю, што крычала “Нараджаю!” пад самы новы 1977 год.
Уваходжу — тымі ж дзвярыма, якімі прайшлі заснавальнік адукацыйнай сістэмы ЗША, аршанец Францішак Дзеружынскі, генерал ордэна езуітаў, тутэйшы Франц Карэ, псіхолаг Леў Выгоцкі, мастак Мікола Купава, кіраўнік КДБ Беларусі Леанід Ерын, геній беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч і, хто б сумняваўся, першы прэзідэнт РБ Аляксандр Лукашэнка.
Орша. Здавалася б, ну што тут таемнага. Шэсць чыгуначных шляхоў, тры турмы (адну зачынілі) ды льнокамбінат. А, яшчэ аршанскія плаўленыя сыркі “Дружба”, якімі звычайна закусвалі на траіх.
Але ж Орша — гэта тое самае месца, дзе ў ліпені 1067 кіеўскія князі цалавалі крыж на перамовах з полацкім Усяславам Чарадзеем ды вераломна захапілі яго ў палон разам з дзецьмі.
Орша — месца, дзе ў ХІІІ стагоддзі месціўся маёнтак Андрэя Кабылы, далёкім нашчадкам якога, паводле Карамзіна, быў маскоўскі цар Міхаіл Фёдаравіч, заснавальнік дынастыі Раманавых. Нарэшце, Орша — той самы горад, інтэндантам якога ў 1812-м быў Анры Бэйль, у далейшым вядомы як Стэндаль.
Для савецкага беларуса святыя месцы — бераг Дняпра з помнікам “Кацюшы”, дзе 14 ліпеня 1941-га батарэя пад камандаваннем капітана Флёрава правяла першы залп, або чыгуначнае дэпо, месца працы падпольшчыка Канстанціна Заслонава, датычнага, калі верыць камуністам, да падрыву 93 нацысцкіх цягнікоў.
Паводле Аркадзя Смоліча, менавіта пад Оршай (з улікам этнічна беларускіх Смаленшчыны, Браншчыны ды Невельшчыны) знаходзіцца геаграфічны цэнтр беларускага свету.
Орша — месца баявой беларускай славы. Вёсачкі вакол — Хорабрава, Барань, Баяры, Стражава… У 1410 годзе пад Грунвальдам менавіта аршанская харугва разам са смаленцамі і мсціслаўцамі прыняла на сябе найстрашнейшы ўдар тэўтонскага ордэна і загінула амаль дарэшты. Орша, баярская Орша на старажытным шляху з варагаў у грэкі, паміж дняпроўскім бліскучым мечам, які рассякаў беларускі ўсход, і шабляй Дзвіны, выхапленай з похваў на поўначы, была ключом да абароны Вялікай Літвы ад самага небяспечнага ворага — Крамля.
Нездарма менавіта тут пяцьсот гадоў таму 8 верасня 1514-га пад гукі трубаў-сурмаў з турыных рагоў пачалася знакамітая Крапівенская сеча — бітва пад Оршай. 35 тысячаў беларусаў і палякаў перамаглі 80 тысячаў маскавітаў. Месца смерці дзясяткаў тысячаў расейцаў, поле, над якім стагоддзямі кружаць анёлы і бесы — містыка Оршы нумар 1. Прыдняпроўскі дол з абрывістымі берагамі ды ярамі, куды на вачах ворага пераправіліся ваяры гетмана Астрожскага, перапоўненая крывёю рэчка Крапіўна, у лагчыне якой уначы штоверасня спяваюць барды — наша вечная бітва пад Оршай.
Другі Божы дотык да Оршы — Куцейна,
самы цэнтр горада. Барокавы Багаяўленскі манастыр пачатку ХVII стагоддзя, фундаваны мсціслаўскім падкаморыем Статкевічам і асвечаны мітрапалітам Пятром Магілам, паводле словаў расейскага патрыярха Нікана — галава беларускага праваслаўя. Рэшткі пячорнай падземнай царквы Уваскрасення святога праведнага Лазара ў Куцейне ў 1988 годзе раскопваў Бяляцкі. Менавіта тут, у Куцейне, знакаміты друкар Спірыдон Собаль надрукаваў першы на свеце “Буквар” ды яшчэ 26 кніг аж да патопу 1654 года.
…А Расія дагэтуль не ведае, што буквар, “Кацюшу” і нават цара яна атрымала з-пад залітай маскоўскай крывёю Оршы.
І нарэшце трэцяя аршанская таямніца — Караткевіч.
Дом, дзе 26 лістапада 1930 года ён нарадзіўся, — цяпер ягоны музей. Заходзіш, а вакол крыламі і ветразямі — старонкі кніг, плакаты, партрэты, рукапісы.
Проза Караткевіча — то старажытная, то сярэднявечная, то барокавая загадка. Вершы Караткевіча — нацыянальныя гімны. Як аршанцу ўдалося крануць такія глыбокія, такія запалоханыя, такія абыякавыя беларускія сэрцы паваеннага ХХ стагоддзя — суцэльная містыка. Веру, што цэнтральная вуліца Оршы з домам-музеем Караткевіча ўрэшце будзе насіць не кляймо “Леніна”, а менавіта імя аўтара “Дзікага палявання караля Стаха”, “Каласоў пад сярпом тваім”, “Ладдзі Роспачы” і “Сівой легенды”.
Орша — ключ да безлічы беларускіх таямніцаў, пра якія даведаемся толькі тады, калі зірнем на Оршу з нашай нябёснай Айчыны — адтуль, адкуль глядзіць на нас з вечнай любоўю, ласкай і болем Сам Госпад Бог.
Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі. |