Магічная мапа Маладзечна ад Таццяны Беланогай
|
Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Максіма Багдановіча
Вядома ж, гэта адзін з самых прыгожых будынкаў у горадзе, там высокія столі, там заўсёды праходзілі выставы карцін таленавітых мастакоў, там працуюць цудоўныя бібліятэкары. Калі я ішла ў бібліятэку, я ведала, што траплю ў прастору прыгажосці. Безумоўна, эстэтыка важная для мяне. Але самае вартае ў бібліятэцы — гэта кнігі. У нашай бібліятэцы можна хадзіць паміж стэлажамі і самой выбіраць кнігі. А зала даволі вялікая, кніжны фонд таксама немаленькі, таму я яшчэ любіла сам працэс выбару кніг.
Вялікі Гасцінец
Галоўная вуліца горада. Мне падабаецца назва. У Маладзечне Генадзь Карпенка перайменаваў усе вуліцы ў 90-х гадах. Мне падабаецца адчуванне падарожжа на гэтай вуліцы, тое, што дарога доўгая і да мэты яшчэ далёка.
Гарадскі парк
Ён ціхі, зялёны, акуратны. Я люблю гуляць па знаёмых дарожках. Той жа пейзаж, але я ўжо іншая.
Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі. |