Магічная мапа Віцебска ад Святланы Баранкоўскай

Источник материала:  
16.05.2014 15:15 — Новости Общества


Магічная мапа Віцебска ад Святланы БаранкоўскайДругі па велічыні кар’ер у Еўропе, сядзіба Рэпіна і Вакзал-гара — мастачка і краязнаўца з Віцебска Святлана Баранкоўская расказвае пра магічныя месцы горада і ваколіц.



Пасёлак Руба

Чароўныя дзівосы чакаюць цікаўных на мяжы горада. Не было ў Рубы свайго Паўла Бажова, каб апісаць гаспадыню даламітавай гары. А менавіта даламітавыя выкапні наклалі пячатку на стварэнне на беразе Дзвіны паселішча. Руба — старажытная вёска, каля якой былі найвялікшыя на Дзвіне парогі, небяспечныя для караблёў і плытоў. Уздоўж ракі і па яе рэчышчы тут выходзяць на паверхню даламітавыя пласты — найбуйнейшае ў Беларусі радовішча высакаякасных вапнякоў. Якая б высокая ні была вада, буруны ад парогаў усё роўна бачныя з моста цераз Дзвіну. На даламітавых парогах расце вельмі рэдкі водны мох цынкліндотус дунайскі (Cinclidotus Danabicus). Наколькі старажытная Руба — невядома. Падчас шляху з варагаў у грэкі нельга было абысціся без мясцовага лоцмана, а то і нават волаку.

Магічная мапа Віцебска ад Святланы Баранкоўскай


Сугучна мясцінам назва Руба перакладаецца на сучасную мову з беларускай як парог ракі ці грубае шво ў адзенні. Вапну для будаўнічых мэтаў пачалі здабываць тут яшчэ да рэвалюцыі, а ў 1931 каля Рубы заснаваны вапнавы завод, вакол якога вырас завадскі пасёлак. Кажуць што нашая царква Дабравешчання таксама пабудаваная з рубаўскага каменю. За гэты час адкрытым метадам, як на распрацоўках кімберлітавых трубак з дыяментамі ў ЮАР, нарылі новы нязвыклы ландшафт. Цяпер не трэба ехаць на край свету, каб паглядзець дно дэвонскага мора, знайсці адбіткі дагістарычных земнаводных і папарацяў, якія былі на Зямлі 400 мільёнаў гадоў таму. Дастаткова заехаць, напрыклад, у кар’ер Гралёва. Другі па велічыні ў Еўропе. Такі вялікі, што БелАЗы на яго дне падаюцца мурашамі ў мурашніку. Ва ўжо распрацаваныя кар’еры набралася вада, і атрымаліся найпрыгажэйшыя азёры з рэдкімі раслінамі, занесенымі ў Чырвоную кнігу Беларусі. Узімку тут атрымліваюцца сапраўдныя горналыжныя трасы і ледадром. Змерзлыя ледапады вельмі падыходзяць для трэнінгу лядовых альпіністаў. Але для гэтага трэба прасіць дазволу ў адміністрацыі “Даламіта” і горналыжнага цэнтра “Руба”. А адпачыць можна недалёка, у аздараўленчым цэнтры “Жалезнякі”.


Музей-сядзіба Іллі Рэпіна Здраўнёва

Для сябе ўпершыню гэты ўскраек я адкрыла дзякуючы клубу “Узгор’е” ў 1987 годзе. Тады са здзіўленнем і недаверам глядзела я на смешных дзядзькаў, што паказвалі нейкую лужыну, рукамі рылі камяні нібыта з муроў ды абдымалі старыя ліпы на месцы былой сядзібы Рэпіна. Сэрца сціскалася болем ад поўнай безнадзейнасці па страчанай назаўсёды перліне вялікага мастака. Я ведала, што цудаў не бывае! Пасля продажу знакамітых “Бурлакоў на Волзе” Рэпін купляе сядзібу ў малым Койтаве, і ставіць там сваё Здраўнёва. Па яго эскізах, як пазней у “Пенатах” у Куокале, быў створаны казачны будынак з вежаю і кабінетам на агляднай пляцоўцы. Мастак глядзіць на маляўнічыя краявіды і стварае дзівосныя карціны “Месяцовая ноч”, “На сонцы”, “Беларус”, “На Заходняй Дзвіне. Усход сонца” і інш.

Магічная мапа Віцебска ад Святланы Баранкоўскай


Амаль дзесяць гадоў плённай працы майстра, які нарэшце стварыў вакол сябе сваю ўласную “дзяржаву”. У 20-я гады савецкая ўлада прызнае сядзібу нацыянальнай каштоўнасцю. За нейкія дзесяць гадоў ад рэпінскай сядзібы не застаецца анічога. Акрамя памяці, колькіх здымкаў ды накідаў мастака. У 1988 годзе на месцы сядзібы быў створаны музей, які, згарэлы ў 1995-м, зноўку быў адроджаны ў 2000 годзе. Цяпер Здраўнёва прымае гасцей з усяго свету. Гэта падзяка віцяблян Іллю Яфімавічу за яго закаханасць у нашыя краявіды, людзей, горад, пра які ён казаў: “Это прекрасный городок, на Толедо похож”.


Замкавая гара

Раней яна называлася гара Ламіха. У перакладзе з санскрыцкага складовага пісьма сэнс яе назвы Ла-Мі(е)-ха палягае ў “спакойным сховішчы для духоўных каштоўнасцяў, што супрацьстаіць часу і рабаўнікам”. Гэтая гара і сталася месцам, з якога пачаўся Віцебск. Яго назва па тым жа прынцыпе перакладаецца: Ві-т(ць)-ба-ск — веды на зямлі вольнага духу боскай велічы ззяння і бляску.

Магічная мапа Віцебска ад Святланы Баранкоўскай


У пачатку ХІХ стагоддзя на гэтай гары знаходзіўся так званы воксал (вакзал) — месца для танцавальных вечарын улетку і гулянняў зімой. Павільён для танцаў, альтанка для тых, хто не танцуе, буфет, кегельбан (боўлінг) ды прыбіральня. Тады і сталася свята месца Вакзал-гарой. А у 1870 — пачатку 1880-х гару ўвогуле зрылі. Кажуць, быццам жыхары горада не здолелі пайсці на такія “заробкі”. Давялося імперскім уладам даручаць справу сваім жаўнерам. А месцічы стаялі са слязьмі на вачах і назіралі, як з-пад рыдлёвак чужынцаў сыплецца гліністая чырвоная зямля — так падобная да крыві продкаў.

Тое, што засталося ад археалагічнага помніка — Віцебскага замка — пасля Вялікай Айчынай вайны, было з поспехам зрытае ў 1950-я. І ўжо канчаткова закладзенае “помнікам архітэктуры” — бетонным гмахам насупраць універмага.


Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.by (з пазнакай у тэме ліста “Магічная мапа”) спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект “Магічная мапа” ад кампаніі Будзьма беларусамі!”




←Хирург из Западного Онтарио провел операцию совместно с белорусскими коллегами в гомельском кардиоцентре

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика