Уганаравалі траіх ветэранаў, якія вызвалялі Маладзечна
Колькі ўдзельнікаў вайны мае наш рэгіён і колькі іх было летась.
МАЛАДЗЕЧНА.Напярэдадні 9 мая званне ганаровы ветэран Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў атрымалі вызваленцы Маладзечна. Іх цяпер жыве ў горадзе трое: Канстанцін Капсунаў, Аляксей Маскіцінін і Віктар Адамовіч.
Пра гэта паведаміла старшыня маладзечанскага Савета ветэранаў Станіслава Зубкова.
Усяго на Маладзечаншчыне жыве 42 інваліды вайны, 123 удзельнікі. Чатыры блакаднікі Ленінграда, 42 работнікаў тылу, восем прыфрантавікоў чыгункі. Усяго − 219 чалавек.
Летась удзельнікаў вайны ў Маладзечанскім раёне было 348, былых вязняў – 211, з якіх 187 былі непаўналетнімі.
ВІЛЕЙКА. На Вілейшчыне жыве 101 ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх – 20 інвалідаў вайны, 61 удзельнік, 19 чалавек, узнагароджаных ордэнамі ці медалямі за працу ў тыле, адзін жыхар блакаднага Ленінграда.
У раёне жывуць 16 былых паўналетніх і 93 – непаўналетніх вязняў.
Год таму на Вілейшчыне пражывала 124 ветэраны вайны, у тым ліку 24 інваліды, а таксама 100 былых непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых мясцін прымусовага ўтрымання.
МЯДЗЕЛ. На пачатак мая на Мядзельшчыне пражываюць 35 удзельнікаў вайны (з іх – шэсць жанчын), восем інвалідаў вайны, шэсць працаўнікоў тылу, адна жыхарка блакаднага Ленінграда. Усяго – 50 чалавек.
Сярод жыхароў раёна – 23 былых паўналетніх і 118 непаўналетніх вязняў.
Летась на Мядзельшчыне было 40 удзельнікаў і 10 інвалідаў вайны, шэсць працаўнікоў тылу, адзін вязень канцлагера і адна жыхарка блакаднага Ленінграда.
СМАРГОНЬ. На Смаргоншчыне цяпер пражываюць 55 ветэранаў. Дзевяць з іх – інваліды вайны, чатыры – блакаднікі, 28 – удзельнікі, яшчэ 14 узнагароджаныя медалямі за самаадданую працу.
Летась у раёне жылі 72 ветэраны і 20 вязняў канцлагераў.
АСТРАВЕЦ. Летась у Астравецкім раёне было 13 удзельнікаў вайны, а таксама 13 вязняў фашысцкіх канцлагераў.
АШМЯНЫ. Паводле звестак мінулага года, у Ашмянскім раёне было 33 ветэраны. Было 5 чалавек, якія ўжо паўналетнімі патрапілі на прымусовыя працы ў Германію. Яшчэ 8 чалавек з Ашмянскага раёна апынуліся там у непаўналетнім узросце.
ВАЛОЖЫН. У Валожынскім раёне летась было 89 ветэранаў і 92 вязні канцлагераў.