Магічная мапа Гомеля ад Леслі Найфа
Лідар металёвага Gods Tower легендарны Леслі Найф назваў тры самыя гатычныя, загадкавыя ды вусцішныя месцы роднага Гомеля. |
Спуск па вуліцы Падгорнай
За царскім часам гэты раён называўся Каўказ. Каўказ мае багатую гісторыю: калісьці тут былі публічныя дамы, а падчас Другой сусветнай вайны стаялі шыбеніцы, на якіх вешалі непажаданых.
Старая Валатова
Вёска ў межах горада, у пачатку 90-х многія бачылі над ёй НЛА, можна тут сустрэць і прывідаў. Я сам назіраў дзіўныя з’явы. Тут ёсць месца, дзе знаходзіцца паварот ракі і невялічкая выспа, на якую мы хадзілі адпачываць. Пераходзячы ноччу рэчку ўброд, на дрэвах я пабачыў Вілію. Гэта такая прывідная жанчына, якая спераду ёсць, а калі глядзець ззаду, яна знікае. Можна сказаць, што я зашмат ужыў алкаголю, але дыму без агню не бывае. Да таго ж у гэтым месцы зданяў бачылі многія.
Могілкі ў Навабеліцы
На Навабеліцкіх могілках ёсць адзін склеп. Мясцовая легенда кажа, што пасля вайны ў ім былі знойдзеныя нямецкія дакументы. Аднойчы супрацоўнікі спецслужбаў пайшлі ў той склеп нешта шукаць ды і самі зніклі, і сувязь з імі перарвалася. Пасля гэтага выпадку склеп зачынілі, і цяпер туды нікога не пускаюць.
Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі. |