Маладзечна. Каб у кавярні скарыстацца прыбіральняй, трэба праявіць дзівосы эквілібрыстыкі
Прыбіральня ў адной з кавярняў Маладзечна. Дзверы проста ўпіраюцца ва ўнітаз. Фота Наталлі ТУР.
У адной з маладзечанскіх кавярняў створаныя ўсе ўмовы, каб зноў вярнуцца ў СССР. Відаць, кафэ і працуе для тых, хто сумуе па пралетарскіх паводзінах афіцыянтак і макароне, якая зліплася.Гэта кавярня амаль заўсёды зачыненая на спецабслугоўванне. Я сабе на хвілінку ўявіла тых няшчасных, хто запрасіў сюды бабулю з Барнаула і дзядзьку Пецю з Варкуты, каб адсвяткаваць вяселле. Але гэта лірыка. Магчыма, банкеты тут праводзяць на ўзроўні. Не была, не ведаю.
Мне толькі аднойчы “пашчасціла” тут паабедаць, і я ўпэўненая, што гэта быў першы і апошні раз.
Комплексны абед каштуе тут крыху болей за 30 тысяч. Заплаціла за яго за высокай стойкай адразу, як зрабіла заказ. У комплексны абед ўваходзяць суп, салата, курынае філе, макарона і кампот з яблык.
Афіцыянтка паклала прыборы наўпрост на абрус. Пры гэтым выраз яе твару быў каменны. Калі прынеслі хлеб, і я падцягнула яго бліжэй да сябе, тая ж афіцыянтка з суровым выглядам твару цвёрда сказала: “Гэта не ваша”. Цудоўна, у мяне за столікам, аказваецца, будуць суседзі.
Пра суп і філе з курыцы дрэннага гаварыць не буду, было смачна. Але гарнір... Макарона дзяцінства! Памятаю, калісьці ў школьнай сталовай былі такія ж: усе ў тлушчы, слізкія, шэрыя, халодныя і клейкія. Мы з імі адзін аднаго не зразумелі, мне нават непрыемна было на іх глядзець, не тое, што есці.
Заставалася запіць усё кампотам. Я прыгожа склала прыборы і ўсё глядзела на афіцыянтку, спадзеючыся на тое, што яна заўважыць мяне і падыдзе.
Не заўважыла.
Вырашыла, пакуль схаджу ў прыбіральню, персанал заўважыць, што за сталом нікога няма і за гэты час прыбярэ стол і прынясе кампот.
Дзверы ў прыбіральню ў гэтай дзіва-кавярні размешчаныя паміж двума столікамі, за якімі ядуць людзі. Прыемнага апетыту, таварышы.
Мала таго, што дзверы не проста не зачыняюцца на зашчэпку, яны не зачыняюцца ўвогуле. І, прашу прабачэння ў чытачоў за падрабязнасці, каб скарыстацца прыбіральняй па прызначэнні, трэба праявіць дзівосы эквілібрыстыкі: дзверы ўпіраюцца ў самы ўнітаз.
Ля рукамыйніка вісіць кантэйнер для вадкага мыла, на якім скотчам прыклееная паперка, на якой напісана “БОДИСОФТ”. Як я, беларуска, павінна здагадацца, што там унутры?
Выходжу з прыбіральні. Мая макарона, як і пустыя брудныя талеркі, так і стаіць на стале. Кампоту я не дачакалася. Хаця, прызнацца, піць не вельмі і хацелася.