«Ведаю дзясятак моў, а размаўляю на беларускай»

Источник материала:  
У МЕЛЬНІЦЫ раней вірыла жыццё. Было ў ёй за тры дзясяткі двароў. Засталося ж дванаццаць, і тыя амаль з аднымі пенсіянерамі. На работу ходзяць толькі Неміровічы і Гуліевы.

СЯМ’Я Авеза і Нарміны Гуліевых з Нагорнага Карабаха з’явілася тут чвэрць веку таму назад. Прыехалі, як узгадвае сама гаспадыня, толькі захапіўшы з сабой адну пялёнку для будучага дзіцяці. Калгас «Іскра», такое найменне насіла тады цяперашняе ААТ «Васюкі», выдзеліў дом, зямлю, карову. Працаваць Авез уладкаваўся аператарам на мясцовую ферму па догляду цялят, чым займаецца і цяпер. У яго іх дзве групы. Адна — маленькія, якіх толькі аднялі ад кароў, і другая — цяляты на дарошчванні. Усяго 150 галоў. Спраў хапае. Трэба і пойла зварыць, і накарміць, і пачысціць. Авез спраўляецца. Яго стараннасцю не можа нахваліцца намеснік дырэктара таварыства Алег Перхуровіч:

— Вельмі сумленны і адказны чалавек. Клапоціцца пра жывёлу, як пра сваю. Усе б так рабілі — ніякіх праблем не было б!

Спагаду да жывёлы Авез займеў яшчэ на сваёй радзіме. У Азербайджане ён гадаваў тры каровы. Не стаў парушаць гэту традыцыю і тут. Дзве каровы дапамог набыць калгас, а вось трэцюю завялі самі: вырасцілі з цяляці ад уласнай рагулі. Даіць іх даводзілася спачатку самому, бо Нарміна — гараджанка, з Баку, і да такой нязвыклай справы не магла адразу прызвычаіцца. Праўда, з цягам часу ўсё наладзілася. А летась і зусім выйшла палёгка.

— Вычытаў я ў «Сельской газете», — расказвае Авез, — што ёсць міні-апараты па даенні кароў у падсобных гаспадарках. Заказаў такую даільную ўстаноўку, заплаціў восем мільёнаў. Грошы немалыя, але яна апраўдвае сябе.

Больш таго, Авез, а рукі ў яго залатыя, каб не цягаць жанчынам бітон па ўсяму хляву, змайстраваў трубаправод. Летам за суткі сям’я Гуліевых прадае да ста кілаграмаў малака і ўваходзіць у тройку лепшых малаказдатчыкаў Станіславоўскага сельскага Савета.

Гуліевы гадуюць яшчэ свіней, курэй-бройлераў. Маюць участак, дзе садзяць гародніну, а частку зямлі здаюць у арэнду яшчэ акцыянернаму таварыству. Гэта выгадна, бо восенню атрымліваюць бясплатна дзве тоны зерня, а за цялят ад уласных кароў — рулоны гатовага сена. Так што падсобная гаспадарка поўнасцю забяспечана кормам і дае неблагі прыбытак. Нават падтрымлівалі бацькоў у цяжкі час, пасылалі ім грошы.

Цудоўныя адносіны склаліся ў Гуліевых і з суседзямі:

— Авез, Нарміна і іх дзеці — прыклад для ўсіх! — такую характарыстыку дае ім старшыня Станіславоўскага сельскага Савета Алена Сідарчук. — Вельмі добра ладзяць.

Словам, прыжыліся, «закаранелі» Гуліевы на шаркаўшчынскай зямлі, якая стала ім другой радзімай.

Двойчы ездзіў Авез у Азербайджан. Там у яго засталіся два браты і сястра. Наладзілася жыццё ў Азербайджане, і родзічы настойліва пачалі ўгаворваць яго вяртацца. І нешта зварухнулася ў душы Авеза. Урэшце, як бы і Нарміна не супраць была вярнуцца. Але калі, здаецца, усё было вырашана, узнікла непераадольная перашкода: ехаць у Азербайджан катэгарычна адмовіліся дзеці — Ільяс і Лале.

З ІЛЬЯСАМ сустрэцца не ўдалося, ён знаходзіўся за межамі раёна, у Полацку. Затое яго сястра была дома. Яна расказала і пра сябе, і пра брата.

Лале — па-азербайджанску значыць «мак». І сапраўды, дзяўчына нечым падобна на макавую кветачку: вытанчаная і гарэзлівая. Пачала яна гутарку з таго факта, што пасля заканчэння мясцовай Слабадской сярэдняй школы з вельмі добрымі адзнакамі здала тэсты і набрала неабходныя балы ў Мінскі медыцынскі ўніверсітэт. Прыйшло запрашэнне на вучобу. Аднак бацькі перастрахаваліся, што далёка тая сталіца. Параілі вучыцца бліжэй да дому, у Полацкім эканамічным каледжы, які і закончылі летась з братам. Яна па спецыяльнасці эканаміст, а ён — праграміст.

Сёння Нарміна перажывае за дачку, што, маўляў, дарэмна адгаворвалі, добрым была б урачом. Вельмі ж ужо здатная.

Аб незвычайных здольнасцях Лале і Ільяса ў адзін голас гаварылі настаўнікі Слабадской школы. Асабліва гэта праяўлялася ў беларускай мове, па якой адзін і другі былі прызёрамі раённых і абласных алімпіяд.

— Мне вельмі падабаецца беларуская мова, такая пяшчотная і мілагучная, — прызнаецца Лале. — Я чытала і чытаю з захапленнем беларускую літаратуру: такіх пісьменнікаў, як Янка Купала, Якуб Колас, Іван Мележ, Іван Шамякін. У класе я была адна дзяўчынка сярод хлопцаў і пра змест вялікіх твораў часта распавядала ім.

Між іншым, тэсты ва ўніверсітэт Лале здавала толькі на беларускай мове. А наогул, гэта незвычайная дзяўчына-самародак ведае звыш за дзясятак моў. У тым ліку нямецкую, французскую, азербайджанскую, турэцкую, арабскую, іранскую, украінскую. Азербайджанскую пераняла ад бацькоў, французскую вывучыла на факультатыве ў школе, а вось астатнія адолела самастойна. Дзякуючы гэтаму мае нямала сяброў. З некаторымі, як, напрыклад, з Украіны, перагаворваецца па Інтэрнэту. Пазнаёмілася з імі тады, калі прыязджалі да родзічаў у тутэйшыя мясціны.

НЕЗАБЫЎНАЕ ўражанне на Лале пакінула наведванне радзімы бацькоў:

— Ехалі цягніком трое сутак. Там няма зімы. У дзеда Мурсалы ў садзе растуць вінаград, хурма, арэхі грэцкія, слівы, персікі, — потым задумваецца і дадае: — Але пабыла там некалькі дзён і пацягнула мяне назад, дахаты. Гэта для маіх бацькоў Беларусь — другая Радзіма, а для нас з Ільясам — першая! Мы ў Беларусі, на гэтай зямлі нарадзіліся. У нас тут любімыя настаўнікі, сябры і ўсё наўкол — роднае!

Аднак са сваёй першай Радзімай, Азербайджанам, Гу- ліевы не парываюць. Яны строга шануюць яе традыцыі і перадаюць дзецям. Фактычна яны стварылі астравок азербайджанскай нацыянальнай культуры. Асаб- ліва гэта яскрава бачна на прыкладзе кухні. У меню абавязкова ёсць азербайджанскія стравы. Яе сакрэтамі Гуліевы ахвотна дзеляцца.

— У нас у Жукоўскім сельскім клубе працуе аматарскае аб’яднанне «Гаспадыня», — расказвае педагог Надзея Кіраенка. — Вельмі актыўнымі членамі аб’яднання з’яўляюцца Нарміна з дачкой Лале. Там мы абмяркоўваем рэцэпты страў азербайджанскай і беларускай кухні. Нам даспадобы іхнія стравы «далма», «пахвала», «шароба». Ім — нашы дранікі, клёцкі, бабкі.

ГУЛІЕВЫ ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах не толькі аб’яднання, але і раённых, нават абласных. Так, іх нельга было не заўважыць на святах, прысвечаных 510-годдзю Шаркаўшчыны, і «Светлы Яблычны Спас — Сікораўскай душы часцінка». А ў верасні мінулага года яны атрымалі Дыплом на абласным фестывалі ў Міёрах, у якім напісана:

«Узнагароджваецца сям’я Гуліевых, вёска Мельніца, за папулярызацыю страў азербайджанскай нацыянальнай кухні на абласным свяце нацыянальных культур, беларускай кухні і гульні «Нас з’яднала Беларусь».

Дарэчы, на гэтым фестывалі Лале спявала на азербайджанскай мове, а самай любімай яе песняй з’яўляецца «Беларусь».

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

←Дождик в марте тоже хорошо

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика