Гарадзенскія курсы "Мова нанова": на другі занятак зноў прыйшло 100 чалавек
Тэмай другой гарадзенскай сустрэчы, што адбылася ў будынку лютэранскай кірхі, сталі казкі і займеннікі. Выкладчык і аўтар казак Ігар Кузьмініч на асабістым досведзе напісання беларускіх казак для дзетак распавёў, што напісаць казку можа любы чалавек. Вольга Астроўская распавяла, як спрагаюцца займеннікі. Прывітальнае слова перад прысутнымі, спрабуючы размаўляць па-беларуску, зрабіў пастар лютэранскай кірхі Уладзімір Татарнікаў.
Пра ўражанне ад сустрэчы Ігар Кузмініч падзяліўся са слухачамі Беларускага Радыё Рацыя:
- Для чаго, з майго пункту гледжання, "Мова нанова" робіцца. Гэта не столькі пра змест таго, пра што мы размаўляем, не столькі нават пра правілы, хаця і гэта вельмі істотна, гэта не столькі пра тыя новыя словы, якія можна даведацца. Гэта стварэнне беларускамоўнага асяроддзя для тых людзей, якія хочуць гэтым займацца, якім гэта падабаецца, якія хочуць пазнаваць свет праз вывучэнне мовы. Мова - гэта толькі інструмент, пры дапамозе якога мы па-іншаму разумеем свет.
Гарадзенскія курсы "Мова нанова" ладзяцца грамадскім аб"яднаннем "Центр "Трэці Сэктар". Тэмай наступнай сустрэчы стане "Вясна. Каханне. Заляцанне".