Візы: не паспеў прайсці электронную рэгістрацыю – чакай месяц

Источник материала:  

Фота ua.all.biz.

Маладзечанец згубіў тры месяцы падчас атрымання візы праз электронную рэгістрацыю.

Студзеньскае пагадненне аб спрошчаным візавым рэжыме паміж Беларуссю і ЕС павінна зменшыць кошт візы да 35 еўра. Аднак наколькі танней стане віза ў рэальнасці?

Шмат беларусаў фактычна не адчуюць гэту розніцу ў кошце. Для іх нашмат даражэй за цяперашні візавы збор паслугі пасрэднікаў, да якіх яны звяртаюцца. Гэтыя асобы, якія могуць быць як легальнымі юрыдычнымі, так і незарэгістраванымі фізічнымі, тым ці іншым чынам дапамагаюць з атрыманнем шэнгенскай візы.

Даследаваць гэтае пытанне ўзяліся Андрэй Елісееў (Belarusian Institute for Strategic Studies) і незалежны эксперт Юлія Мурыгіна.


Андрэй Елісееў, прадстаўнік BISS, і незалежны эксперт Юлія Мурыгіна, якія праводзілі даследаванне па візах.

У межах даследавання

Правялі:

1) 20 тэлефонных інтэрв’ю з супрацоўнікамі кампаній і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія займаюцца візавым пасрэдніцтвам.

2) 50 анкет, што запоўнілі візавыя заяўнікі каля консульства Польшчы ў Мінску, якія звярталіся да пасрэднікаў па дапамогу ў атрыманні візы.  

3) 150 электронных анкет беларускіх візавых заяўнікаў, якія звярталіся ў консульствы розных краін Шэнгену.

4) інтэрв’ю з IT-спецыялістам па пытаннях, звязаных з электроннай рэгістрацыяй для падачы дакументаў у консульствы краін ЕС.

Не атрымалася зарэгістравацца – чакай месяц

Дзясяткі тысяч беларусаў мусяць плаціць не толькі візавы збор, але і за паслугі візавых пасрэднікаў. Падчас атрымання візы ў польскім і літоўскім консульствах да іх звяртаюцца дзесьці 20-30% ад іх агульнай колькасці.

Такі ажыятаж выклікаюць складанасці з электроннай рэгістрацыяй. Больш за 70% апытаных назвалі гэтую прычыну адзінай. Яшчэ для часткі праблема ў велізарных чэргах на падачу дакументаў у консульства і неабходнасці тлумачыць прычыну жадання атрымаць візу.

Маладзечанец Сяргей Чабай неаднойчы карыстаўся электроннай рэгістрацыяй. Аднак зарэгістравацца з першага разу атрымоўвалася не заўсёды. Тады даводзілася чакаць яшчэ колькі тыдняў, каб у чарговы раз “выпрабаваць лёс”, бо рэгістрацыю праводзяць толькі раз на месяц.

– Як толькі пачынаецца рэгістрацыя, сайт жудасна вісне. Паўтары-дзве гадзіны можа грузіцца адна старонка. Даводзіцца проста сядзець і ўвесь час абнаўляць сайт. Прытым паралельна на розных браўзерах. Пацвердзіўшы, што ты не робат, абраўшы патрэбны горад і пазначыўшы, навошта віза, трэба паспець “схапіць” дату, калі можна будзе падаць дакументы. Іх вельмі хутка разбіраюць. Калі паспеў і загрузілася анкета – ты шчасліўчык. Яе трэба за 20 хвілін запоўніць, захаваць і раздрукаваць.

Але ўвесь час ёсць рызыка, што ў любую секунду цябе могуць проста “выкінуць” з сайта і трэба будзе рабіць усё па новай. У выніку рэгістрацыя займае ад двух да шасці гадзін. І гэта ў лепшым выпадку.

Па дадзеных апытання, кошт паслуг візавых пасрэднікаў вагаецца ад 50 да 150 еўра, часам нават больш.

Пасрэднікі – хто яны?

1. Турыстычныя фірмы, акрэдытаваныя пры консульствах.

2. Працэдурныя пасрэднікі – кампаніі, якія дапамагаюць выключна з запаўненнем візавай анкеты і кансультуюць па неабходных дакументах.

3. Рэгістрацыйныя пасрэднікі, інакш “хакеры”, якія прадаюць выключна візавую рэгістрацыю. Тут могуць быць як зарэгістраваныя ІП, так і асобы, якія працуюць нелегальна.

4. Пасрэднікі, якія разам з электроннай рэгістрацыяй даюць фіктыўныя падставы для атрымання візы.

Паслугі пасрэдніка не павінны перавышаць 30 еўра

Згодна з Візавым кодэксам ЕС, супраца консульства са знешнімі пастаўшчыкамі паслуг можа быць наладжана. Прадстаўніцтва краін Шэнгену ў межах супрацоўніцтва ў краіне знаходжання абменьваюцца інфармацыяй пра выбар знешніх пастаўшчыкоў паслуг і ўстанаўленні пагадненняў з імі.

Разгляд заяў, магчымае інтэрв’ю, рашэнне па заявах і ўнясенне візаў у дакументы мусяць выконвацца выключна супрацоўнікамі консульства.

Адпаведна за знешнім пастаўшчыком можа замацоўвацца астатні комплекс паслуг: магчымасць атрымання агульнай інфармацыі па візавых патрабаваннях і запаўненні заяў, інфармаванне заяўніка аб неабходных суправаджальных дакументах, збор дадзеных і заяў і перадача іх у консульства, збор аплаты, упраўленне назначэннем на прыём у консульства, збор праязных дакументаў.

Згодна з Візавым кодэксам, плата за паслугі візавага пасрэдніка не павінна перавышаць паловы стандартнага візавага збору, гэта значыць не больш за 30 еўра.

Цяпер у Беларусі ўсяго адзін падобны знешні пастаўшчык паслуг – Візавы Цэнтр Іспаніі ў Мінску, які адкрыўся летась у маі. Гэта філіял кампаніі VFS Global – найбуйнейшы ў свеце, які дае магчымасць аказваць знешнія візавыя паслугі.

Першыя, але гэтага недастаткова

Нягледзячы на тое, што Беларусь лідзіруе па колькасці выдадзеных віз на душу насельніцтва сярод усіх краін (каля 130), дзе існуе візавы рэжым з ЕС, попыт усё роўна перавышае прапанову.

Па агульнай колькасці выдадзеных віз нас апярэджвае толькі Расія з насельніцтвам больш за 140 мільёнаў чалавек, Украіна, дзе пражывае 45 мільёнаў чалавек, і Кітай з яго 1 мільярдам і 350 тысячамі жыхароў.

Аднак візу атрымлівае не кожны, хто жадае. Асабліва, калі ўлічыць, што большасць едзе альбо ў Літву, альбо ў Польшчу. На гэтыя консульствы прыходзіцца 2/3 усіх выдадзеных у Беларусі шэнгенскіх віз. Таму ім даводзіцца працаваць на мяжы магчымасцяў, бо польскі бок усё яшчэ  не можа дамовіцца з беларускімі ўладамі аб павелічэнні колькасці консульскіх работнікаў у Беларусі.

←"Западную Беларусь полякам отдать?". Что молодой кандидат предлагает избирателям в Бресте

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика