Першы дзень датэрміновага галасавання ў Баранавічах: амаль пустыя выбарчыя ўчасткі
У Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах у мясцовыя Саветы.
Жыхары Баранавічаў пакуль не вельмі імкнуцца ісці і "волевыяўляць".
Старшыні камісій пацвердзілі, што электарату 18 сакавіка на ўчастках няшмат. Самая буйная "дэлегацыя" выбаршчыкаў сярод тых, каго заўважылі карэспандэнты "ІР", - гэта 8 навучэнцаў тэхналагічнага каледжа разам са сваёй куратаркай. З яе слоў, вучняў на выбары ніхто не гоніць - яны ідуць галасаваць самі, бо на выхадныя раз'язджаюцца па родных гарадах і вёсках.
Не абышлося без эксцэсаў. На адным з участкаў сакратар камісіі пачаў патрабаваць у журналістаў дазвол на прысутнасць за подпісам старшыні ЦВК. Аднак канфлікт усё ж удалося вырашыць, не турбуючы пры гэтым Лідзію Ярмошыну.
Прагаласаваць датэрмінова можна на працягу яшчэ чатырох дзён.