Каля прахадной мітынгавалі ткачы "Дываноў Брэста"
У аўторак ім не далі працу, хоць абяцалі.
Зранку 18 сакавіка работнікі ткацкага цэха прыйшлі на працу, але яе не было. А калі прыйшла адміністрацыя, то высветлілася, што працы і не будзе. На масавым абмеркаванні выступіла ткачыха Валянціна Нікалаева:
"На ганку стаім, вось такая праца. Кантора працуе, а мы стаім. На тыдзень выйдзем, а потым зноў прастой - і так апошнія пяць месяцаў! Два гады таму мы дзевяць месяцаў стаялі, а яны ўвесь гэты час хадзілі на працу. Дык чаму не наладзілі збыт? На тэрыторыі камбіната працуе 8 арэндных брыгад швейнікаў. Яны адміністрацыі за арэнду плацяць спраўна, а мы з гэтага нічога не маем".
За вымушаны прастой работнікам плацяць 2/3 тарыфу. Гэта каля 600 тысяч рублёў у месяц. Цяперашні прастой адміністрацыя тлумачыць адключэннем электраэнергіі за пазыкі. Нічога пэўнага ткачам пакуль не абяцаюць.
У лютым сход акцыянераў з ініцыятывы Міністэрства лёгкай прамысловасці прыняў рашэнне звярнуцца ў эканамічны суд з просьбай прызнаць прадпрыемства банкрутам. Акцыянеры-працаўнікі галасавалі супраць, але ўсё вырашылі прадстаўнікі мажарытарнага акцыянера. 99% акцый "Дываноў Брэста" належаць дзяржаве.