У пятніцу пацяплее да +18 градусаў
Фота 4put.ru.
З чацвярга ў Беларусі пачне цяплець, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў.Паводле яго слоў, у аўторак умовы надвор'я на тэрыторыі краіны будуць вызначаць атмасферныя франты, якія перамяшчаюцца са Скандынаўскага паўвострава, піша "Наша ніва" са спасылкай на БелТА.
“Белы снег, белы снег, белы снег…” у сакавіку (ФОТАРЭПАРТАЖ)
На большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, мокры снег, месцамі чакаецца завіруха, днём па паўднёвым захадзе – мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж, а таксама слабы галалёд. На асобных участках дарог сіноптыкі чакаюць галалёдзіцу. Ноччу ў многіх раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі да 15-20 м/с.
Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 1–7 градусаў, днём – ад 0 да 6 цяпла, па паўднёвым захадзе ўначы ад 0 да +2 градусаў, днём – каля 8 градусаў вышэй за нуль.
У сераду часам прагназуюцца ападкі ў выглядзе дажджу, па паўночным усходзе – з мокрым снегам, магчымы слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Днём сіноптыкі абяцаюць узмацненне ветру з парывамі да 15–18 м/с. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе ад мінус 2 да 5 градусаў цяпла, па паўночным усходзе пры праясненнях будзе да 5 градусаў марозу.
Днём чакаецца ад 1 да 3 градусаў са знакам плюс па поўначы і да плюс 7-9 градусаў па поўдні краіны.
Дзмітрый Рабаў таксама адзначыў, што ў чацвер днём у шматкіламетровай тоўшчы атмасферы чакаецца змяненне накіраванасці паветраных патокаў – з паўночна-заходніх на паўднёва-заходнія. "На тэрыторыю Беларусі з паўднёвых шырот пачне паступаць больш цёплае паветра", – дадаў сіноптык. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 да плюс 5 градусаў, днём будзе плюс 2-8 градусаў, па паўднёвым захадзе Брэсцкай і Гродзенскай абласцей паветра прагрэецца да 9–12 градусаў.
"Без ападкаў у гэты дзень не абыдзецца, – адзначыў Дзмітрый Рабаў. Кароткачасовыя ападкі чакаюцца на большай частцы тэрыторыі краіны, днём – у асноўным у выглядзе дажджу. Ноччу і раніцай асобныя ўчасткі дарог будуць слізкімі. Месцамі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15–18 м/с", – сказаў Дзмітрый Рабаў.
Прадстаўнік гідраметэацэнтра дадаў, што ў пятніцу на тэрыторыі Беларусі яшчэ больш пацяплее, а снежнае покрыва практычна паўсюль растане.
Тэмпература паветра ўначы складзе ад 0 да плюс 5 градусаў, пры праясненнях па паўночным усходзе Віцебскай і Магілёўскай абласцей прагназуецца да мінус 2.
Удзень чакаецца плюс 9–15 градусаў, па поўдні Брэсцкай і Гомельскай абласцей слупкі тэрмометраў дасягнуць значэнняў 16–18 градусаў вышэй за нуль.
Ноччу ў асобных раёнах, днём па поўначы рэспублікі пройдуць кароткачасовыя ападкі з перавагай дажджу. Месцамі сіноптыкі абяцаюць узмацненне ветру парывамі да 15–18 м/с.
Паводле слоў прадстаўніка гідраметэацэнтра, у суботу цёплае надвор'е захаваецца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 1 да 7 градусаў вышэй за нуль, днём чакаецца плюс 9–15 градусаў, па паўднёвым усходзе – да 16–18 градусаў са знакам плюс. У паўночна-заходніх раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы, днём дзе-нідзе магчымы навальніцы і парывісты вецер. Ноччу і раніцай месцамі згусціцца туман.
"У нядзелю чакаецца перамяшчэнне праз тэрыторыю Беларусі атмасфернага фронту, стане крыху халадней", – дадаў Дзмітрый Рабаў.
Тэмпература паветра ўначы складзе ад 0 да плюс 7 градусаў, па паўночным захадзе пры праясненнях – да мінус 2. Днём прагназуецца ад плюс 5 па поўначы да 15 цяпла па поўдні краіны.
Ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным дождж. Ноччу і раніцай месцамі сіноптыкі абяцаюць туман.