За што плацім падаткі на машыну?

Піша чытач Алесь Раткевіч.
Пайшоў трэці месяц як мы законапаслухмянна выконваем новую пастанову аб абавязковым дарожным падатку. Што змянілася на дарогах за якія мы пачалі дадаткова плаціць, у якім яны стане?
Магу адказаць адназначна, зруху да лепшага я не заўважаю, а наадварот, сітуацыя пагаршаецца. Дарогі працягваюць разбівацца і рамантаваць па ўсяму бачна ні хто іх бліжэйшым часам не збіраецца.
Учора, 2 сакавіка, вырашыў праехацца на сваю малую Радзіму на Вілейшчыну, па маршруце Чысць-Беражок-Хаценчыцы-Сакалоўка. На пераадольванне 30-кіламетровай адлегласці на гэты раз мне спратрэбілася ўдвая больш часу чым раней.
На працягу ўсяго маршрута асфальтавае пакрыццё паразбіванае, шматлікія яміны дасягаюць 15 сантыметровай глыбіні і аб’ехаць іх практычна немагчыма. Кожны раз трапляючы ў такую выбоіну, мала таго што ламаем сваіх жалезных коней, але вельмі рызыкуем як сваім жыццём, так і жыццём і здароў’ем іншых удзельнікаў дарожнага руху. Я не выключаю таго, што жудасную аварыю 16 лютага каля Ерхаў, на трасе Мінск-Мядзел, магла справакаваць і магчымая такая выбоіна.
Па Хаценчыцах рухацца прыходзіцца на другой і нават на першай перадачы. Такая ж хуткасць і па гравійцы на Сакалоўку і Новую Гуту. Гэтыя адрэзкі дарог мабыць ужо забыліся што такое грэйдэр.
Што здарылася, чаму у такім стане апынуліся дарогі? Сёлета зімы амаль што наогул не было, што дало немалую эканомію дарожнікам. А самае галоўнае мы, карыстальнікі дарог, з Новага года пачалі дадатковае абавязковае (і досыць значнае) фінансаванне дарожнага фонду. Пытанне: куды дзяюцца нашы грошы? Грошы забралі, паслугу не прадаставілі!
Дарожнікам, мабыць, хапіла нашых грошай толькі на знакі абмежавання хуткасці і няроўнасці на дарозе. А вялізныя яміны дзе ні дзе засыпалі проста жвірам – да першага дожджыка. Тымі гадамі дарогі дрэнна рамантавалі, бо мы грошы мала давалі! Сёлета грошы з нас пачалі браць, а дарогі так і не пачалі рамантаваць. Якую ж прычыну у сваё апраўданне знойдуць дарожнікі на гэты раз?