Гомельскім журналістам-фрылансерам вынеслі папярэджанні
Старшы памочнік Гомельскага абласнога пракурора Дзмітрый Дэбой позвай выклікаў 5 сакавіка "на гутарку пра выкананне заканадаўства" гомельскіх сяброў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Юлію Сівец і Мікалая Бянько.
"Спачатку памочнік пракурора запрашаў нас на гутарку па тэлефоне, але мы папрасілі даслаць позву", - паведаміў службе маніторынгу ГА "БАЖ" Мікалай Бянько.
Муж і жонка Мікалай Бянько і Юлія Сівец - журналісты-фрылансеры, яны пішуць для розных незалежных выданняў, у тым ліку і для "Радыё Рацыя". Беларускае заканадаўства не дае нават вызначэння такой катэгорыі творчых людзе, як фрылансеры.
Прапановы ГА "БАЖ" на гэты конт не знаходзяць водгуку ў беларускіх заканадаўцаў з Палаты прадстаўнікоў. У заканадаўстве аб СМІ сёння адсутнічае само паняцце "журналіст" - ёсць толькі "журналіст СМІ".
Інтарэсы журналістаў-фрылансераў Бянько і Сівец у пракуратуры прадстаўляў па даверанасці сябра ГА "БАЖ" юрыст Леанід Судаленка. У выніку, журналістам было вынесенае афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб СМІ. У прыватнасці - працы без акрэдытацыі на замежны сродак масавай інфармацыі.