Маладзечанскія настаўнікі спаборнічалі ў лоўлі рыбы

Источник материала:  

Віталь Аноп, у якога атрымаўся самы вялікі ўлоў, падзяліўся з чытачамі "Рэгіянальнай газеты" рэцэптам сапраўднай рыбацкай юшкі.

Першынство па падлёднай лоўлі рыбы сярод работнікаў устаноў адукацыі Маладзечанскага раёна адбылося 22 лютага. Яно ладзіцца ўжо не першы год. Сёлета яно прайшло на возеры Свір, што на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”.

У спаборніцтвах узялі ўдзел 17 работнікаў устаноў адукацыі. Лепшых рыбакоў вызначалі ў розных намінацыях.

Першае месца ў намінацыі “самы вялікі ўлоў” заняў Віталь Аноп (намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце маладзечанскай СШ № 4), другое  месца − Пётр Куханчык (вартаўнік маладзечанскай СШ № 4), трэцяе месца – Юры Яковіч (інструктар-метадыст фізкультурна-спартыўнага цэнтра “Агеньчык”). У намінацыі “самая вялікая рыба” галоўны прыз дастаўся Антону Лямбовічу,настаўніку фізічнай культуры і здароўя Маладзечанскай школы-інтэрната № 2 для дзяцей з парушэннямі слыху , а ў намінацыі “самая маленькая рыбка” − Міхаілу Анопу,настаўніку фізічнай культуры і здароўя Хажоўскай сярэдняй школы.

Пераможца спаборніцтваў Віталь Аноп распавёў “Рэгіянальнай газеце”, што ён удзельнічае у падобных спаборніцтвах ужо некалькі год запар. Да гэтага былі прызавыя месцы, а вось пераможцам стаў упершыню.

− Рыбалку можна лічыць спартыўнымі спаборніцтвамі?

− Я сказаў бы, што гэта круглагадовае захапленне, адпачынак. Рыбакі ўвогуле ездзяць на рыбалку не за ўловам, а, у першую чаргу, за магчымасцю адпачыць, сустрэцца і пагутарыць з сябрамі, падыхаць паветрам і назапасіцца добрым настроем. Была б толькі нагода сабрацца.

− А якім вашым асабістым уловам, як рыбак, вы можаце пахваліцца?

− Паўтаруся, рыбалкай я захапляюся даўно, таму былі ўловы, за якія не сорамна. Гэта і шчупакі пад пяць кілаграмаў, і ляшчы па тры.

− А з суботнім уловам што зрабілі?

− Лавілі пераважна дробных рыбак: плотак, акунёў, падлешчыкаў, таму часткай улову ласаваліся дамашнія гадаванцы. І на юшку, зразумела.

Рэцэпт сапраўднай рыбацкай юшкі ад Віталя Анопа

− Спачатку трэба адварыць рыбу. Прычым, зусім неабавязкова яе патрашыць спачатку. Рабіце на свой густ.

Затым булён трэба працадзіць, а рыбу – астудзіць.

У гэты час абіраем бульбу, рэжам і кідаем варыцца ў рыбны булён. Туды ж дадаём моркву, спецыі.

Калі бульба зварылася, дадаём туды кавалачкі нашай зваранай рыбы. Калі вы перад пачаткам варкі яе не пачысцілі, то гэта трэба зрабіць цяпер. І па-рыбацку правільна, у самым канцы варкі, дадаць у юшку адну ці дзве цэлыя цыбуліны.

Гэта рэцэпт так званай “аднаразовай юшкі”. Калі ж рыбу варыць два ці болей разоў, юшка атрымаецца густой, бы халадзец.

Тады гэта ўжо “двух ці трохразовая юшка”.

←Абитуриентов начинают регистрировать на профессионально-психологическое собеседование

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика