Барадулін вярнуўся ў крэўную зямлю. Паэта пахавалі побач з маці ва Ушачах

Источник материала:  
05.03.2014 01:08 — Новости Общества


Правесці ў апошні шлях волата беларускага прыгожага пісьменства прыехалі многія людзі з Мінска, Віцебска, Полацка, іншых гарадоў і мястэчак. Сярод іх літаратары Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Андрэй Хадановіч, Барыс Пятровіч, Уладзімір Папковіч, журналісты Сяргей Шапран, Глеб Лабадзенка. Было шмат віцебскай інтэлігенцыі - мастакоў, супрацоўнікаў драмтэатра, выкладчыкаў.





Пачынаецца жалобны мітынг. Першай слова бярэ намесніца старшыні Ушацкага райвыканкама Наталля Марковіч. Потым выступаюць літаратары. Барыс Пятровіч звяртаецца да землякоў Барадуліна, каб тыя зберагалі яго памяць. Уладзімір Арлоў прыгадвае факт, што і Васіль Быкаў, і Рыгор Барадулін адышлі ў іншы свет у 79 гадоў і некалькі дзён: "Нібы змовіліся". Потым падыходзіць да труны і, накрываючы паэта бел-чырвона-белым сцягам, тлумачыць: "Гэтым жа сцягам накрывалі і труну Быкава".



Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Іосіф Навумчык перадаў родным паэта спачуванні ад старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы.

Уладзімір Някляеў зачытвае ліст ад Генадзя Бураўкіна, які не змог прыехаць ва Ушачы па стане здароўя: "...Ты - з намі. Мы дыхаем з табой. Жывем з табой. Ты будзеш жыць доўга побач з Янкам Купалам, Максімам Багдановічам, Васілём Быкавым. Не хачу і не магу сказаць: жыў. Не маю права. Не мела права і здарыцца тое, што здарылася. Ты - з намі".

Ад сябе Някляеў, звяртаючыся да землякоў дзядзькі Рыгора, дадае: "Барадуліна не адпускалі са сталіцы. Казалі: ён належыць усёй Беларусі і павінен быць пахаваны ў Мінску. Але ягоная воля: "Я хачу быць у сваёй зямлі, побач са сваёй мамай. Сюды, у гэту крэўную родную зямлю ён і пакладзецца, побач з матуляй. І я спадзяюся, што памяць пра яго вы і вашы нашчадкі пранясеце годна".





Жалобная працэсія едзе на могілкі, якія знаходзяцца прыкладна ў 2,5 км ад роднай хаты нябожчыка.

Развітанне тут пачынаецца з набажэнства, якое праводзяць святары рыма-каталіцкай і грэка-каталіцкай канфесій. Затым труну нясуць да магілы маці літаратара - Акуліны Андрэеўны Барадулінай. Яна памерла ў 1971 годзе.





Могілкі ва Ушачах дужа незвычайныя - старыя, пагорыстыя. Многія людзі стаяць на ўзвышшы, як у амфітэатры, і таму добра бачаць жалобную цырымонію. Адныя не хаваюць слёз, другія проста знаходзяцца ў нямым здранцвенні ад гора.







Калі труну апусцілі ў магілу і пачалі засыпаць яе зямлёй, людзі заспявалі гімн "Магутны Божа".

Пахаванне скончылася на пачатку восьмай вечара. Было ўжо цёмна. Але людзі не спяшаліся разыходзіцца. Каля магілы народнага паэта ўключылі асвятленне - яго тут правялі адмыслова: на выпадак, калі развітанне зацягнецца. Людзі ўсё неслі і неслі вянкі і кветкі. Іх было столькі, што яны ледзь на схавалі крыж над магілай паэта і помнік над месцам спачыну яго маці.

Ніхто не верыў. Не хацеў верыць. Не верыцца і зараз. Суцяшае адно - малітва. Дзядзька Рыгор адышоў туды, дзе няма ні болю, ні гора, ні смутку...

Вельмі трапнымі падаюцца словы апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці з імшы развітання з паэтам: "Веру, што беларусы, якія разам з іншымі святымі жывуць у ззянні Божага святла, выйдуць яму насустрач, каб падвесці яго да Бога. І, быць можа, Бог прывітае яго ў сваім доме простымі словамі, якімі беларускае сэрца вітае гасцей: "Калі ласка, Рыгор".


←Олимпийские призеры поздравили представительниц трудовых коллективов с Международным женским днем

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика