Чым адрозніваецца на смак "жывая" і "мёртвая" вада?
У Віцебскім абласным клінічным скурна-венералагічным дыспансеры ў той дзень я… паверыў у казкі. У добрым сэнсе слова паверыў. Пра тое, што ў гэтай медыцынскай установе ўжо даўно і актыўна выкарыстоўваюць для лячэння ў тым ліку і экзатычныя метады, пісаў неаднаразова. Дарэчы, маленькі калектыў дыспансера толькі летась зарабіў на аказанні платных паслуг больш як 6 мільярдаў рублёў. Гэта вельмі шмат, калі параўнаць з паказчыкамі аналагічнай дзейнасці многіх медыцынскіх устаноў. На атрыманыя грошы купляецца самае перадавое абсталяванне, што дазваляе зрабіць дыягностыку і лячэнне яшчэ больш эфектыўнымі.
Выпрабавальнікі і першапраходцы
Што да "нетрадыцыйных" метадаў лячэння, нагадаю: п'яўкі, пчолы, камяні і іншае ў дыспансеры выкарыстоўваюцца, каб лячыць самыя розныя захворванні, а таксама для прафілактыкі.
Віктар Спірыдонаў, галоўны ўрач дыспансера, бадай, самы крэатыўны медык у Віцебскай вобласці, першапраходзец ва ўкараненні самых перадавых методык. Вядома, медыкі, якімі ён кіруе, па-ранейшаму, і вельмі паспяхова, лечаць пацыентаў сучаснымі метадамі. Пры гэтым тут ёсць тое, чаго больш няма нідзе, або яно з'явілася тут упершыню.
"Звязда" паведамляла ўжо пра тое, што цяпер у дыспансеры можна прайсці курс лячэння "жывой" і "мёртвай" вадой. Вадкасць трэба піць, а пры некаторых захворваннях - наносіць на скуру.
- Вы ж памятаеце, што ў казках апісана карысная "мёртвая" і "жывая" вада, якой літаральна ажыўлялі, якая прыдавала сіл. Безумоўна, насамрэч такія воды могуць лячыць - на жаль, не ўсё, але многае. Мы выкарыстоўваем "жывую" і "мёртвую" ваду для лячэння каля 50 відаў захворванняў. У прыватнасці, псарыязу, экзэмы, лішаю, грыбковых захворванняў, алергіі і гэтак далей, - расказвае Галіна Сяржанава, загадчыца аддзялення медыцынскай рэабілітацыі Віцебскага абласнога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера.
Для кожнай хваробы - свой курс лячэння працягласцю ў сярэднім 10 дзён. 200-грамовая шклянка спецыяльна апрацаванай вады каштуе ўсяго 1,6 тысячы рублёў. Паводле слоў доктара, у цяперашнія "грыпозныя" дні вельмі карысна піць цуда-ваду для прафілактыкі. Каб атрымаць яе, зусім не трэба штодня хадзіць у дыспансер, а можна забраць адразу столькі вады, колькі трэба.
Пакуль гаварылі з загадчыцай, па ваду прыйшоў мужчына з хранічным захворваннем скуры. Прызнаўся мне, што вада насамрэч робіць цуды літаральна за некалькі дзён, і параіў мне таксама ёю лячыцца.
- "Жывая" вада (шчолачная) - выдатны стымулятар, танізатар, крыніца энергіі. Яна прыводзіць у рух увесь арганізм, надае бадзёрасці, стымулюе рэгенерацыю клетак, мякка павышае крывяны ціск, паляпшае абмен рэчываў. Яна загойвае раны, язвы, у тым ліку страўніка, пролежні, апёкі. Дапамагае пры лячэнні адэномы прастаты, пры лячэнні і прафілактыцы атэрасклерозу, астэахандрозу. "Мёртвая" вада (кіслотная) - выдатны бактэрыцыд, дэзынфектар. Ужываецца пры прафілактыцы і лячэнні прастудных захворванняў, грыпу, ангіны. Яна зніжае крывяны ціск, супакойвае нервовую сістэму, паляпшае сон. Дапамагае пры лячэнні парадантозу, спыняе крывацёк дзяснаў, растварае камяні на зубах, - расказвае медык.
Што цікава, "жывая" вада можа зрабіць цуд і ў агародзе, садзе. Яна паскарае прарастанне збожжа і насення для пасадкі, стымулюе красаванне кветак, ажыўляе зяленіва і завялыя кветкі… І паляпшае смак выпечкі - пры замешванні цеста на "жывой" вадзе. А яшчэ вада паляпшае якасць сіропу для кармлення пчол (пчолы становяцца больш энергічнымі), стымулюе рост і ўстойлівасць да хвароб свойскіх птушак і жывёл. Паліванне градак "жывой" вадой стымулюе паспяванне ўраджаю.
Піў бы і піў!..
Калі мы з доктарам прыйшлі ў памяшканне, дзе лечаць вадой, адразу прыемна здзівіў еўрапейскі "лоск" пакояў. Любоў Чарных, медыцынская сястра дыспансера, па маёй просьбе прыгатавала цуда-ваду.
- Вось ён - бытавы актыватар вады. Ён - не складаны ў карыстанні, кампактны. У ім вельмі хутка можна атрымаць каля 1,4 літра актываванай ("жывой" і "мёртвай") вады. Для гэтага дастаткова запоўніць посуд вадой, уключыць вілку ў разетку і праз 20-30 хвілін зліць ужо актываваную ваду ў розныя пасудзіны. Прыбор пры гэтым электрычнасці спажывае, як 40-ватная лямпачка, - дзеліцца "сакрэтамі" медыцынскі работнік.
Пачаставала вадой. Першай я захацеў выпіць "мёртвай". Шчыра прызнаюся, што перад гэтым у мяне быў такі выгляд (пра гэта мне сказалі спадарыні ў белых халатах. - Аўт.), быццам нейкую атруту прапанавалі. Выпіў. На смак кіслая вада, не вельмі смачная. А "жывая" - наадварот: піў бы і піў.
- Ды не бойцеся вы! Гэтая вада цалкам бяспечная як для ўнутранага, так і вонкавага ўжывання. Гэта яшчэ ў 1988 годзе пацвердзіў фармакалагічны камітэт СССР. Сумеснае прымяненне "жывой" і "мёртвай" вады дапамагае змагацца з такімі хваробамі, як алергія, гепатыт, псарыяз, жаночымі захворваннямі, - расказвае медыцынская сястра.
Прыбор, дарэчы, вырабляецца ў Беларусі. Пашукаў у інтэрнэце адпаведную інфармацыю. Набыць можна, у залежнасці, ад мадыфікацыі па цане ўсяго 850 і 950 тысяч рублёў - у наш час гэта няшмат.
Журналіста "з'елі" рыбы
Як у той праграме "Поле цудаў": "карыстаючыся выпадкам, я хачу…" Папрасіў медыкаў, каб палячылі мяне і рыбамі. Тым больш што акварыум літраў на 100 літаральна ў суседнім пакоі.
І вось яны, "залатыя" (у сэнсе карысныя для здароўя. - Аўт.) рыбкі:
Garra rufa - з сямейства карпавых. Жывуць на Сярэднім Усходзе - Турцыі, Сірыі, Іраку і Іране. На некаторых курортах з адкрытымі тэрмальнымі крыніцамі ў Турцыі гэтых рыбак выкарыстоўваюць для сімптаматычнага лячэння псарыязу. Рыбы аб'ядаюць скуру на праблемных участках, не чапаючы здаровых. Пасля такога лячэння назіраецца паляпшэнне стану хворых на паўгода і больш.
Перад тым як апусціць руку ў акварыум, медыкі папрасілі, каб я памыў рукі. Аксана Палубіс, сістэмны адміністратар дыспансера, убачыўшы, што я трохі хвалююся перад сеансам лячэння рыбамі, пажартавала: "Вось, бачыце, чырвоны колер на дне акварыума? Гэта кроў пацыентаў, якіх рыбы кусалі!" "Спужаўся" яшчэ больш. А ў вадзе руцэ адразу стала вельмі прыемна. Мноства рыбак літаральна накінуліся на маю руку. І насамрэч хутка разабраліся з тым, што ім трэба рабіць: пачалі есці працоўныя мазалі!
Пры гэтым ніякага болю не адчуваў, а наадварот. Чамусьці тады ўспомніў словы героя мультфільма аб Прастаквашыне. Памятаеце, калі тата хваліў ката, казаў, што яму б такога разумнага, то ніколі б мо і не ажаніўся. Мне б такіх рыб! Па-за "харчаваннем людзьмі" рыб кормяць звычайным кормам, які прадаецца ў кожнай спецыялізаванай краме.
Рыбы мяне "натхнілі" і зарадзілі вельмі добрай энергіяй. Потым параўнаў стан рукі, якая была ў акварыуме, з другой. На апрацаванай рыбамі скура стала гладкая, як у дзіцяці, нават колер змяніўся. Кошт 30 хвілін лячэння рыбамі каштуе ў дыспансеры меней за 70 тысяч рублёў.
Раю і вам больш прыемных медыцынскіх выпрабаванняў! І, пагадзіцеся, быў бы добрым сюрпрызам для жанчын падарунак у выглядзе аздараўлення тымі ж рыбкамі.
Чытайце таксама:
Как в Витебске лечат рыбьими "поцелуями" и шоколадом