Як я сустрэў свайго… двайніка

Источник материала:  

Злева – барысаўчанін, навучэнец маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага, аўтар артыкула Алесь Дзямідчык. Справа – яго двайнік, жыхар Нясвіжа Максім Дзегцяроў. Фота зроблена ў Нясвіжы.

Калі мне ў чарговы раз сказалі, што бачылі там, дзе я быць не мог, вырашыў знайсці аднаго са сваіх двайнікоў. Каб на ўласныя вочы ўпэўніцца, што ён так на мяне падобны.

Упершыню пра тое, што ёсць падобны на мяне хлопец, пачуў ад сваёй цёткі Алены. Завуць яго Аляксей Небышынец. Цётка выкладала ў яго біялогію ў Барысаўскім політэхнічным каледжы.

– Калі я заходзіла ў аўдыторыю, мой позірк адразу спыняўся на Аляксеі, – прыгадвае яна. – Калі падчас лекцыі праходзіла каля партаў, хацелася да яго падысці і памацаць за плячо. Перашкаджала толькі адно: гэта быў не мой пляменнік, а вельмі падобны на яго хлопец. Дарэчы, і нарадзіўся ён усяго на 9 дзён пазней за пляменніка.

На расповед цёткі пра Аляксея я не звярнуў увагу, а проста праігнараваў. Толькі ўсміхаўся і тады, калі маці казала, што час ад часу ў яе на працы пытаюцца, што яе сын робіць на чыгунцы, рынку або аўтобусным прыпынку. Ёй заставалася толькі ўсіх пераконваць, што яны бачылі не мяне.

Лепшая сяброўка вырашыла, што ён – гэта я

З Аляксеем мне так і не давялося сустрэцца. Аднак літаральна некалькі тыдняў таму з’явіўся Максім Дзегцяроў.

Аднагрупніца Наталля Завадская расказвае, як яна ехала з Нясвіжа ў Маладзечна на вучобу:

– Села ў аўтобус і ўбачыла, як ты заходзіш, – кажа яна мне. – Спачатку хацела паклікаць, а потым задумалася: што ты робіш у Нясвіжы і ці ты гэта? Прыгледзелася і зразумела, што ўсё ж памылілася.

Аказалася, Наташа яго нават ведае: адпачывалі некалі разам у летнім лагеры пад Нясвіжам. Яна ўспомніла імя гэтага хлопца, і мы знайшлі яго ў інтэрнэце.

Фотаздымкі здзівілі: што тут казаць, сапраўды вельмі падобныя. А пасля размовы з Максімам, высветлілася, што падабенства ў нас не толькі ў знешнасці: мы аднаго росту і абралі адзін стыль у адзежы.

Напрыклад, мы абодва любім лета. Гэта, праўда, яшчэ ні пра што не гаворыць, бо ў каго ні спытайся, усе яго любяць. А вось тое, што мы займаемся фатаграфіяй, вучымся ў каледжы і плануем паступаць у ВНУ, ужо ўражвае.

– Сапраўды, падобныя знешне адзін да аднаго людзі існуюць, не раз сутыкаўся з гэтым у жыцці, – кажа Максім. – Аднак каб знайшоўся чалавек падобны на мяне, аднаго ўзросту, з аднолькавымі звычкамі… Вядома, гэта здзіўляе. Ніколі не думаў, што такое можа быць.

Паглядзець на двайніка – у Нясвіж

Магчымасць сустрэцца з “двайніком” не кожнаму выпадае, таму ў выхадны ў 6 раніцы я пацягнуўся на цягнік, каб дабрацца да Нясвіжа, дзе жыве Максім. Надвор’е выдалася “што трэба”: градусаў 20 марозу, а то і больш. Халадзіна страшная. Але ж цікавасць падагравала.

Сустракала мяне ў Нясвіжы Наташа, тая самая аднагрупніца, што і распавяла пра двайніка. Яна была за сведку ўсяго, што адбываецца.

І калі ў рэшце рэшт мы сустрэліся з Максімам, яна зірнула на нас і раптам разрагаталася. Мне вельмі складана ўявіць, якімі ў той момант былі нашы твары.

Што было далей? Кінуліся фатаграфавацца, каб потым было што ўнукам паказаць. Дарэчы, калі дастаў свой фотаапарат, Максім зірнуў і сказаў:

– Такая камера – мая мара, якую я хутка споўню.

Цяпер мы падтрымліваем сувязь, і гэта цудоўна. Калі мне скажуць у  наступны раз, што бачылі ў Нясвіжы, я ўсміхнуся і адкажу – гэта быў мой сябар.

Канадскі фатограф здымае “двайнікоў”

 



На думку канадскага фатографа Франсуа Брунэля, увогуле кожны чалавек мае двайніка.

Фатограф робіць партрэты зусім незнаёмых, але вельмі падобных адзін да аднаго людзей. Двайнікі зацікавілі Франсуа ў 1968 годзе. Ён тады толькі адсвяткаваў паўналецце і вырашыў стаць прафесійным фатографам.

Сваіх мадэляў-двайнікоў Франсуа сустракае падчас падарожжаў і запрашае іх на сумесную фотасесію. Некаторыя пары, якія выпадкова сустрэліся ў жыцці, самі прыходзяць да фатографа, які ўжо стаў вядомым.

←За доставку в Беларусь пассажиров без нужных документов перевозчиков планируется штрафовать

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика