Над будынкам базыльянскага кляштара ў Оршы плануюць узвесці дах

Источник материала:  
11.02.2014 10:00 — Новости Общества

У Оршы завяршаецца праца над праектам рэстаўрацыі мясцовага помніка архітэктуры XVIII стагоддзя - будынка былога базыльянскага кляштара. З аўтарам праекта, архітэктарам Мікалаем Лук'янчыкам, сустрэўся мастак Мікола Купава.




Паводле ягонага меркавання, праект рэстаўрацыі ўжо амаль гатовы і выкананы добра. Зараз вядзецца праца над дэталямі, якія выклікалі пэўныя заўвагі. Мікалай Лук'янчык прызначаны куратарам навукова-даследчых і праектных работ па аднаўленні будынка былога базыльянскага кляштара. Эскізны праект ужо бачылі ў Міністэрстве культуры, ва ўпраўленні культуры Віцебскага аблвыканкаму і ў аддзеле культуры Аршанскага райвыканкама.

"Я бачыў гэты эскізны праект, маю копіі ўсіх 6 аркушаў. Гэта выявы чатырох фасадаў будынка, выявы скляпенняў і "разрэзы" - выгляд знутры гэтага двухпавярховага будынка. Цяпер аўтар дапрацоўвае праект пасля выказаных заўваг. Я таксама зазначыў спадару Лук'янчыку, што было б слушна зрабіць вышэйшым дах. І ён пагадзіўся выправіць першапачатковы варыянт. Пасля ўсіх выпраўленняў, недзе праз два тыдні, удасканалены праект мусіць быць прадстаўлены на разгляд экспертнай камісіі. Калі ўсё пройдзе добра, неўзабаве пачнуцца рэстаўрацыйныя працы", - распавёў мастак.

Паводле Міколы Купавы, першай справай будынак ачысцяць ад смецця. Хаця яго ўжо не так шмат, як было раней - на тэрыторыі перыядычна праводзіцца добраўпарадкаванне паводле ініцыятывы гаспадара - Віцебскай епархіі праваслаўнай царквы. Ігумення Анфіса (Любчак) і манахіня Данііла (Цяцькова) неаднаразова арганізоўвалі прыборку і ўнутры будынка, і звонку.

Цяпер, адначасова з грунтоўнай прыборкай, над будынкам будуць узводзіць часовы дах, які абароніць гістарычны помнік ад далейшага разбурэння. Кіраваць усімі працамі будзе асабіста Мікалай Лук'янчык: ён прызначаны куратарам рэстаўрацыі і нясе персанальную адказнасць за захаванасць гісторыка-культурнай каштоўнасці, у адпаведнасці з Законам "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны".

Кансервацыя будынка былога базыльянскага кляштара і ўзвядзенне часовага даху - гэта першы каструктыўны крок, якога ўжо каля 10 год чакаюць усе аршанцы.

Гістарычны помнік, дзе раней быў падменны жыллёвы фонд і майстэрні аршанскіх мастакоў, пасля моцнага снегападу 2004 года стаяў зусім без даху. Ён праваліўся пад цяжарам снегу, а гарадскія ўлады не палічылі патрэбным яго замяніць, і старыя сцены доўгія гады разбураліся пад уздзеяннем прыродных ападкаў.

Потым Аршанскі гарвыканкам вырашыў увогуле пазбавіцца ад праблемнага аб'екта: перадаў помнік, які з'яўляецца гістарычнай каштоўнасцю і ахоўваецца дзяржавай, ва ўласнасць праваслаўнай царкве. Але і новыя гаспадары не спяшаліся ратаваць помнік.

Тым часам аршанскія краязнаўцы і проста неабыякавыя гараджане звярталіся ва ўсе магчымыя інстанцыі - ад пракуратуры да адміністрацыі прэзідэнта, каб змусіць адказных асобаў выконваць патрабаванні закону аб ахове гістарычнай спадчыны. І ўрэшце пазалетась быў замоўлены праект рэстаўрацыйных прац. Грошы на аплату праекта і далейшую рэстаўрацыю збіралі "усім мірам", у тым ліку за кошт дабрачынных ахвяраванняў мастака Міколы Купавы. Ён выставіў на продаж свае творы, аб'яднаўшы іх у віртуальную выставу "Сьвятло Бацькаўшчыны". І 65% выручаных сродкаў пералічваў на адмысловы рахунак, дзе акамулююцца сродкі на аднаўленне помніка архітэктуры.

←Гвалт з нацыянальнай тапаніміі – небяскрыўдная забава

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика