У Ваўкавыску 67-гадовы пенсіянер без нагі хоча стаць дэпутатам, каб змяніць жыццё навокал

Источник материала:  
04.02.2014 14:20 — Новости Общества

Іван Андрэйчык з Ваўкавыска кажа сваім патэнцыйным выбарцам, што ён не чалавек Лукашэнкі і зможа патрабаваць праўды ад кожнага начальніка.

Івану Андрэйчыку 67 гадоў, ён інвалід з дзяцінства, не мае аднае нагі. Больш за трыццаць гадоў ён адпрацаваў электрыкам высокай кваліфікацыі. Цяпер жыве ўдвох з жонкай на ціхай вуліцы Першамайскай ў цэнтры Ваўкавыска і баіцца, што да смерці не паспее сплаціць крэдыт за хату, бо іх пенсіі гэтага не дазваляюць.



Мы сядзім у кухні са спадаром Іванам, размаўляем, ягоная жонка, спадарыня Ядзвіга, завіхаецца каля пліты, а ў нас каля ног круціцца невялічкі сабачка. Я прашу патлумачыць спадара Івана, што прымусіла яго, пенсіянера і інваліда, хадзіць і збіраць подпісы за тое, каб вылучыцца прэтэндэнтам у дэпутаты? Ён адказвае - надакучыла, хочацца зменаў:

"Таму што я бачу, што гэтыя выбары ўжо самі па сабе не выбары, а звычайны фарс. Хто ў нас абіраецца ў мясцовыя і іншыя саветы? Гэта ўсе людзі, якія ходзяць непасрэдна пад Лукашэнкам: дырэктары заводаў, начальнікі цэхаў, дырэктары школ ды і астатнія набліжаныя да кармушкі".


Іван Андрэйчык распавядае, як неаднойчы звяртаўся да свайго дэпутата з тым, каб дапамаглі яму, інваліду, пафарбаваць дом - безвынікова. Неаднойчы чуў ад суседзяў скаргі і на медыцыну, і на тое, што маладыя людзі не могуць знайсці працы з вартым заробкам і вымушаныя з`язджаць за мяжу.

Андрэйчык кажа, што асноўныя праблемы, якія стаяць перад краінай, немагчыма вырашыць на ўзроўні мясцовых Саветаў - гэта рост цэн, заробкі і пенсіі, але лічыць, што і ў мясцовых саветах павінны быць адказныя дэпутаты, якія маглі б стварыць кожны ў сваім раёне справядлівую атмасферу. Вось які прыклад сацыяльнай няроўнасці на ўзроўні раёна:

"Якая ў нас пенсія? Калі нават пасля таго, як дабавілі, то ў мяне два мільёны 100 тысяч. Я нават за камунальныя паслугі разлічыцца не магу. А паглядзіце, што маюць былыя начальнікі, палкоўнікі, падпалкоўнікі... Яны на пенсіі, а паўладкоўваліся, ведаеце дзе,- мясакамбінат, малаказавод, хлебазавод..."

Пытаюся спадарыні Ядзвігі - ці верыць яна ў тое, што яе муж можа нешта змяніць, стаўшы дэпутатам?

"Не, не зможа. Трэба адтуль усіх "галаварэзаў" прыбраць. У нас такіх не любяць, якія кажуць шмат праўды".

Карэспандэнт: "А якіх у вас любяць?"

Спадарыня: "Падлізлівых, каб маўчалі. Таму - хто яго абярэ? Усё залежыць ад іх. Гэта не Украіна, паўсюль толькі пакорлівыя. А ва Украіне людзі ваююць за сваё дабро. У нашай дзяржавы няма нават сваёй акуратнай казны. У хаце і тое імкнешся, каб была нейкая капейка, каб яе недзе адлажыць, а гэта дзяржава... І паўсюль махлярства. Гэты рэжым трэба прыбіраць, але няма каму. У нас такога няма чалавека, каб угаварыў маладых, бо старыя што ўжо..."

Спадар Іван узгадвае, як у 1978 годзе ў брэжнеўскія часы адмовіўся ісці на выбары за тое, што яму далі кватэру меншую, чым належала яго сям"і і без рамонту. І дамогся свайго, бо не саступаў начальству. Таму перакананы, што і зараз магчыма зрабіць рэальныя змены. І першы крок да гэтага - на кіраўнічых пасадах павінны быць кампетэнтныя, разумныя людзі:

"Я за сваё жыццё бачыў толькі аднаго талковага інжынера з вышэйшай адукацыяй, ад таго чалавека можна было нечаму навучыцца. А большасць заканчваюць інстытуты, тэхнікумы і прыходзяць дуб-дубам, а іх ставяць на кіруючыя пасады, а яны ні ў чым не разбіраюцца і робяць больш шкоды, чым карысці. Толькі аднаго за ўсё жыццё бачыў талковага спецыяліста".

Сусед спадара Івана - Віталь Гуляк, малады чалавек, кажа, што да гэтых выбараў ставіцца з гумарам, паколькі яны не маюць ніякага значэння, але памкненні суседа падтрымлівае і жадае яму перамогі.



"Удзельнічаць у гэтым - значыцца падтрымліваць гэтую ўладу, а я яе не падтрымліваю. А тут вось у чалавека яшчэ нейкі аптымізм ёсць, ён не да канца расчараваны, ён спрабуе нешта змяніць. Магчыма гэта і добра, што яшчэ ёсць людзі не расчараваныя да канца, абсалютна".

←В Могилеве появился "муж на час", который помогает по хозяйству

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика