Дзіва ў Гомелі - пікет па зборы подпісаў
1 лютага кампанія "Гавары праўду" зладзіла ў Гомелі на Прывакзальнай плошчы пікет у падтрымку сваіх вылучэнцаў кандыдатамі ў мясцовыя саветы.
Гамельчукі, што ішлі паўз гандлёвы цэнтар "Старт", са зьдзіўленьнем глядзелі на стэнды з партрэтамі вылучэнцаў у кандыдаты мясцовых саветаў ад кампаніі "Гавары праўду", бо ў Гомелі мясцовы гарвыканкам ужо сем гадоў не дазваляе ніякія пікеты. І толькі падчас выбарчых кампаніяў ініцыятыўныя групы ставяць у людных месцах складныя столікі й стэнды з партрэтамі прэтэндэнтаў ці то на прэзыдэнцкі пост, ці то на месца ў прадстаўнічых органах улады.
Палітоляг кампаніі "Гавары прауду" Ігар Драко, які прыехаў у Гомель падтрымаць вылучэнцаў, тлумачыць: "Наша кампанія зарэгістравала ў выбарчых камісіях амаль паўтысячы ініцыятыўных групаў па збору подпісаў. Адпаведна столькі нашых прэтэндэнтаў маюць вылучыцца кандытамі ў дэпутаты ў мясцовыя саветы. Зараз мы езьдзім па ўсёй краіне, ладзім пікеты і прапануем падпісвацца за вылучэньне сваіх прадстаўнікоў у мясцовыя саветы".
У Гомелі, паводле інфармацыі мясцовага каардынатара кампаніі "Гавары праўду" Валера Сьляпухіна, зарэгістравана 23 ініцыятыўныя групы. Шасьцёра патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты прысутнічалі на зборы подпісаў на прывакзальнай плошчы. У іх ліку й Натальля Крывашэй, група якой зьбірае подпісы за вылучэньне яе кандыдатам у дэпутаты Гомельскага гарсавету па Чонкаўскай выбарчай акрузе:
"Падчас збору подпісаў выявілася дзьве надзённы праблемы ў згаданай акрузе. Гэта - разьбітыя дарогі і гаротны стан дзіцячых пляцовак у дварах. Пляцоўкі дзіцячыя зь пясочніцамі, калі й ёсьць у дварах, то імі найперш карыстаюцца сабакі й каты, а пасьля ўжо дзеці. Гэта ненармальна, бо пясочніцы, паводле правілаў ЖКГ, павінны закрывацца накрыўкамі. Нідзе гэтага няма, як няма й належнага ўпарадкаваньня дваровых тэрыторый".
Да пікету падыходзяць двое міліцыянтаў. Праз узмацняльнік гуку гомельскі актывіст Кастусь Жукоўскі запрашае іх таксама аддаць подпісы за дэмакратычных вылучэнцаў. Аднак міліцыянты адварочваюцца і адыходзяць далей.
У марозьлівы дзень зьбіраць подпісы на вуліцы наздвычай складана: халодны пранізьлівы вецер штурмуе наглядную агітацыю, а людзі хутчэй хаваюцца ў цяпло. Аднак некаторыя мінакі ўсё ж спыняюцца ля пікета і пагаджаюцца паставіць свой подпіс. У іх ліку й спадар Аляксей - ён толькі што падпісаўся за Валера Сьляпухіна.
"Я працаваў у адной арганізацыі зь ягоным бацькам - вельмі станоўчы і адказны чалавек. Думаю, што такім ён выхаваў і сына. І наагул, калі ў нас будуць дэпутаты зь ліку прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў, то й краіна наша будзе больш дэмакратычнай. Дэпутаты мусяць больш прыслухоўвацца да народу", - лічыць спадар Аляксей.
У нядзелю, 2 лютага, кампанія "Гавары праўду" ладзіць пікет па зборы подпісаў за сваіх прадстаўнікоў у Рэчыцы.