У Гомелі ўсклалі кветкі ў знак падтрымкі ўкраінцаў
У Гомелі прайшла акцыя салідарнасці з украінскім народам. Ля помніка паэту Тарасу Шаўчэнку быў ўскладзены букет кветак. Кіраўнік абласной арганізацыі Руху "За свабоду" Пятро Кузняцоў стаў першым гомельцам, які выказаў публічную падтрымку мітынгоўцам у Кіеве:
- Помнік Тарасу Шаўчэнку - гэта такое месца, якое мае сімвалічнае значэнне для беларуска-ўкраінскага суседства. Сюды я прынёс кветкі, каб прадэманстраваць салідарнасць з народам Украіны, які цяпер змагаецца не толькі за еўрапейскі выбар, але і за свабоду. Акрамя таго, кветкі - гэта ў памяць ахвяр, якія загінулі падчас трагічных падзей.
У сталіцы Украіны трэція суткі запар не суцішаюцца сутычкі дэманстрантаў з міліцыяй. У выніку жорсткага супрацьстаяння пацярпелі сотні чалавек, пяць чалавек загінулі. Сярод іх - 26-гадовы беларус Міхаіл Жызнеўскі, якога застрэліў невядомы снайпер.