Як старшыня камітэта па ахове здароўя Мінскага гарвыканкама Сірэнка сем хвілін круціў галавой у адказ на пытанні

Источник материала:  
17.01.2014 08:46 — Новости Общества

У журналіста "Нашай Нівы" атрымалася трапіць на прыём да старшыні камітэта па ахове здароўя Віктара Сірэнкі. Аднак адказы на свае пытанні ён так і не здолеў атрымаць. Чаму - чытайце далей.

У сераду 15 студзеня я перажыў незабыўныя хвіліны. Усё пачалося з жадання даведацца больш пра камісію, створаную 8 студзеня пры камітэце па ахове здароўя Мінгарвыканкама, якая разглядае парабаванні пратэстоўцаў з хуткай дапамогі.

Пра дзейнасць камісіі і яе прапановы вядома мала, і лагічным спосабам даведацца было задаць пытанне чалавеку з сістэмы - старшыні камітэта па ахове здароўя Віктару Сірэнку.

Звязацца з Сірэнкам сталася амаль немагчымай задачай. Ад самай раніцы да 3-й гадзіны дня, паводле адказу сакратаркі, яго не бывае ў офісе: Сірэнка ці ў Мінгарвыканкаме, ці ў Міністэстве аховы здароўя. Пасля 15-й ён прыходзіць у свой кабінет, але вельмі заняты і не можа адказаць. Такі стан доўжыцца ў сярэднім ад 15 да 25 хвілін. Пасля занятасць чыноўніка звычайна падаўжалася на 10 хвілін, па прашэсці якіх сакратарка пераставала браць слухаўку, а потым сканчаўся працоўны дзень…

Праз некалькі дзён стала ясна, што шансаў пачуць нават "без каментароў" ад Віктара Іванавіча няма. Але раптам з'явіўся промень надзеі: 15 студзеня - трэцяя серада месяца, а кожную трэцюю сераду месяца ў Сірэнкі абавязковы прыёмны дзень. Я зноў набраў нумар прыёмнай і папрасіў сакратарку запісаць мяне прыём, хоць загадзя быў гатовы да адказу "Прабачце, але месцаў няма". На дзіва, сакратарка паведаміла: "Магу запісаць вас на 15:00. Вам пасуе гэты час?".

У 14:45 у сераду са спісам пытанняў я сядзеў у прыёмнай Сірэнкі. Акрамя мяне - нікога. Сірэнкі не было таксама. Сакратарка папярэдзіла, што ён затрымліваецца на 15 хвілін. Падначаленыя Сірэнкі вельмі хацелі яго ўбачыць: яны заходзілі з інтэрвалам у хвіліну-дзве і пыталіся, ці не з'явіўся начальнік, бо трэба падпісаць дакументы. Сакратарка толькі ўздыхала: "Вы ж ведаеце нашага… Паляцеў некуды, нічога не сказаў…"

Трэба адзначыць, Сірэнка выявіўся пунктуальным і спазніўся роўна на 15 хвілін. Ён зайшоў у свой кабінет, каб распрануцца. Усе вакол замітусіліся. З'явілася жанчына, напэўна, намесніца Сірэнкі. Яна назвала нумар кабінета, у якім праходзіць прыём грамадзян. Яшчэ раз пацікавілася, якое выданне я прадстаўляю. Сірэнка і яго памочніца пайшлі першымі. Раптам да мяне падышла сакратарка і нібыта употай спытала: "У вас, спадзяюся, нейтральныя пытанні?" Я спытаў у адказ, што значыць "нейтральнае пытанне", аднак мне не адказалі.

У пакоі для прыёму за авальным сталом усеўся Сірэнка з памочніцай, насупраць пасадзілі мяне. Я дастаў тэлефон, уключыў дыктафон, паклаў яго перад сабой. Далей гутарка ішла наступным чынам:

- Добры дзень, Віктар Іванавіч, я журналіст "Нашай Нівы". Прыйшоў да вас на прыём, бо, на жаль, не змог датэлефанавацца. Я цікаўлюся лёсам пратэсту медыкаў хуткай дапамогі. Ці можаце вы расказаць пра нейкія вынікі працы камісіі?

Сірэнка моўчкі ківаў галавой.

- Прабачце?

Сірэнка працягваў ківаць і развёў рукамі.

- Прабачце, вы не хочаце адказваць на пытанне? Можаце, калі ласка, адказаць што-небудзь?

Сірэнка адмоўна пакруціў галавой.

- Мабыць, раскажаце пра сустрэчу з медыкамі 8 студзеня? Які бок быў ініцыяваў сустрэчу?

Сірэнка маўчаў.

-Добра. Можаце, калі ласка, расказаць пра склад камісіі? Якія спецыялісты ў яе ўвайшлі?

Сірэнка маўчаў.

- Ёсць яшчэ адно пытанне. Чаму ні на сайце камітэта па ахове здароўя, ні на сайце Мінгарвыканкама не з'явілася паведамленне пра стварэнне камісіі?

Наканец Сірэнка амаль шэптам сказаў: "Вы атрымаеце адказы ў пісьмовым выглядзе па адрасе, які ўказалі пры рэгістрацыі на сустрэчу".

Я пацікавіўся, якім чынам мне адкажуць на пытанні, якія нават не запісваюцца.

"Запісваюцца", - прашаптаў Сірэнка.

У наступны момант сакратарка моўчкі паказала рукой на купу рэчаў на стале. Там, паміж стосам нейкіх штодзённікаў і яшчэ чымсьці ляжаў дыктафон (пра які, дарэчы, не папярэдзілі згодна з "Законам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб"). Пры гэтым за некалькі хвілін да гэтага Сірэнка жэстамі запэўніваў, што любая фота і відэаздымка ў дадзенай сітуацыі забароненая (але якім законам гэта забараняецца, патлумачыў разводам рук у бокі).

Падчас размовы з Сірэнкам некалькі разоў мяне цягнула засмяяцца, бо сітуацыя нагадвала тэатр абсурду: перад мною сядзіць чыноўнік, адказны за ўсю ахову здароўя двухмільённага горада, якога я, як і мае бацькі і калегі, фінансую са сваіх падаткаў. І ён, нібыта дзіця, гуляе ў маўчанку, час ад часу ківае галавой і разводзіць рукі ў бокі.

Калі сур'ёзна, такі маналог з чыноўнікам - добрая ілюстрацыя ўсёй "адкрытасці" ўрада для грамадзян у цэлым і Міністэрства аховы здароўя ў прыватнасці. Нездарма Мінздароўя заняла першае месца ў леташнім рэйтынгу закрытасці міністэрстваў для СМІ. Аднак лепш карысней усё ж пасмяяцца, бо абурацца з кожнай такой з процьмы падобных сітуацый - здароўя не хопіць.

←Дайджесты. Анонсы. Даты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика