Гомельскі бяздомны мастак выстаўляе свае працы ў Нацыянальным музеі
Да адкрыцця выставы быў прымеркаваны паказ прысвечанай мастаку дакумэнтальнай стужкі "Скрыжаванне". Здымалася яна пад кіраўніцтвам рэжысэра Настассі Мірашнічэнкі мэтадам назірання на працягу году. Да сканчэння паказу ўсе працы Валерыя Ляшкевіча былі схаваныя ад вачэй прысутных газетнымі аркушамі. Фільм быццам бы ўвёў гледачоў у звыклы лад жыцця мастака, які ў выніку выкрунтасаў лёсу апынуўся на вуліцы і сваім домам абраў гомельскі чыгуначны вакзал.
Валерыя Ляшкевіча нельга назваць мастаком-самавукам. Ён усё ж вучыўся ў мастацкіх вучэльнях Яраслаўля і Бранску, наведваў курсы пры Дзяржаўнай акадэміі жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Санкт-Пецярбургу. У канцы мінулага стагодздзя ягоныя персанальныя выставы адбыліся ў розных расейскіх гарадах, пазней - у Гомелі, творы мастака знаходзяцца ў фондах розных беларускіх музеяў і ў прыватных калекцыях.
Пры гэтым усе асабістыя рэчы мастака, ягоныя творы і прылады для творчасці зьберагаюцца ў аўтаматычных камэрах захоўваньня на вакзале. Тут ён узімку і начуе, а летам - у гарадзкіх парках.
Мастак кіруецца прынцыпам: "Нельга рабіць тое, чаго не разумееш".
Ён ня любіць выставы, акрэсліваючы такія мерапрыемствы як пампэзныя. Штотыдня ён ходзіць у лазню - памыцца самому і памыць бялізну. Свае працы звычайна прадае на вуліцы, ладзячы своеасаблівыя выставы. Кажа: "Я - адзіны мастак, які гутарыць з гледачамі". І праўда, ён заўсёды знойдзе пра што пагутарыць з тымі, хто спыняецца каля ягоных незвычайных твораў, якія ён піша на тым, што трапіцца пад руку. Прадае іх па надта нізкіх коштах: ад 20 да 100 тысяч беларускіх рублёў. Праўда, папярэджвае, што большасць з іх - гэта копіі. А арыгіналы ўжо раз`ехаліся па розных краінах ды музэях.
Самы страшны для яго вораг - дождж. Тады і карцін ня выставіць (а гэта значыць - не зарабіць на фарбы, алоўкі ды вячэру), ні бялізну пасля лазьні высушыць, ні з людзьмі пагутарыць. Філосаф у жыцці і творчасці, ён ня надта зважае на ўмовы, у якіх жыве і працуе. Ягоная тэма - уладкаванасць свету, пытанне выбару ўласнай пазіцыі ў ім. І калі партрэтныя малюнкі Валерыя Ляшкевіча па стылістыцы адсылаюць нас у 20-я гады мінулага стагодздзя, дык ягоныя філасофскія прытчы-малюнкі наводзяць на роздум пра будучыню.
Мікола Паграноўскі, цяперашні дырэктар гісторыка-культурнага музею "Заслаўе", быў першым, хто звярнуў увагу на творчасць Валерыя Ляшкевіча. Пазнаёміўся ён з мастаком у Санкт-Пецярбургу ў 1992 годзе. У 1996 годзе часопіс "Мастацтва" надрукаваў вялікі артыкул Паграноўскага, прысвечаны творчасьці незвычайнага гомельскага мастака.
- Само жыццё Ляшкевіча - гэта ўжо ўнікальнасьць, - кажа Мікола Паграноўскі. - Можна параўноўваць яго з большасьцю айчынных мастакоў, якія нудзяць, што дзяржава ўвесь час ім нешта павінна: майстэрні, набываць творы, даваць ганаровыя званьні. Гэты ж чалавек ніколі не казаў, што дзяржава яму нешта павінна.
З вуснаў Міколы Паграноўскага ў фільме "Скрыжаванне" прагучала слова "геніяльнасць". Ён патлумачыў гэта наступным чынам:
- Усходнія мудрацы некалі казалі пра адрозненне проста таленавітага мастака ад мастака геніяльнага. Таленавіты чалавек - гэта той, хто лепш за іншых трапляе ў мішэнь. А геній - гэта той, хто трапляе ў тую мішэнь, якую ягоныя сучаснікі яшчэ ня бачаць. Дык вось, тыя, хто цяпер жыве поруч з Ляшкевічам, яшчэ не разумеюць, што ён робіць. Так, яму часам могуць сказаць нейкія абразлівыя словы, але Валеры ніколі ні з кім ня сварыцца. Ён проста жадае данесці да іншых тое, што ён мае на ўвазе і што паказвае ва ўласных творах.
Выстава твораў мастака будзе працаваць да 27 студзеня. Сам Валеры Ляшкевіч прысутнічаў на адкрыцці ўласнай выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі. Хочацца спадзявацца, што ён застаўся на ноч у Менску. Не на вакзале, а ўпершыню за многія гады меў магчымасьць паспаць на звычайным ложку.