Абменнік на «замку»
Бабруйскi мяняла адкажа за продаж валюты.
Як аказалася, пяцідзесяцігадовы валютчык працаваў з размахам. Яго затрымалі ў час абмену зямлячцы 27 тысяч долараў ЗША. Супрацоўнікі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Беларусi па Магілёўскай вобласці і УБЭЗ УУС Бабруйскага гарвыканкама ўстанавілі, што афіцыйна грамадзянін нідзе не працаваў, але скупкай, продажам і абменам валюты займаўся на «прафесійнай» аснове.
— Пры гэтым за «левыя» валютныя аперацыі неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, — гаворыць намеснік начальніка УДФР КДК Беларусі па Магілёўскай вобласці Аляксандр Шаройкін. — Больш таго, меў нават пастаянных кліентаў!
Акрамя прадмета здзелкі, у валютчыка выявілі розныя замежныя банкноты на 550 мільёнаў рублёў. Бабруйчаніну прыйдзецца выплацiць штраф каля 100 базавых велічынь з канфіскацыяй грошай.