Лябедзька: у Беларусі як не было суда з 1996 года, так і няма зараз

Источник материала:  
14.01.2014 20:10 — Новости Общества


14 студзеня суд Савецкага раёна Мінска прыняў рашэнне, адпаведна якому лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька аштрафаваны на 45 базавых велічынь (5 млн. 850 тыс. рублёў) па абвінавачанні ў парушэнні парадку правядзення масавых акцый.

Лябедзька прызнаны вінаватым у правядзенні несанкцыянаванай акцыі 5 студзеня, калі разам з сустаршынёй кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктарам Карняенкам збіраў подпісы за адмену аўтапошліны і адстаўку ўрада.

«Відавочна тое, што у грамадзян Беларусі як не было суда, пачынаючы недзе з 1996 года, так і няма па сённяшні дзень, — заявіў палітык. — Гэта азначае, што тут могуць сябе пачуваць абсалютна камфортна забойцы, насільнікі, педафілы, той, хто хлусіць. А вось нармальны чалавек будзе адчуваць сябе дыскамфортна, таму што, калі ён па той бок палітычных барыкад, ён заўсёды застанецца вінаваты».

Пры гэтым Лябедзька заявіў, што ніякай віны за сабой не адчувае, што мае намер і далей збіраць подпісы за адмену аўтапошліны і адстаўку ўрада, «бо толькі змена ўлады зможа змяніць у лепшы бок сітуацыю ў Беларусі».

«Сёння для Аляксандра Лукашэнкі купляюць залаты посуд — пра гэта піша прэса, — працягвае Лябедзька. — А рамантаваць апорны пункт аховы правапарадку, дзе смярдзіць, дзе ўсё абвальваецца, няма за кошт чаго. Вось яны вырашылі ўзяць з апазіцыі 4,5-5 мільёнаў рублёў і там, можа, зрабіць рамонт. Ну давайце хоць так дапаможам тым, хто не можа арганізаваць працу так, каб у нас міліцыя была міліцыяй, суд — судом, каб працавалі яны ў камфортных умовах і заўсёды на карысць чалавека».

Лідар АГП лічыць, што самы галоўны вынік з усяго, што адбылося, будзе, калі да кампаніі па зборы подпісаў далучацца новыя людзі. «Не вырашыць за вас вашы праблемы ні апазіцыя, ні Лябедзька — давайце самаарганізоўвацца, мы вам у гэтым гатовы дапамагчы», — заявіў палітык.



Василий СЕМАШКО
←В Минске может появиться космическое кафе-ресторан

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика