Супраўнікі ДАІ ў Віцебску робяць кантрольныя рэйды ў маршрутках
Каля дваццаці вадзіцеляў таксі летась папаліся ў нецвярозым стане за рулём супрацоўнікам ДАІ Віцебшчыны.
Паводле інфармацыі ўпраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама, сярод такіх таксістаў былі і вадзіцелі маршрутных таксі. Адзін з іх, які працаваў у Віцебску, перад паездкай, можна сказаць, добра адсвяткаваў Дзень аўтамабіліста. Адправіўся на аўто па маршруце без абавязковага перадрэйсавага медыцынскага агляду, пуцявога ліста… Нецвярозы кіроўца ўчыніў дарожна-транспартнае здарэнне.
Размовы падчас паездкі па мабільным тэлефоне, большая, чым дазваляецца ў канкрэтна ўзятым аўто, колькасць пасажыраў - тыповыя парушэнні кіроўцаў маршрутак. Каб дадаткова дысцыплінаваць вадзіцеляў "грамадскіх таксі", супрацоўнікі ДАІ ў цывільным ажыццяўляюць спецыяльныя кантрольныя рэйды. Яны едуць у маршрутках у якасці пасажыраў і падчас паездкі фіксуюць усе парушэнні. Як канстатуюць у вышэйзгаданым упраўленні, такія прафілактычныя акцыі вельмі эфектыўныя. У прыватнасці, вінаватыя вадзіцелі потым расказваюць калегам па мабільніку аб "небяспечных пасажырах". І, несумненна, падчас наступнай паездкі "падстрахуюцца", бо невядома, хто са звычайных пасажыраў можа аказацца "кантралёрам".
Толькі ў абласным цэнтры каля 200 маршрутак. Прыемна, што парк гэтых таксі маладзее. У прыватнасці, у Віцебску перавозяць пасажыраў каля трох дзясяткаў новых маршрутак, якія параўнальна нядаўна пачалі абслугоўваць пасажыраў.