"Хлопчыкі па выкліку": у Мінску з'явіліся валанцёры, гатовыя дапамагаць дзяўчатам і абараняць іх
Новыя "цімураўцы": хлопцы-валанцёры гатовыя правесці дзяўчат з кропкі А ў кропку Б у позні час або дапамагчы данесці цяжкія торбы. Робяць яны гэта цалкам бясплатна і ад душы. Наколькі Мінск небяспечны горад? І ці гатовыя ўдзельнікі дзвіжухі праводзіць хлопцаў? Мы пагутарылі са стваральнікамі пабліку "Старэйшы брат".
"Гэта Руслан, ваш валанцёр"
Для таго каб цябе, далікатную і самотную, правялі дадому, дастаткова напісаць адміністратару пабліку і запоўніць невялікую анкету, пазначыўшы час, месца, шлях руху і нумар тэлефона. Раблю ўсё неабходнае, каб на наступны дзень хтосьці правёў мяне ад метро да дома. Праз паўгадзіны прыходзіць паведамленне: заяўка прынятая, заўтра патэлефануе "мой" валанцёр.
За 10 хвілін да сустрэчы званок: "Гэта Руслан, ваш валанцёр. А ты дзе? Паспяваеш? Я з велізарнымі зялёнымі навушнікамі". Пры сустрэчы Руслан удакладняе, куды нам трэба ісці і чаму так тэрмінова спатрэбілася дапамога. Агучаная легенда (пару дзён таму ніяк не магла адчапіцца ад хлопцаў, якія брутальна падкацілі на асветленай алеі бульвара Талбухіна) нават мне здаецца не такой ужо і праўдападобнай. Руслан, недаверліва хмыкнуўшы, прапаноўвае ў выпадку чаго тэлефанаваць яму наўпрост.
Хлопец кажа, што вучыцца на 4-м курсе БДУІР, падзарабляе грошы апрацоўваннем фота запчастак для аўто, але вольнага часу ў яго шмат, а людзям дапамагаць цікава. "Важна сабраць у гэтым пабліку разам не тых, хто хоча дапамагаць іншым, а тых, каму патрэбная гэтая дапамога", - дадае ён.
"Старэйшы брат" не быў запланаваны як клуб знаёмстваў"
На наступны дзень сустракаемся з заснавальнікамі і каардынатарамі суполкі. Іх двое - Насця, другакурсніца БНТУ, і Аляксей, агент па збыце.
Прамяніста ўсміхаючыся, Насця кажа, што ідэю падглядзела ў Расіі: падобныя кам'юніці з праважатымі існуюць, напрыклад, у Маскве і Піцеры. "Думала: ну вельмі ж класная ідэя. Чаму ў нас такога няма?" - кажа дзяўчына.
Праз нейкі час Насця спісалася з адной з расійскіх груп, атрымала дазвол на мінскую "франшызу" і 12 снежня заснавала суполку. За першы дзень на старонку падпісаліся каля сотні карыстальнікаў, цяпер колькасць удзельнікаў ужо пераваліла за 500.
Даволі хутка ўдалося сабраць каманду з валанцёраў-праважатых - кожнага новага патэнцыйнага "цімураўца" старанна правяраюць. "Да кожнага індывідуальны падыход. Мы просім іх прыслаць пашпартныя звесткі, высвятляем, ці ёсць прывады ў міліцыю, праводзім інструктаж аб недапушчэнні нашэння халоднай зброі", - кажа Аляксей.
Цяпер у камандзе 20 хлопцаў, ад 18 да 27 гадоў. Большасць з іх - знаёмыя ці знаёмыя сяброў.
"Старэйшы брат" не быў запланаваны як клуб знаёмстваў, - адказвае на яшчэ не агучанае пытанне Аляксей. - І мне здаецца, хлопцы-валанцёры, якія зацікавіліся праектам, гэта выдатна разумеюць. Але ж людзі сустракаюцца, знаёмяцца, і калі адбудзецца так, што валанцёр і дзяўчына спадабаюцца адно аднаму, не бачу ў гэтым нічога дрэннага".
"Паспрабую натхніць, зрабіць з яго мужчыну"
Цікава, што дзяўчаты пакуль не вельмі актыўна карыстаюцца новай паслугай і дадаюцца ў суполку хутчэй "на будучыню" і "на ўсялякі выпадак". Можа, таму, што Мінск даволі бяспечны горад? "Напэўна, ніводзін буйны горад не можа быць цалкам бяспечным, і Мінск не выключэнне, - кажа Аляксей. - Які раён самы небяспечны? Думаю, не варта вешаць ярлыкі, усюды можа адбыцца нейкая непрыемнасць. Небяспечныя ж не раёны самі па сабе, а людзі".
Пытаюся, ці будуць валанцёры дапамагаць з торбамі хлопцам ці праводзіць іх, калі хто-небудзь звернецца па дапамогу. "Не думаў, што такі зварот можа быць", - задумваецца Аляксей. Насця дадае: "Я буду гатовая сустрэцца з такім хлопцам. Пазнаёмлю яго са сваімі спартыўнымі сябрамі, паспрабую натхніць, зрабіць з яго мужчыну".
Стваральнікі суполкі "Старэйшы брат" кажуць, што плануюць развіваць розныя кірункі сваіх "добрых спраў". І кажуць, што ўжо цяпер да іх можна звяртацца па хуткую юрыдычную кансультацыю: "Цяпер з намі супрацоўнічаюць два юрысты, гатовыя бясплатна разгледзець розныя звароты, бо спецыялізуюцца ў розных галінах права".
Насця і Аляксей дадаюць, што будуць рады падзяліцца сваім досведам, калі нехта захоча арганізаваць такую суполку ў іншых гарадах Беларусі. Магчыма, ёсць такія кропкі на мапе краіны, дзе мясцовым дзяўчатам яна сапраўды патрэбная як паветра.
Суполка "Старэйшы брат"