Віцебскія таксісты зрабілі кліентам навагодні падарунак - двайны тарыф
У першы дзень гэтага года віцебскія таксі перавозілі пасажыраў па двайным тарыфе. Гэта стала непрыемным сюрпрызам для гараджан і гасцей горада.
Наш чытач папрасіў удакладніць: ці мелі рацыю ў службе таксі "Блюз", калі канстатавалі, што паездка будзе каштаваць у два разы даражэй, чым звычайна? І гэта 1 студзеня, каля 16.00! Не ноччу ж!
- А як жа быць з паказаннямі таксометра, дзе па логіцы павінны быць "замацаваны" канкрэтныя тарыфы? Мне знаёмы таксіст расказваў, што там нельга нічога мяняць. І ніякіх "навагодніх" тарыфаў быць не павінна! Па такой логіцы, можна ў навагоднюю ноч запалку прадаваць даражэй, чым увесь пачак? І роды жыхароў замежжа 31 снежня - 1 студзеня прымаць па двайным тарыфе! - эмацыянальна разважаў жыхар абласнога цэнтра.
Дарэчы, аўтар гэтых радкоў таксама вечарам 1 студзеня пачуў ад дыспетчара яшчэ адной службы таксі - "184" ("Сямейнае") - што за паездку трэба будзе заплаціць удвая даражэй.
У Камітэце дзяржкантролю параілі патэлефанаваць у транспартную інспекцыю. У апошняй канстатавалі, што не кантралююць тарыфы перавозкі пасажыраў. Але ж, каб павысіць цану, безумоўна, нейкія абгрунтаванні павінны быць. Аднак ніякага афіцыйнага ліста ў інспекцыі няма. Пачуў параду патэлефанаваць у аблвыканкам.
У аддзеле транспарту і камунікацый Віцебскага аблвыканкама ўважліва выслухалі і параілі звярнуцца… у Камітэт дзяржаўнага кантролю або гарвыканкам. Маўляў, у іх кампетэнцыі праверыць…
Калі дапісваўся гэту інфармацыю, зноў патэлефанаваў чытач. Я паабяцаў яму адправіць пісьмовы зварот у гарвыканкам ці аблвыканкам, каб у выніку праверкі растлумачылі законнасць павышэння тарыфу паслуг таксі ў першы дзень новага года.