Не любіць іх проста нельга!

Источник материала:  
Нехта можа нават пасмяяцца: «Выдумалі ж, дзівакі, такое. Паслухалі казку, быццам падкова прыносіць шчасце! Аднак у гэта паверыў аднойчы дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Анатоль ПАЧОПКА. І — не памыліўся!

На абласной жывёлаводчай выставе не радзеў натоўп каля сівагрывага магутнага каня Хеляспона.

— Багатыр!

— Тону лёгка павязе.

— А дзве не хацеў?!

— І дзе толькі такога выкапалі?!

Коньмі ў «Залатой падкове», а гаспадарка называлася тады «17 верасня», пачалі займацца дваццаць гадоў таму назад. Спакваля давялі статак да сотні жывёлін. Дзякуючы карпатлівай племянной рабоце, выгадавалі зайздросных скакуноў, якія сталі ўдзельнічаць у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. А сёлета Віталь Чараднік, сын трэнера Наталлі Бутыльскай, заваяваў на кані Альманаху ліцэнзію на адкрыты юнацкі чэмпіянат Еўропы ў Іспанію, дзе было сабрана 98 каманд з усяго свету. Калі нагадаць, што беларусы трапілі на падобны турнір пасля перапынку ў 22 гады, то ўжо гэта быў поспех. А Віталь прайшоў там нават у другі тур.

— За Альманаха давалі 25 тысяч еўра. Але ж хто будзе аддаваць такога прыгажуна за такую смешную цану?!

— Коней з «Залатой падковы» ахвотна купляюць Санкт-Пецярбург, Масква. Перабраліся яны і за акіян, у Амерыку.

Аднак самы значны прыбытак прыносяць пакуль што так званыя рабочыя канякі, якія замяняюць на фермах трактары пры падвозе і раздачы кармоў і тым самым эканомяць гаспадарцы ў месяц на салярцы да ста мільёнаў рублёў.

ААТ «Залатая падкова» з году ў год у тройцы прызёраў па малаку, мясу, ураджайнасці зерневых.

Не абыходзіцца ў таварыстве і раёне ніводнае свята без удзелу коней з «Залатой падковы». Ахвотна наймаюць коней і на вяселлі. Пачалося гэта аднойчы з просьбы пляменніка дырэктара Аляксея Пачопкі, які пажадаў ехаць вянчацца ў царкву менавіта на конях. Дасталі тады прыгожую старадаўнюю збрую, пачапілі званочкі, аздобілі павозкі. Іншыя тры пары прыкацілі на «Мерседэсах». Але як пабачылі такі цуд, то адразу забыліся пра свае шыкоўныя машыны, сталі фатаграфавацца каля буланых «Залатой падковы».

А перад самым Новым годам каня па клічцы Малютка прывялі на ёлку ў райцэнтры. Што там рабілася, не перадаць словамі.

 Анатоль Пачопка на пытанне, адкуль у яго такая любоў да коней, прызнаецца:

— З дзяцінства. Яны такія адданыя, высакародныя, моцныя, што іх проста нельга не любіць. Па тэлевізары магу прапусціць усё, акрамя канкура. Словам, гляджу ўсё, што звязана з коньмі!

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

←Приходит время «цифры»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика