“Жалезную лэдзі” зрабілі ў Вілейцы
ёлка “Жалезная лэдзі”
У раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стварылі незвычайную ёлку – металічную. Атрымала яна назву “Жалезная лэдзі”.Зроблена ёлка з дроту, шасцярэнькаў, трансфарматараў ды іншых запчастак. Ёлку ўпрыгожылі бліскаўкамі, прымацавалі святлодыёдную стужку.
Ідэя стварэння такой ёлкі ўзнікла ў намесніка дырэктара цэнтра Наталлі Рыжэвіч.
Вырабілі ёлку навучэнка гуртка "Вясёлка" Вераніка Мацясовіч і Андрэй Міхалёў з гуртка “Авіямадэляванне”. На Андрэі быў тэхнічны бок вырабу: пад кіраўніцтвам метадыста Анатоля Прыца ён рабіў каркас, прымацоўваў дэталі. А Вераніка занялася ўпрыгожваннем ёлкі.
Старанне дзяцей адзначылі на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу "Ёлка – як арт-аб'ект". У конкурсе ў дзвюх намінацыях удзельнічалі каля сотні прац. “Жалезную лэдзі” адзначылі Дыпломам першай ступені ўпраўлення адукацыі аблвыканкама ў намінацыі “Сувенірная ТэхнаЁлка” .
Ёлка з Вілейкі разам з лепшымі вырабамі з Мінскай вобласці накіраваная на выставу ў Рэспубліканскі цэнтр тэхнічнай творчасці навучэнцаў.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота забяспечана Наталляй Рыжэвіч.