У Баранавічах шукалі лепшага ахоўніка сярод беларускіх ваўкадаваў
Туркменскі Алабай. Ён жа - сярэднеазіяцкая аўчарка ці ваўкадаў. Адна з буйнейшых парод, якая раней выкарыстоўвалася дзеля аховы авечых статкаў. Знайсці зараз працуючага "па прафесіі" сабаку амаль немагчыма. Таму, каб захаваць пароду і не губляць яе ахоўных якасцей, некалькі разоў на год проводзіцца так званая "прытраўка" - сабак тэстуюць на здольнасць супраціву ворагу і цярпенне да болю. Толькі замест ваўкоў - іх суродзічы.
Сёлета месцам сустрэчы аматараў Алабая сталі Хаткі - база на жывапісным беразе аднайменнага возера. І хоць пачатак быў запланаваны на 11 гадзін, прыехалі яшчэ не ўсе - стаянка працягвае поўніцца машынамі. На нумарных знаках бачна ўся геаграфія Беларусі, а праз шкло абыякава паглядаюць удзельнікі.
Усё як на сапраўдных спаборніцтвах - перад пачаткам сабак узважваюць, каб вызначыцца з парамі. Некаторыя лёгка ідуць на шалі… А кагосьці ледзь зацягваюць утрох. Вага удзельнікаў у сярэднім - болей за цэнтнер. У самцоў даходзіць амаль да 70 кг.
На нейкі час агульную ўвагу захапляе самы малодшы чацвераногі. Уладальнік абяцае, што Масад - імя гадаванца, абавязкова стане чэмпіёнам.
Яшчэ праз некалькі месяцаў ён вырасце да памераў дарослых сабак. А на маё здзіўленне - Як жа такога пракарміць? - дасведчаны гаспадар спяшаецца пераканаць у зваротным:
- Ядуць сярэднеазіяты мала. У параўнанні з лабрадорам, напрыклад, разы ў два менш дакладна. Прыродай так закладзена - стагоддзямі яны жылі ўпрогаладзь!
Тым часам пары вызначаны, неўзабаве пачнецца самае цікавае. Называюцца мянушкі сабак - на пляцоўку запрашаюцца ўдзельнікі.
Далёка не ўсе жадаюць вызначаць лепшага - пасля абнюхвання яны вяртаюцца да сваіх уладальнікаў. Нічога не зробіш, трэба выклікаць наступную пару.
Вось сышліся дзве самкі. Спаборніцтва кароткае, ужо праз некалькі секундаў адна падае голас. Сабак у той жа момант разнімаюць.
Пакуль яго сабака адпачывае пасля паядынку, аб сутнасці барацьбы мне распавядае Ігар - адзін з удзельнікаў:
- Разумееце, відэа з такіх мерапрыемстваў трапляе ў сетку, і на яго глядзяць, як на сабачыя баі. Але гэта падмена паняццяў - сабачыя баі, гэта калі прысутнічае таталізатар, людзі атрымліваюць грошы, а сабак ніхто не шкадуе. Часта яны б'юцца насмерць і загінаюць, як, напрыклад, у баях пітаў (пітбультэр'ер - А.Г.). А мы ж тут не жывадзёры сабраліся. Існуюць правілы - калі ўладальнік бачыць, што яго гадаванец пакутвае, ці яму балюча - ён у любы момант можа прыпыніць сустрэчу. Як толькі сабака падаў голас - мы адразу іх спыняем.
Ігар працягвае:
- А то бывае так, што на нейкай выставе сабаку пазіцыянуюць як чэмпіёна. А хто ведае, мо ён, сустрэўшыся ў воўкам, узяў бы да і збег? Той сабака, які скучоліць ці не хоча біцца - непажаданы для працягу рода. Вось каб не адбылося выраджэнне пароды, мы час ад часу сустракаемся ў такіх спаборніцтвах.
Адметная рыса ўсіх жывёл - ні на водным з іх няма наморднікаў. Вельмі лаяльна яны ставяцца да незнаёмых людзей, калі побач няма чаго ахоўваць - лёгка пазуюць на аб'ектывы і даюць сябе гладзіць.
Амаль да любой можна падысці без страху, што яна на цябе кінецца. Уладальнікі смяюцца, што не трэба рызыкаваць, калі сабака знаходзіцца на сваёй тэрыторыі, перш за ўсё, ён - ахоўнік.
Пасля заканчэння ўсіх паядынкаў пераможцаў узнагароджваюць граматамі - сведкамі якасці. Але і на тых, што прайгралі, ніхто не ставіць таўро, бо галоўнае - гэта сіла духу.
Сабакі адпачываюць каля дрэў, а людзі ідуць абмяркоўваць падзеі дня ў цяпло. У наступны раз яны сустрэнуцца толькі ў надыходзячым годзе.