Беларуская мова застаецца падчаркай у сістэме адукацыі
Ніводнага ўніверсітэта на беларускай мове і скарачэнне колькасці дзяцей, якія на ёй вучацца –– вось становішча, у якім апынулася мова ў сістэме адукацыі. У дакладзе аб дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі «За паўгадзіны да вясны» адзначаецца дыскрымінацыйнае стаўленне да мовы ва ўсіх грамадскіх сферах.
Фота svaboda.org
Зараз у Беларусі абмяркоўваюцца Кодэкс аб адукацыі і магчымыя змены ў напрамку Балонскага працэсу. Таварыства беларускай школы (ТБШ) распрацавала прапановы па ўдасканаленню адукацыйнага заканадаўства і яшчэ ўвесну накіравала іх старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Генадзю Пальчыку.
Калі ў нас ідзе гаворка пра мадэрнізацыю адукацыі, адзначыла старшыня Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч, больш увагі аддаецца якасці адукацыі, яе адпаведнасці міжнародным стандартам. Соцыякультурная місія адукацыі да ўвагі амаль не прымаецца.
«Адукацыя — гэта не сфера паслуг, а наймагутнейшы сродак пабудовы грамадзянскай супольнасці, захавання і перадачы нацыянальна-культурных каштоўнасцяў, захавання незалежнасці краіны. Калі адукацыя не выконвае гэтую місію, яе развіваць не мае сэнса. На выніку мы будзем мець якасную падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў для больш багатых краінаў», — лічыць Тамара Мацкевіч.
Такім чынам, каб мадэрнізаваць адукацыю, трэба вызначыцца з мэтай. Таварыства беларускай школы бацыць мэту ў стварэнні канкурэнтаздольнай сістэмы адукацыі, «якая б забяспечыла перпектывы беларускай нацыі і дзяржавы, магла б садзейнічаць пераадольванню сацыяльна-эканамічных і палітычных праблем, духоўнага крызісу ў Беларусі і спрыяць стварэнню грамадзянскай супольнасці».
Зараз у Беларусі, лічыць старшыня ТБМ, назіраецца імітацыя савецкай сістэмы адукацыі. Сярод прымет гэтага Тамара Мацкевіч назвала скарачэнне гадзін вывучэння беларускай мовы, а таксама прадметаў, якія развіваюць логіку і мысленне, знішчэнне профільнага навучання. Ідэалагізація адукацыі назіраецца як у наяўнасці ва ўстановах адукацыі аддзяленняў праўладных арганізацый, удзел у якіх амаль абавязковы для ўсіх вучняў, так і ў змесце падручнікаў.
Моўна-культурны кампанент у адукацыі не адпавядае запісанаму ў Канстытуцыі, якая гарантуе юрыдычную роўнасць абедзвюх дзяржаўных моў, лічыць Тамара Мацкевіч.
Па дадзеных ТБШ, у садках займаюцца па-беларуску 12% дзяцей, у сярэдніх школах — каля 18%, у сярэдніх спецыяльных навучальных установах і ўніверсітэтах — меньш за 1%. Пры гэтым большасць школ з беларускай мовай выкладання знаходзяцца на вёсцы, але значную колькасць прадметаў вучні вымушаны вывучаць на рускай мове, бо няма неабходнай колькасці падручнікаў і дыдактычнага матерыялу.
«Рэальнага выбару мовы адукацыі ў Беларусі практычна няма, –– лічыць Тамара Мацкевіч. –– Бацькоў ставяць перад фактам, мову выбіраюць не яны, а ўстанова адукацыі. Так, Кодэкс аб адукацыі, які зараз дзейнічае, фактычна адвяргае выбар мовы. Між тым бацькі не павінны змагацца за права дзяцей навучацца на беларускай мове, шукаць неабходную кольскасць іншых патэнцыяльных вучняў, якія хочуць вучыцца на беларускай мове. Гэта права павінна быць гарантавана дзяржавай на ўсіх узроўнях адукацыі».
Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі на пачатак гэтага навучальнага года на рускай і беларускай мовах навучалася 14% усіх навучэнцаў, на беларускай мове — каля 1%. Ва ўстановах вышэйшай адукацыі гэтыя паказчыкі склалі адпаведна 37% і 0,9%.
У Беларусі няма моўнай стратэгіі, якая б абараняла беларускую мову, –– адзначае Тамара Мацкевіч: «Беларуская мова ў Беларусі знішчаецца як з устаноў адукацыі, так і з ужытку».
Мацкевіч спаслался на вынікі даследавання якасці адукацыі з пункту гледжання кампетэнтнаснага падыходу PISA: «Першымі у рэйтынгу апынуліся краіны, якія абапіраюцца на нацыянальныя каштоўнасці ў адукацыі. Моцная нацыя = моцная адукацыя і наадварот. Так, Польшча і Эстонія абагналі больш багатых Германію, Велікабрытанію і Францыю. Расія, на якую нас арыентуюць, знаходзіцца ў ліку стабільна адсталых краінаў і займае 28-е месца з 35 даследаваных у Еўропе».
Даследчыкі PISA зрабілі вынік, што найлепшыя вынікі паказваюць краіны, якія зрабілі стаўку на павышэнне прафесіяналізму настаўнікаў. Школы з большай аўтаноміяй, як правіла, працуюць лепш, чым школы з меньшай свабодай, якія з’яўляюца часткай вертыкальных сістэм і маюць больш механізмаў справаздачнасці.
Беларусь пакуль не ўдзельнічае ў міжнароднай сістэме ацэнкі якасці адукацыі PISA, якая ўжываецца ў больш за 60 краінах, у тым ліку Азербайджане, Расіі, Малдове, краінах Балтыі.
Праваабаронцы лічаць, што беларускамоўнае насельніцтва ў Беларусі дыскрымінуецца.
У дакладзе аб дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі «За паўгадзіны да вясны» адзначаецца, што беларуская і руская мовы не выкарыстоўваюцца ў роўнай ступені ў грамадстве, што звужае магчымасці тых беларусаў, якія аддаюць перавагу мець зносіны ў публічнай сферы на беларускай мове, а сам такі моўны выбар увязваецца з апазіцыйнай палітычнай дзейнасцю. Соцыялінгвістычная сітуацыя ў краіне разам з асаблівасцямі дзяржаўнай моўнай палітыкі могуць ставіць беларускамоўных жыхароў у няроўнае становішча з рускамоўнымі ў розных галінах грамадскага жыцця, а ў адукацыі асабліва.
Кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак на преэзентацыі даклада адзначыў, што ў сферы адукацыі дыскрымінацыя адбываецца з большай відавочнасцю. У сучаснай Беларусі няма ні воднай вышэйшай навучальнай установы, дзе б усё навучанне ажыццяўлялася толькі на беларускай мове. «Гэта ўплывае на выбар бацькамі мовы навучання для сваіх дзяцей, асабліва ў старэйшых класах школы. І гэта ёсць адлюстраванне моўнай дыскрымінацыі», –– падкрэсліў Алег Гулак.
Цікавасць да рускай мовы нязменна ўмацоўваецца палітычнай і эканамічнай арыентацыяй цяперашняга беларускага кіраўніцтва на Расійскую Федэрацыю.
Дададзім, што даклад канстатуе яшчэ адну праблему –– неабходнасць беларускай мовы канкураваць не толькі з рускай у грамадскай сферы, але і з трасянкай. У дакладзе адзначаецца, што з улікам цяперашняй моўнай сітуацыі і пасіўнай моўнай палітыкі ўладаў у трасянкі ёсць магчымасці стаць аўтаномнай мовай і нават канчаткова замацавацца ў якасці другой асноўнай (разам з рускай) мовы ў гарадскім асяроддзі.
Алена СПАСЮК