У Віцебску затрымалі каля 30 аматараў панк-музыкі
Як паведамляе "Наша ніва", у абласным цэнтры на вакзале маладых людзей чакалі людзі ў цывільным, супрацоўнікі АМАПу і міліцыі. "Нас завялі ў апорны пункт. Там сказалі, што мы не затрыманыя, а знаходзімся тут для ўласнай бяспекі, бо нібыта на вуліцы стаяць 30 мясцовых фанатаў-нацыстаў, якія хочуць нас пабіць. Мы спрабавалі даведацца, чаму затрымліваюць менавіта нас, тых, хто проста прыехалі слухаць і граць музыку, а не тых, хто нібыта спрабуе збіць. Але не атрымалі адказ", - распавёў "Нашай ніве" адзін з затрыманых.
Хлопцам толькі сказалі, што канцэрт адмянілі. Выходзіць у горад ім забаранілі. І загадалі пакінуць яго менавіта ў гэты ж вечар. На зваротныя цягнікі дадому юнакі садзіліся таксама пад наглядам міліцыі.
Атрымаць каментар ад праваахоўных органаў пакуль не ўдалося.